“Хто куды, а мы – у Гай!”, ці Якім стаў для нас “Кубак першакурсніка БДУ–2017” (+відэа)

11 Oct, 2017.

“На старт! Увага! Па кубак!” – так пачалася гісторыя традыцыйнага ўніверсітэцкага каманднага спартыўна-турысцкага конкурсу “Кубак першакурсніка БДУ”. Штогадовы праект БРСМ Белдзяржуніверсітэта прайшоў 30 верасня ў маляўнічым кутку сталіцы – Гаі. Чым здзіўлялі ўдзельнікі сёлета, і што ў іх атрымалася?Перамога – справа простая?

А вось і не! Перад першакурснікамі стаяла мноства задач: ім трэба было сабраць каманду, прыдумаць самую незвычайную гісторыю для візітоўкі, прайсці спартыўна-інтэлектуальна-турыстычную сцяжыну, прадставіць свой артыстызм у творчым конкурсе, зняць відэаролік і зрабіць самае дружнае супольнае фота, якое адлюстроўвала б стыль каманды. Да таго ж сёлета арганізатары абралі даволі сімвалічную тэматыку ў сувязі з блізкім юбілеем арганізацыі: “15 гадоў БРСМ БДУ: працяг будзе”.

“Асноўная мэта правядзення “Кубка першакурсніка БДУ”, – распавяла Крысціна Кечко, адна з арганізатараў мерапрыемства, – аб’яднанне першакурснікаў факультэтаў, знаёмства з традыцыямі БРСМ БДУ, пошук новых сяброў, незабыўныя эмоцыі. Гэта адзінае мерапрыемства ў БДУ, якое складаецца не толькі з творчай часткі (візітоўкі, творчыя нумары, відэаролікі і фота каманд), але і ўсімі любімай салдацкай кашы, узбагачэння лёгкіх самым чыстым паветрам Гаю… Сёлета была зменена турыстычная сцяжына. Мы яе ўскладнілі, дадалі незвычайныя і запамінальныя пікеты, каб удзельнікам было цікавей праходзіць этапы конкурсу…”

Што кажуць пра “кубак” гледачы?

Каб паглядзець на сітуацыю з розных бакоў, мы папрасілі распавесці пра эмоцыі і ўражанні не толькі ўдзельнікаў конкурсу, але і валанцёраў, арганізатараў, фатографаў. І вось якія адказы мы атрымалі.Крысціна Кечко, арганізатар: “Гэты “кубак” быў першым для мяне ў якасці арганізатара! Таму на пытанне “ці хвалявалася?” – так, яшчэ як! Вынік дапамагаюць ацаніць удзельнікі, якія сваімі эмоцыямі паказалі, што ім усё спадабалася. А мы са свайго боку ўлічылі моманты, якія ў наступным годзе мадэрнізуем. Заўсёды ёсць куды ўдасканальвацца, што мы, вядома, і робім!”Лілія Глінская, валанцёр: “Насамрэч, мне вельмі спадабалася гэта мерапрыемства. Вельмі прыемна было глядзець на тое, як дзеці ўзаемадзейнічалі адзін з адным. Яны, можна сказаць, сталі адной сям’ёй. Гэта сапраўды важна.

Спадабалася арганізацыя, конкурсы. Я думаю, для першакурснікаў гэта таксама было цікава. Яны выдатныя людзі. Яны вясёлыя, жыццярадасныя і лагодныя”.Кацярына Сінкевіч, удзельніца: “Вырашыла ўдзельнічаць, таму што мяне вельмі заінтрыгавалі. І, вядома, хацелася пабываць у знакамітым Гаі. Чаго чакала ад конкурсу? Арыгінальных заданняў і спартыўных змаганняў. Гульні ў лесе карысныя для здароўя, таму гэта мерапрыемства заслугоўвае велізарнай масавасці. Ці апраўдалася? Так, эмоцыіі зашкальвалі. Спадабаўся выступ нашай каманды, хоць у нас было мала часу для рэпетыцый. Мы вельмі згуртаваліся за час падрыхтоўкі. У нас нават з’явілася своеасаблівая крычалка. А пасля таго, як мы выканалі ўсе заданні ў лесе, нас накармілі смачнай кашай з тушонкай. На той момант гэта было найлепшым, чаго можна было жадаць! Велізарнае дзякуй арганізатарам – БРСМ БДУ!”Аліна Вайчык, фатограф: “Ніколі не займалася прафесійна фатаграфіяй, але лавіць кадр адназначна ўмею. Мне падабаецца быць з іншага боку экрана – гэты мой звыклы стан.

Для мяне “Кубак першакурсніка” – гэта першае такое рухавае мерапрыемства. Я так шмат бегала за ўдзельнікамі! Кожная каманда здзіўляла: хтосьці дзейнічаў мерна, а хтосьці, наадварот, спяшаўся.

Наогул, я вельмі зарадзілася энергіяй ад першага курса – яны ўсе такія жывыя, адкрытыя і вясёлыя! Нават пазайздросціла дзесьці ўнутры, што зусім ужо не такая. “Кубак” мне спадабаўся, гэта было вельмі крута!”.Каму ж дастаўся запаветны “Кубак першакурсніка”?

За галоўны прыз змагаліся 16 каманд розных факультэтаў і інстытутаў БДУ. Яны абганялі адзін аднаго на турыстычнай сцяжыне, здымалі самыя крэатыўныя і цікавыя відэа, здзіўлялі журы крычалкамі, згуртаванасцю і нават спаборнічалі ў паглынанні салдацкай кашы!Сёлета “Кубак першакурсніка БДУ–2017” апынуўся ў курсантаў з каманды БРСМ ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны прайшлі ўсе конкурсныя выпрабаванні, з лёгкасцю апярэдзіўшы супернікаў, і паказалі, што значыць быць адзінай камандай, якую не змогуць разбіць ні цяжкасці, ні канкурэнцыя.Акрамя кубка былі разгуляныя іншыя прызы і намінацыі. Каманда БРСМ філалагічнага факультэта і БРСМ ДІКСТ БДУ занялі 2 і 3 месцы адпаведна, самай творчай камандай сталі дзеці з біялагічнага факультэта, а ў намінацыі “Самая яркая асоба “Кубка першакурсніка БДУ” перамог капітан каманды юрыдычнага факультэта Іван Маталыга.Што нас чакае далей?

Сёлета “Кубак першакурсніка БДУ” прайшоў “на выдатна”, а ў наступным мы здзівім вас яшчэ больш, абяцаем!

Анастасія ЛАРЫНА
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: