З 12 па 20 верасня ў БДУ прайшло павышэнне кваліфікацыі па адукацыйнай праграме «Выхаваўчая праца куратара БДУ: псіхолага-педагагічныя і арганізацыйна-метадычныя аспекты», якая мела прыкладны характар.
Праграма была накіравана на знаёмства з функцыянаваннем і развіццём выхаваўчай сістэмы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кірункамі дзейнасці яго структурных падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць ідэалагічную і выхаваўчую працу.
Па словах начальніка аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ Наталлі Капацэвіч, сёлета ўдзельнікамі праграмы сталі 26 куратараў факультэтаў і ўстаноў адукацыі ўніверсітэта, якім 20 верасня былі ўручаны пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі. У гэты дзень прайшоў круглы стол з начальнікам упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю А. П. Багамазавым, начальнікам Псіхалагічнай службы Р. П. Папком, загадчыцай кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі В. Л. Жук, загадчыкам кафедры фізвыхавання і спорту В. А. Калядой, дзе кожны слухач меў магчымасць падзяліцца ўражаннямі, унесці прапановы і выказаць словы падзякі выкладчыкам самых упадабаных заняткаў.У якасці выкладчыкаў дадзенай адукацыйнай праграмы выступілі лектары, вядучыя прафесары і спецыялісты БДУ, аўтары майстар-класаў, кіраўнікі моладзевых грамадскіх арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання БДУ, супрацоўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, упраўлення па справах культуры, упраўлення міжнародных сувязяў, упраўлення кадраў, Цэнтра развіцця моладзевага прадпрымальніцтва эканамічнага факультэта, Псіхалагічнай службы, Студэнцкага гарадка, кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі, кафедры фізвыхавання і спорту, кафедры псіхалогіі ФФСН.
Курсы штогод арганізоўваюцца УВРМ сумесна з факультэтам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі.Пра навучальную праграму курсаў павышэння кваліфікацыі для куратараў нам распавяла Вольга Жук, загадчыца кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ. Яна падкрэсліла, што курсы павышэння кваліфікацыі для куратараў акадэмічных груп БДУ вельмі важны, значны праект БДУ, правераны часам. Вольга Леанідаўна адзначыла, што сёлета абнавілі навучальную праграму курсаў з улікам пажаданняў і рэкамендацый куратараў, якія навучаліся раней. Навучальная праграма вылучаецца комплексным, міждысцыплінарным характарам. У ёй прадставілі самае шырокае кола актуальных пытанняў і праблем, звязаных з асноўнымі кірункамі і функцыямі дзейнасці куратара ў сучасных умовах. Праграма курсаў прадугледжвала выкарыстанне разнастайных формаў і метадаў навучання: круглы стол, праблемны семінар з ужываннем метаплана і іншых актыўных прыёмаў, міні-лекцыі з праблемнымі сітуацыямі і дыскусіямі, калектыўная рэфлексія і інш. Усё гэта дае магчымасць куратарам атрымаць не толькі карысную інфармацыю, але і досвед рашэння вызначаных праблем праз «паглыбленне» ў разнастайныя сітуацыі.
-Як вы ацэньваеце вынікі працы з куратарамі сёлета?
-Як паказалі вынікі “вольнага мікрафона” ў канцы нашых заняткаў, а таксама заключны “круглы стол”, у якім бралі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў універсітэта, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце, куратары атрымалі шмат карыснай інфармацыі, “прылады” для павышэння эфектыўнасці сваёй куратарскай дзейнасці, зносінаў са студэнтамі. Курсы сталі педагагічнай пляцоўкай для абмену досведам вырашэння складаных праблем з жыццядзейнасці студэнтаў, падчас узаемадзеяння куратара і акадэмічнай групы.
З вялікім задавальненнем заўважу, што куратары паказалі высокую матываванасць да навучання на курсах, зацікаўленасць у поспеху сваёй працы са студэнтамі. Гэта вельмі важна, паколькі такая ўстаноўка куратара сведчыць пра яго нефармальны падыход да справы, гатоўнасць дапамагчы студэнтам у рашэнні розных праблем.
Важным вынікам нашай сумеснай працы з куратарамі лічу і тое, што куратары атрымалі магчымасць пашырыць свой псіхолага-педагагічны арсенал метадычнымі прыёмамі (метаплан, кейс-метад, камандная праца і інш.), якія яны змогуць выкарыстоўваць не толькі ў куратарскай працы, але і ў навучальным працэсе на занятках са студэнтамі.
Па выніках анкетавання куратараў, па выніках мінулых курсаў, куратары высока адзначылі як змест, так і педагагічнае майстэрства заняткаў Руслана Папка, начальніка Псіхалагічнай службы БДУ. Па яго словах, заняткі псіхалагічнай службы былі прысвечаны тэме рашэння канфліктаў у сацыяльным асяроддзі ўніверсітэта пры дапамозе арганізацыі пляцоўкі медыяцыі. Разгледжаны магчымасці розных тыпаў медыяцыі – транфарматыўнай, наратыўнай, экасістэмнай, заснаванай на разуменні, аднаўленчай, ацэначнай. Больш падрабязна была разгледжана медыяцыя, арыентаваная на рашэнне праблем, чыёй асаблівасцю з’яўляецца вызваленне ад эмоцый або іх кантроль, выразная накіраванасць на вынік, захаванне сацыяльнага рэсурсу. Пры гэтым заняткі насілі не стулькі тэарэтычны характар, колькі былі практыкаскіраваныя: былі разгледжаны пэўныя сітуацыі са студэнцкага асяроддзя, прапанаваны спосабы рашэння іх з пункту гледжання тэхнік медыяцыі. Пэўныя прыёмы медыяцыі былі адпрацаваны па сродках трэнінгавых практыкаванняў, кантэнт-аналізу, педагагічнай рэфлексіі. Акрамя канфліктаў былі вызначаны магчымасці медыяцыі пры арганізацыі спрэчак і рашэнні праблемных сітуацый. Удзельнікі змаглі не толькі атрымаць каштоўную інфармацыю, але і рэалізаваць сваю актыўнасць, паўдзельнічаць у дыскусіях, атрымаць зваротную сувязь.
Юлія Саўкіна, куратар з юрыдычнага факультэта БДУ:
-Распавядзіце, калі ласка, пра тое, які матэрыял вы паклалі сабе ў скарбонку для працы куратара. Ці параіце вы гэтыя курсы сваім калегам-куратарам?
-У першую чаргу, прыемна ўсведамляць, што наш універсітэт клапоціцца пра павышэнне кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў і праводзіць такія курсы. Кожныя заняткі, якія праходзілі ў гэтыя дні, былі па-свойму карыснымі. Мы даведаліся падрабязней пра ўсе тыя магчымасці, якія дае ўніверсітэт для ідэалагічнай і выхаваўчай працы куратара са студэнтамі, асаблівасці іх сацыяльнага забеспячэння, а таксама пра фарміраванне здаровага ладу жыцця будучага спецыяліста. Асабіста ў сваю скарбонку я паклала матэрыялы, звязаныя з вырашэннем канфліктаў у студэнцкім асяроддзі, методыку правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў у групе, а таксама досвед працы інстытута куратарства на розных факультэтах універсітэта. Абавязкова раю ўсім сваім калегам-куратарам наведаць дадзеныя курсы для таго, каб не толькі ўзбагаціцца новымі ведамі ў сферы выхавання моладзі, але і пераняць ад спецыялістаў-выступоўцаў сучасныя методыкі іх укаранення ў жыццё.
Таццяна БАГАМАЗАВА