Першыя заняткі “Трэнды года ў камунікацыях кампаній з грамадскасцю” пройдуць 19 кастрычніка ў Інстытуце журналістыкі БДУ (Кальварыйская, 9). Пачатак у 17.00.
На працягу наступных сустрэч слухачы даведаюцца пра публічныя выступы і іміджы, GR-камунікацыю, геабрэндынг, карпаратыўную сацыяльную адказнасць, арганізацыю мерапрыемстваў, мабільную і інтэрнэт-камунікацыю.
Асаблівасцю адукацыйнага праекта з’яўляецца яго фармат “роўны навучае роўнага”. Студэнты спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя” з’яўляюцца не толькі арганізатарамі, але і выступаюць у ролі спікераў перад слухачамі. У рамках праекта праводзяцца майстар-класы і трэнінгі вядучых беларускіх спецыялістаў у галіне камунікацыі, а таксама інтэрактыўныя гульні і камандныя рашэнні камунікацыйных задач ад рэальных кампаній.
Першым запрошаным госцем “Акадэміі камунікацыі” стане прадзюсар летняга фэсту “Арт-пікнік FSP. Freaky Summer Party”, арт-дырэктар рэкламнага агенцтва Pocket Rocket Дзяніс Трусіла.
Традыцыйна ўсе заняткі “Акадэміі камунікацыі” аб’ядноўвае адзіная канцэпцыя. У гэтым навучальным сезоне яе лозунгам стане “Рэвалюцыя: камунікацыя змяняе рэальнасць”. “Бо на працягу развіцця чалавецтва менавіта камунікацыя мае ролю галоўнага трансфарматара і мадэрнізатара грамадства. Камунікацыйныя формы і тэхналогіі змяняюць тып мыслення людзей, ломяць культурныя і паводніцкія стэрэатыпы, адкрываюць новыя магчымасці”, адзначае куратар праекта, выкладчык кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ Лікія Яніцкая.
“У чарговы раз мы вырашаем, што праекту быць! Слухачоў чакаюць новыя фарматы правядзення нашых сустрэч, дасведчаныя спікеры і актуальныя тэмы. На занятках мы пакажам, якія глабальныя перавароты могуць адбыцца ў грамадстве дзякуючы камунікацыі, як яна змяняецца і працягвае сёння змяняць усё вакол”, — каментуе выкладчык названай кафедры Ксенія Каравая.
Усяго запланавана 12 заняткаў. Яны будуць праходзіць з 17.00 да 19.00 па чацвяргах з кастрычніка бягучага года па сакавік 2018 года.
Удзел бясплатны, па папярэдняй рэгістрацыі.
Падрабязней пра праект можна даведацца на сайце арганізатараў.
Даведка.
“Акадэмія камунікацыі” — адукацыйны праект кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ, якая выпускае студэнтаў па спецыяльнасці “Інфармацыя і камунікацыя”, стартаваў у 2007 годзе. Мэта курса — перадаць прафесійныя веды і навыкі слухачам, якія незалежна ад роду дзейнасці цікавяцца сферай камунікацыі. Асноўная аўдыторыя праекта — абітурыенты, студэнты і маладыя спецыялісты.
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (+375293368155 (Таццяна Рамашкевіч) ці +375447541383 (Павел Семчанка)