Нашэсце Пінгфінаў. Знаёмства са стартапам выпускніцы БДУ

3 Oct, 2017.

Нясумная сустрэча з айчынным стартапам прайшла 27 верасня ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Студэнты старэйшых курсаў даведаліся пра тое, куды сыходзяць грошы, як правільна іх траціць і эканоміць. У гэтым дапамагла разабрацца выпускніца Інстытута журналістыкі БДУ Юлія ЛАКАТКОВА, якая кіруе камандай новага праекта “Пінгфін”.

Раней Юлія сама сядзела ў такой аўдыторыі корпуса на Маскоўскай, калі тут размяшчаўся журфак. Зараз яна ўжо выступае перад студэнтамі ІБМТ і распавядае пра свой праект. На сустрэчы абмяркоўвалі тое, што эксперты ў бізнес-псіхалогіі даўно выявілі пэўны набор звычак і рысаў, якія дапамагаюць стаць паспяховымі. Адзін з такіх навыкаў – планаванне фінансаў. Заможныя людзі ведаюць, колькі яны зарабляюць і выдаткоўваюць. Па словах Юліі, галоўны герой сустрэчы “Пінгфін” – гэта першы мабільны дадатак, які дазволіць зэканоміць грошы. Аналагаў няма не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Вось ужо год над яго ўдасканаленнем працуе каманда з 5 чалавек. Таксама адзначым, што на сёння гэты стартап з’яўляецца ўдзельнікам праекта АНТ “Мой бізнес”. Пра ідэі стварэння дадатку Юлія распавядае так:

— У мяне некалькіх банкаўскіх картак. Хоць тэлефон заўсёды пад рукой, але, на жаль, не ва ўсіх банкаў ёсць мабільныя дадаткі. Падумала, што было б нядрэнна праглядаць агульны баланс усіх картак, бачыць свае выдаткі. Патрэбны быў памагаты, які змог бы аб’яднаць усе аплатныя карты і прааналізаваць струмень грашовых сродкаў на іх.

Як працуе дадатак? Ён не будзе запытваць лагіны і паролі ад банкаўскіх акаўнтаў, у яго не будзе доступу да рахункаў. Важна, каб былі падлучаны смс-абвесткі пра прыходна-расходныя аперацыі. Менавіта праз іх “Пінгфін” і будзе даведвацца ўсю неабходную яму інфармацыю бяспечным спосабам. Пры гэтым плаціць за ддатак не трэба, рэкламы няма.

— Мы хочам, каб людзі маглі зразумець, куды сыходзяць іх грошы, – тлумачыць Юлія Лакаткова. – З дадаткам “Пінгфін” можна ў адзін клік праверыць баланс усіх сваіх банкаўскіх картак, статыстыку выдаткаў за любы перыяд і дакладна ацаніць свой бягучы фінансавы стан. Акрамя гэтага разумны дадатак будзе даваць парады па выкарыстанні банкаўскіх картак, а пры неабходнасці падкажа, дзе аформіць выгадны крэдыт. Апроч гэтага ў руках карыстальніка апынуцца персанальныя зніжкі ад партнёраў дадатку.

За сваю фінансавую пісьменнасць і правільныя адказы ў віктарыне студэнты атрымалі прызы: флэшку на 8 Гб, майку і кубак з лагатыпам “Пінгфіна”. Адказвалі на пытанні пра тое, як паменшыць рызыку страты грошай пры інвеставанні. Казалі пра крэдыты і дэпазіты. Вырашалі простыя фінансавыя задачкі пра памер фінансавай падушкі бяспекі сям’і ці пра тое, колькі часу беларускаму настаўніку трэба збіраць на аднапакаёвую кватэру ў Мінску. Адгадвалі, колькі банкаў у Беларусі і калі ў краіне з’явіўся першы банкамат.

На гэтым, вядома, падарункі не скончыліся. Прэзенты змогуць атрымаць нават тыя, хто не быў на сустрэчы. Напрыклад, калі ўвесці спецыяльны прома-код (ён ёсць у тых, хто быў у аўдыторыі), то можна атрымаць за 1 руб. картку Прыёрбанка “Бумеранг”, якая без акцыі каштуе 55 рублёў.

Акрамя гэтага зрабіце крэатыўнае фота да 1 лістапада з “Пінгфінчыкам” (ці з любым прадметам, які аддалена нагадвае пінгвіна), размясціце здымак у Instagram з хэш-тэгам #нашэсце_пінгфінаў. Тройка, якая набярэ больш за ўсё лайкаў, выйграе грашовы прыз ад каманды “Пінгфін”.

Дадатак можна запампаваць тут: https://play.google.com/store/apps/details?id=us.pingfin.app&hl=ru.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: