Галасы мінулага. Першыя газеты БДУ вярнуліся ў Беларусь

4 Nov, 2017.

Намаганнямі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ перададзены лічбавыя копіі ўніверсітэцкіх газет 1920–30-х гадоў з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

Як вядома, арыгіналы газет БДУ 1920–30-х гадоў амаль цалкам былі страчаныя падчас Вялікай   Айчыннай вайны і не захаваліся ў бібліятэчных, архіўных і музейных установах Беларусі. Адзінкавыя  экзэмпляры знаходзіліся ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.
Разумеючы каштоўнасць першых перыядычных выданняў, Фундаментальная бібліятэка БДУ па­чала работу па іх выяўленні і пра­вяла перамовы з расійскімі калегамі аб магчымасці вырабу лічбавых копій і іх перадачы ў БДУ.
У выніку ў Беларусь былі вер­нуты лічбавыя копіі 81 газеты. Сярод іх нумары першай газеты БДУ «Голас студэнта», якую вы­давала ў 1920-х гадах Выканаўчае бюро прафсаюзнай секцыі студэнтаў БДУ, і «Голас рабфакаўца», якая выдавалася ў 1920-х–пач. 1930-х гадоў рабочым факультэтам БДУ.
Аснову калекцыі складаюць копіі экзэмпляраў першай агульна­ўні­версітэцкай шматтыражнай газеты «Ленінскім шляхам», першы нумар якой выйшаў 27 лістапада 1929 года, і газеты «За ленінскія кадры», якая прыйшла ёй на змену. Менавіта ад гэтых перыядычных выданняў вядзе сваю гісто­рыю сённяшняя газета БДУ «Універсітэт».
На старонках газет змешчана шмат цікавых матэрыялаў, якія адлюстроўваюць тагачаснае жыц­цё ўніверсітэта, расказваюць пра найбольш значныя падзеі, выдатных людзей, якія працавалі і вучы­ліся ў БДУ.
Напрыклад, на старонках № 3 газеты «Голас сту­дэнта» за 1924 год мы можам убачыць артыкул першага рэктара У. І. Пічэты, у якім ён падводзіць вынікі трэцяга года працы ўніверсітэта, а таксама нататкі аб дзейнасці грамадскіх і палітычных арганізацый, студэн­цкіх гурткоў краязнаўцаў, фізкультурнікаў, аматараў радыё і мовы эсперанта. Акрамя таго, у газеце змешчаны верш «Студэнт» вядомага беларускага празаіка, кры­ты­ка і драматурга Адама Баба­рэкі, які на той час вучыўся на этнолага-лінгвіс­тычным аддзяленні БДУ.  Адметна, што гэты верш больш  нідзе не друкаваўся.
Таксама ў нумары быў апублікаваны верш «З песень «Беларусь» Язэпа Дылы і малавядомы даследчыкам фельетон Кузьмы  Чорнага «Адсталыя і перадавыя».
Значную цікавасць уяўляюць і газеты 1930-х гадоў, якія яскрава перадаюць атмасферу, якая панавала на той час ў грамадстве. У артыкулах даволі часта гучаць заклікі да чыстак, выкрыцця шкоднікаў, ворагаў і чужых элементаў. Пры гэтым паміж выкрывальнымі лозунгамі мы можам знайсці цікавыя апісанні штодзённага жыцця студэнтаў і выкладчыкаў. У газеце сустракаюцца звесткі пра адкрыццё новых вучэбных карпусоў і інтэрнатаў, працу факультэтаў,   кафедраў, лабараторый, бібліятэкі, музеяў, гурткоў, секцый ці нават універсітэцкага буфета.
Напрыклад, мы можам даве­дацца, што абеды для студэнтаў і выкладчыкаў дастаўляліся з мін­скай фабрыкі-кухні альбо што па чацвяргах і пятніцах для студэнтаў БДУ былі льготныя білеты ў лазні  на Ляхаўцы.
Сустракаюцца цікавыя матэ­рыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых навукоўцаў БДУ, такіх як акадэмікі Цэлестын Бурстын, Ва­сіль Шчарбакоў, Мікалай Нікольскі і інш.
Унікальнымі з’яўляюцца і змешчаныя ў газетах фотаздымкі: партрэты выкладчыкаў і студэнтаў,   рэпартажы з заняткаў, універсітэцкіх мерапрыемстваў, а таксама здымкі ўніверсітэцкіх памяшканняў і будынкаў.
Да дня нараджэння БДУ калекцыя лічбавых копій газет 1920–1930-х гадоў была размешчана ў Электроннай бібліятэцы БДУ і да­ступная па спасылцы .
Безумоўна, вяртанне газет з’яўляецца знакавай падзеяй, якая будзе спрыяць новым даследаванням. Спадзяёмся, што калекцыя будзе цікавая студэнтам, навукоўцам і ўсім, каму неабыякавая гісторыя нашага ўніверсітэта.

Уладзімір КУЛАЖАНКА,
дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: