Трэба паважаць студэнтаў! Таму заўсёды зваў кожнага на “вы”. Вадзім Хрэнаў пра свае 63 гады ў БДУ

5 Oct, 2017.

Дацэнту кафедры фізічнага выхавання БДУ Вадзіму Сцяпанавічу ХРЭНАВУ споўнілася 90! З яго пачыналася кафедра фізвыхавання БДУ. Ён быў у ліку першых, хто прыйшоў працаваць, яшчэ студэнтам-чацвёртакурснікам, у той цяжкі паваенны час.

Гэтыя і іншыя падрабязнасці з жыцця Вадзіма Сцяпанавіча можна даведацца не толькі ад яго самога, але і з мемуараў, якія ён напісаў на пасадзе лабаранта. Яны адлюстроўваюць не толькі цяжкае, поўнае падзей і людзей жыццё, але і дух часу, гістарычныя падзеі, Мінск, да- і паваенны, цікавыя факты і гісторыі з жыцця краіны.

Дзяцінства і юнацкасць

Мае бацькі пазнаёміліся, калі бацьку раскватаравалі “на пракорм” у г. п. Карма пасля знясільваючай Грамадзянскай вайны. Стыў (так чамусьці звалі майго бацьку Сцяпана) павёз маю маці Надзею ў Мінск жыць у казармы. На жаль, першае дзіця памерла: мама нараджала адна, і маляня звалілася з ложка і разбіла галоўку. А ў 1927 г. з’явіўся я, і маці настаяла, каб мяне назвалі Вадзімам.

У 1929 годзе бацькі не стала. Мама працавала на выпадковых працах, а я гадоў да чатырох “падарожнічаў” па сваяках, пражываючы ў іх без яе. У 1932 я перахварэў на запаленне лёгкіх, і маці атрымалася выпрасіць паездку ў Еўпаторыю, дзе я прабыў паўгода. Калі мама паўторна выйшла замуж, за лейтэнанта аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага праўлення пры Савеце народных камісараў СССР, яна не паехала на польскую заставу, куды яго накіравалі. У 1933 годзе маці ўладкавалася ў БДУ лабарантам на кафедру неарганічнай хіміі. Тут яна прапрацавала 33 гады да выхаду на пенсію. Калі пачалася вайна, я бегаў да мамы на працу, таму што студэнцкі гарадок немцы пакідалі сабе і не бамбавалі. Але ўсё адно было страшна, і мы са страхам чакалі, што ж будзе. А ў 1941 мы эвакуяваліся ў Расію, г. Томск. Туды вайна не дайшла. Калі вярнуліся, сябар распавёў, што калі паступіш у фізкультурны, дадуць адзенне: чаравікі і нават ваўняны швэдар! Што я і зрабіў. А ў першы ж дзень вучобы мяне накіравалі на лыжныя спаборніцтвы. На першым курсе я стаў знакамітым першым паваенным траўмаваным студэнтам: здаваў нарматывы і няўдала зваліўся, зламаўшы ключыцу. Калі я акрыяў, паехаў у складзе дэлегацыі ў Маскву на Усесаюзнае фізкультурнае свята, а потым на месяц на гастролі па буйных гарадах Беларусі. Ва ўніверсітэце мяне захапіла фехтаванне: я нават з камандай заняў першае месца першынстве СССР 1948 года.

Праца ва ўніверсітэце

У ваенны час фізічнай падрыхтоўкай займаліся ваенныя кафедры ўсіх універсітэтаў БССР. У 1948 годзе паступіў загад пра стварэнне кафедраў фізічнага выхавання і спорту, аднак спецыялістаў бракавала, таму мяне, студэнта 4 курса, на такую кафедру і накіравалі. Займаліся мы ў будынку фізмата (цяпер корпус рэктарата).

Неяк я разважаў пра далейшае жыццё і прыйшоў да таго, што мне трэба другая вышэйшая адукацыя. Бо ў выпадку траўмы ці захворвання можна пазбавіцца працы! Я паступіў у політэхнічны ўніверсітэт на вячэрняе аддзяленне, але з-за таго, што калега сышоў у дэкрэт, мне прыйшлося кінуць вучобу і весці заняткі замест яе. І вось у 1953 я паступіў на фізічную геаграфію ўжо ў наш універсітэт. Вучыўся я не вельмі сур’ёзна, таму мяне некалькі разоў пакідалі на другі год, у выніку вучыўся я восем гадоў замест шасці.

Пакуль кафедра была маленькая, мяне часта кідалі на “прарывы”: замяняў калегаў, якія пайшлі ў дэкрэт, узначальваў студэнцкія працоўныя атрады, у зімовы час – лыжныя агітацыйныя паходы па Мінскай вобласці, быў кіраўніком мотапрабегуа. Для студэнтаў арганізоўваў лодачныя і турыстычныя паходы. Колькі ўсяго там адбылося! У іх я займаўся ўлюбёнымі рыбалкай, паляваннем, альпінізмам.

Да студэнтаў я заўсёды ставіўся паважліва. Трэба паважаць студэнтаў! Таму заўсёды зваў кожнага на “вы”.

Аднойчы адной студэнтцы не ставіў залік – яна прапусціла палову семестра, і яна кажа: “Вадзім Сцяпанавіч, вы дрэнны чалавек!” А я ёй адказваю: “Ну як можа быць добрым чалавек з такім прозвішчам!” (смяецца).

Дарослае  жыццё

У 25 гадоў я жаніўся з Нінай Белакрыльцавай, мы разам вучыліся. Шлюб адзначылі “па-савецку”: без пацалункаў, шампанскага і сведкаў. Жылі ва ўніверсітэцкім бараку на Савецкай. У ім у нас нарадзіўся першы сын, Сяргей. Я марыў пра вялікую сям’ю, бо вырас без бацькі, братоў і сясцёр, але Ніна не хацела другога. Тады я прыстрашыў разводам, і так нарадзілася дзяўчынка Іра. Ад трэцяга Ніна адмовілася, спаслаўшыся на хваробу. У Сяргея былі праблемы з вучобай, а вось ад Іры атрымлівалі адны падзякі. Жыццё ў Мінску палепшылася, і нам выдалі трохпакаёвую кватэру ў “хрушчоўцы”. Пасля дзявятага класа Сяргей пайшоў на абутковую фабрыку, потым адслужыў на Паўночным флоце, затым працаваў у Мінску на заводзе вылічальнай тэхнікі. Жаніўся, але жонка памерла пры родах, і мы з Нінай выгадавалі Руслана, нашага ўнука.

Жонка неяк прызналася мне: “Калі б не Руслан, я б даўно ўжо памерла!” Бо ў жыцці з’явілася мэта, і ўсе хваробы адышлі на задні план.

У 1969 годзе мне вылучылі невялікі ўчастак у садовым таварыстве ўніверсітэта, мы пабудавалі прыгожы двухпавярховы дом, трымалі гарод. Аднак пасля смерці Ніны ўсё зарасло і прыйшло ў заняпад, прыйшлося здаваць дачу ў арэнду. Мая жонка памерла шчаслівай.

З універсітэта ў мяне засталіся добрыя сябры. Такі была Галіна Мамантава, у сям’і была як свая. Калі ў яе памёр муж, яна патэлефанавала мне першаму, і я ёй дапамагаў. І яна мне, калі памерла Ніна. Праз год пасля яе смерці мы зарэгістравалі шлюб: жаніх, 68 гадоў, і нявеста, 68 гадоў. Ізноў па-савецку: без пярсцёнкаў, сведкаў і шампанскага.

Мы лічым, што наша аб’яднанне працягнула нам жыццё. Думалі, што пражывём гадоў пяць-шэсць, а вось ужо 22-і год пайшоў. Адносіны ў нас сяброўскія, мірныя, улетку мы на Галінай дачы. Ці маглі мы падчас вайны марыць пражыць да такога ўзросту? Вядома, не! Нам проста пашанцавала! Мы шчаслівыя людзі, і ў нас шчаслівая старасць!

Жыццёвыя прынцыпы

Я жыву без прынцыпаў. Жыву так: рабі сваю справу. Імкніся добра яе рабіць, жыві сумленна, будзь сем’янінам, вядзі здаровы лад жыцця, не скандаль (я на працы ні з кім не лаяўся, таму што тут цуда-жанчыны).

Жыццёвае пажаданне студэнтам

Наперадзе ў вас праца, таму выбірайце спецыяльнасць “па любові”. Вось у мяне чатыры ўнукі, трое з іх троечнікі. Сярэдні ўнук вельмі высокі, таму сядзеў на задняй парце і рыхтаваўся да паступлення: у атэстаце па хіміі ў яго выдатна, бо хімія – яго любімы прадмет, а па астатніх прадметах адзнакі не вельмі добрыя. І гэты “балбес”, як яго звалі выкладчыкі, паступіў у ліцэй, а ва ўніверсітэт прайшоў без іспытаў. З’ехаў у Партугалію, атрымаў доктарскую ступень, працуе там, вядзе заняткі з прафесарскай ступенню. Я ім вельмі ганаруся!

Вадзім Сцяпанавіч вельмі сціплы чалавек, таму ўражаннямі пра калегу падзяліліся выкладчыкі, якія працавалі з ім на працягу шматлікіх гадоў.

Інэса Іванаўна Ларчанка і Кацярына Яўгенаўна Кастрыкіна:

“Ён незвычайны сваім рэдкім стаўленнем да жыцця: спакойна, не зайздросцячы, не задумваючы, жыве, займаецца сваёй справай сумленна, не дзеля кагосьці. Неяк мы здавалі ГПА. У кагосьці 100, у кагосьці 50, а Вадзім Сцяпанавіч прыносіць 12 – колькі здало, гэтулькі і напісаў. Ніякай падтасоўкі, ніякага фармалізму, ён не разумее навошта – прыстойнасць незвычайная. Змяняўся ўзрост, сістэма, урад. Калі ў яго ёсць прынцып – не адыходзіць. Ён мне кажа: чаму ты ходзіш наўскасяк? Трэба хадзіць правільна, раптам штосьці зваліцца з даху! Гэта нейкая жаночая псіхалогія авантурызму, калі ідзеш і не думаеш. А я пярэчу: як гэта не думаю? Тут ужо сцяжынка пратаптана. Такія ж авантурнікі, як і ты, пратапталі, адказвае.

Шмат людзей праходзіла міма мяне, але яго не запомніць немагчыма. Калі Вадзім Сцяпанавіч працаваў лабарантам, ён прыходзіў на працу, яго ніхто не кантраляваў. Тэлефануе неяк: “Іна Іванаўна, можна я сёння ад’еду па зарплату? Там з 9 да 17, а я тры месяцы ўжо грошы не здымаў. Я ўсё зрабіў, можна?” А аднойчы сам сабе вымову напісаў за спазненне.

Ён прыходзіць на працу ўжо з ідэямі: а вось давайце сюды вешалкі прымайструем, студэнтам будзе зручна, а тут скрыню паправім. Мы гора не ведалі! Штосьці зламалася – адразу паправіць. Ён прышчапляе дрэвы, у яго дзве дачы. Рукасты! Ён у апошнія гады даглядаў жонку. Як скончыў працаваць, кожны год прыязджаў да нас з торцікам і самаробным хатнім віном, вельмі нудзіўся, пасядзіць з намі і едзе даглядаць сваю жонку. Без істэрык, не жалячыся. Чалавек напоўнены і самадастатковы. А які ён рыбак, батанік! Займаўся “мічурынствам” у свой час! Гэта творчае стаўленне да жыцця дае яму вось гэта даўгалецце, ён не нудзіцца, не раздражняецца, увесь час смяецца з сябе, гэты смех – лёгкае стаўленне.

Са студэнтамі надзвычай паважлівы. Ён не быў шумна-грубым кіраўніком. Ён, як толькі стаў горш чуць, сышоў з пасады выкладчыка на лабаранцтва. Бо ён актыўны, у выдатнай форме, рухомы, розум светлы. Яму важна быць патрэбным і карысным. У яго двое дзяцей і мноства ўнукаў, праўнукаў.

Вадзім Сцяпанавіч ніколі не сказаў нічога дрэннага, мог часам пажартаваць, з усмешкай паказаць на недахоп. Ён жыве і штосьці робіць. Не паказвае наўпрост, што ты вінаваты, не мараліст, які вучыць кагосьці жыць. Не павучае, раздражнення ў ім няма наогул, можна падумаць, што ён абыякавы, але не! Вадзім Сцяпанавіч вельмі адказны, дысцыплінаваны, сам сябе ён не катуе, а проста ўсё робіць без надрыву. Гэта дзівосная якасць! А калі б мне хтосьці пра яго распавёў, я б не паверыла, што такія людзі ёсць. Я вось на яго гляджу і думаю: раз такі чалавек ёсць, трэба да яго цягнуцца.

На жаль, яго мала хто ведаў у “цэнтры”, выкладаў у біёлагаў, быў адзін год загадчыкам кафедры. Год, таму што сам з сябе зняў паўнамоцтвы, ён вось такі: не спраўляюся, здыміце з мяне, трэба зрабіць як мага лепш. І ён быў адказным за спартыўна-масавую працу.

Віктар Віктаравіч Жукаў па-добраму кпіў з Вадзіма Сцяпанавіча: “Калі б усе былі такія, даўно б ужо камунізм быў!” Бо крэда апошняга: спытай у першую чаргу з сябе. Я і раўнялася на яго. Сорамна было рабіць штосьці дрэннае пры ім. Ён не лае, але так сорамна, калі ён паўшчувае цябе! “Штосьці нашы маладыя выкладчыкі такія хуткія, што за пяць хвілін да пачатку заняткаў прыходзяць”, – паўшчуваў ён неяк мяне. Я дагэтуль не магу на гэта забыцца. Сустрэча з Вадзімам Сцяпанавічам не прайшла адназначна – гэта праўда. З кім ты пачынаеш, на таго і раўняешся. Яго стаўленне да студэнтаў вучыла і мяне ставіцца да іх падобным чынам: паважліва. З прычыны свайго тэмпераменту я ўвесь час спыняла сябе. Я і распавядаю вельмі часта пра яго, ён у нас у легендах ходзіць: “А вось Хрэнаў…”.

Ён настолькі быў цікавым! У Шчомысліцы ні басейна, ні вялікіх спартыўных зал. Затое прырода якая! Сіламі Вадзіма Сцяпанавіча і 2-3 выкладчыкаў былі арганізаваны арыентаванні, паходы, лыжныя спаборніцтвы”.

Людміла Аркадзьеўна Лучыновіч: “У яго заўсёды ўсё ў парадку: і студэнт, і выкладчыкі ведалі, што трэба рабіць. Была ў яго поўная картатэка: заўсёды ведае, колькі ў яго інвентара. Лыжы стаялі па колерах! Ніколі не дапушчаў браку. Калі ўжо працаваў лабарантам, кожны дзень заходзіў і пытаў, што трэба зрабіць. Прыбіраў смецце на стадыёне, якое пакідалі гараджане пасля выходных. І пасадзіў разам са студэнтамі ўздоўж яго алею дубкоў, да кожнага прымайстраваў таблічку, хто і калі пасадзіў. Яшчэ смяяўся: усе з працы цягнуць, а я на працу. Тактоўны, дыпламатычны чалавек, які пакінуў пасля сябе толькі добрыя ўспаміны! Ён жыў працай! І, вы ведаеце, ён бы і яшчэ працаваў і прыносіў бы больш карысці, быў бы больш надзейны, чым 2 ці 3 лабаранты. Ён вельмі знерваваўся, калі прыйшлося сысці. Ён усё жыццё адпрацаваў у БДУ, такая адданасць”.

Віктар Віктаравіч Жукаў: “Ведаю Вадзіма Сцяпанавіча 40 гадоў. Ён выключны патрыёт. Усе гэтыя гады ён жыў сям’ёй і працай. Не зрабіў нікому подласці і нават не казаў пра чалавека дрэнна”.

Доўгіх вам гадоў жыцця, Вадзім Сцяпанавіч, і дзякуй за вашу працу і вернасць універсітэту!

Надзея МАРХЕЛЬ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: