Галоўнае не колькасць, а якасць. Артур Кандраценка пра дзейнасць ССЯА

22 Nov, 2017.

У маі 2017 года студэнцкі савет па якасці адукацыі (ССЯА) узначаліў магістрант гістарычнага факультэта Артур Кандраценка. Мы даведаліся, як звычайныя студэнты могуць уплываць на сістэму адукацыі.

– Артур, як ты «дарос» да гэтай пасады?
– У нашай арганізацыі такая сістэма: спачатку мы абіраемся на факультэтах, становімся сябрамі савета, потым узначальваем адну  з камісій. Так, у 2014 годзе я ўзначаліў аналітычную. А ўжо ў лютым 2016 года стаў старшынёй ССЯА на родным гістфаку. У маі гэтага года мне быў давераны пост старшыні ССЯА БДУ.
– Хто можа патрапіць у ваш савет?
– Любы ахвотнік можа прыйсці, распавесці пра сябе. Потым сябры савета галасуюць, і вырашаецца пытанне пра прыняцце ў нашы шэрагі. Праўда, ёсць адна ўмова: сярэдні бал павінен быць не ніжэйшы за 8. Мы рады бачыць усіх, нават калі бал ніжэйшы, таму ёсць паняцце валанцёра. Ён таксама можа ўдзельнічаць у нашых праектах. Мы даём магчымасць абсалютна ўсім студэнтам. Галоўнае – праяўляць сябе.
– Як пра вас даведацца?
– На сайце БДУ размешчаны раздзел, прысвечаны ССЯА, таксама групы ў сацыяльных сетках. Ячэйкі нашай арганізацыі створаны практычна на ўсіх факультэтаў. Іх прызначэнне вельмі важнае: яны акумулююць найбольш перадавую  ў акадэмічным і грамадскім плане частку студэнцтва. Менавіта таму мы маем права сцвярджаць, што ў нашых шэрагах няма лішніх людзей.
– Як у вас складаюцца адносіны ў калектыве?
– На сёння ў ССЯА налічваецца больш за 170 чалавек. Я лічу, галоўнае не колькасць, а якасць. У нашай арганізацыі ўлічваецца  меркаванне кожнага. Студэнцкі  савет па якасці адукацыі прапануе шырокае поле дзейнасці для актывіста, які сам выбірае, да чаго ляжыць душа.
– Распавядзі падрабязней, чым вы займаецеся.
– Як і ў іншых арганізацыях, у нас ёсць план дзейнасці, які ўзгад­няецца з сябрамі савета. У першую чаргу мы займаемся анкетаваннем. Аналізуем працэс адаптацыі студэнтаў да навучальнага ася­роддзя. Параўноўваем вынікі летніх і зімовых сесій. Курыруем выбары курсаў па дысцыплінах. Звычайна вынікі прад’яўляюцца дэкану. Акрамя анкетавання, мы арганізоўваем трэнінгі, брыфінгі, якія дазваляюць задаць пытанне наўпрост працадаўцу.  
З далучэннем Беларусі да Балонскага працэсу мы рэгулярна праводзім канферэнцыі, круглыя сталы, каб азнаёміць усіх з новымі тэндэнцыямі і зменамі ў сферы адукацыі. Сёлета збіраемся абмяркоўваць міжнародныя стажы­роўкі, таму што студэнты ў боль­шасці не ведаюць пра такую маг­чымасць.
– Я чула пра вашы праекты. Можаш пахваліцца самымі  паспяховымі?
– У нас іх сапраўды шмат. Але асноўная наша праца звязана з навукай. Мы займаемся праектамі «Віртуозы хімічнага эксперыменту» і «Лекторый фізічнага эксперыменту». Яны арыентаваны на школьнікаў – патэнцыйных абітурыентаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тут наша мэта – зацікавіць як студэнтаў, якія па­казваюць доследы, так і тых, хто прыйшоў паглядзець. У рамках універсітэцкага мерапрыемства «Віват-студэнт» сябры ССЯА дэманстравалі атрыманне току з дапамогай шпулькі Тэслы, хімікі ў сваю чаргу здзіўлялі магіяй хімічных раствораў.
У рамках праекта «Навука на паль­цах» мы падаём навуковыя веды простай мовай. Гэта шанц  для студэнтаў адчуць сябе са­праўднымі навукоўцамі.
Два разы на год праводзяцца інтэлектуальныя гульні. У рамках праекта «Публіка і я» рэгулярна праводзяцца трэнінгі, якія дазваляюць зразумець прамоўніцкае майстэрства.
На базе нашай арганізацыі таксама праводзіць сваю дзейнасць «Дэбат-клуб», у пасяджэннях якога можа прыняць удзел абсалютна любы ахвотнік. Акрамя таго, цяпер актыўна вядзецца падрыхтоўка да міжнароднага турніру па брытанскіх парламенцкіх дэбатах.
– Што асабіста табе даў ССЯА?
– Я лічу, што ССЯА – гэта  ідэальная платформа для задавальнення не толькі грамадскіх, але і навуковых інтарэсаў. Студэнцкі савет па якасці адукацыі даў мне неацэнны досвед камунікацыі з кампетэнтнымі людзьмі, навыкі арганізацыі мерапрыемстваў навуковага профілю і магчымасці самарэалізацыі.
– Ты скончыў гістарычны. Ці бачыш ты сябе гісторыкам у будучыні?
– Мая мэта – застацца ў нашым універсітэце. У першую чаргу я бачу сябе выкладчыкам. Мяркую, што гэта самы прыдатны варыянт для маёй самарэалізацыі, бо ў гэтай прафесіі спалучаюцца зносіны з людзьмі і бясконцы пошук праўды. Апроч іншага, займаючыся грамадскасцю, я прымаю непасрэдны ўдзел у фарміраванні прэстыжу нашага ўніверсітэта, прэзентуючы яго на розных форумах, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах. Бо БДУ – гэта вялікая моцная сям’я, якая адчувае сваю еднасць. Асабіста я веру ў будучыню нашай  альма-матар і імкнуся ўнесці свой уклад у яе заўтрашні дзень.
– Як ты ацэньваеш уплыў ССЯА на працэс адукацыі на прыкладзе твайго факультэта?
– Хачу падкрэсліць, што наша задача ў тым, каб рацыяналізаваць навучальны працэс. Вядома, бываюць розныя сітуацыі. Наша арганізацыя з’яўляецца злучным звяном паміж кіраўніцтвам універсітэта і перадавым студэнцтвам. Гэта не пустыя словы. Нашы зборы і ме­рапрыемствы наведваюць дэканы факультэтаў. Што кажа за сябе.
– Калі не сакрэт, калі і чаму ты перайшоў на беларускую мову?
– Ужо шэсць гадоў я размаўляю на больш-менш літаратурнай бе­ларускай мове. Пачынаў з 10-11 класа. Адбылася змена мыслення. Я ніяк не звязаны з прадстаўнікамі радыкальных поглядаў. Проста любіш размаўляць – калі ласка. Я добра ведаю рускую, але зразумеў адно: мова не для таго, каб вылучыцца. Мы жывём у Беларусі, тут усе павінны разумець мову. Рэдка сустракаеш, калі хтосьці просіць перакласці. Але пачуць гэта ад    беларуса вельмі дзіўна, прынамсі, для мяне. Калі ты сапраўдны беларус, ты абавязаны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. На якой размаўляць – твой выбар, але ведаць трэба. Мне здаецца, што, калі ў Беларусі ёсць беларуская мова, яна павінна быць роднай. Вось і ўсё. Я спадзяюся, што з часам наш народ гэта зразумее.

Юліяна СУРГАНАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: