Таленавітыя студэнты, выпускнікі і супрацоўнікі БДУ аб’ядналіся, каб стварыць цёплы і творчы “Кірмаш дабра БДУ”! 21 лістапада ў холе галоўнага корпуса БДУ на вырабы, выпечку і сертыфікаты на творчыя паслугі тавараў для дзяцей абмянялі на цэлых 400 сэрцайкаў! У пераводзе з “грошай кахання і дабра” гэта эквівалентна нашым рублям. Арганізатарам выступіў цэнтр добраахвотніцкай дзейнасці БДУ пры ўпраўленні выхаваўчай работы з моладдзю.
У кірмашы паўдзельнічала 25 майстроў, а тавараў – у разы больш! Вязаныя шалікі, сумачкі, вышытыя і намаляваныя карціны, размаляваныя вазы, біжутэрыя, віншавальныя паштоўкі, ёлачныя цацкі, сертыфікаты на фотасесіі, пляценне кос, псіхалагічныя гульні і шмат-шмат выпечкі…
Да пачатку кірмашу ля абменнага цэнтра стаяла чарга. Сэнс абмену просты: за дзіцячыя тавары (канцылярскія, прадметы гігіены, часопісы і да т. п.) можна было атрымаць сэрцайкі, а на іх абмяняць упадабаныя працы майстроў. Для першага і другога была ўсталявана свая “цана”. Усе сабраныя тавары будуць накіраваны ў дзіцячыя дамы Беларусі і дзецям з малазабяспечаных сем’яў.
Хутчэй за ўсё, вядома, апусцеў стол з выпечкай – адны толькі арэшкі са згушчонкай разляцеліся за 20 хвілін! А размаляваныя пернікі нават было шкада есці – такія прыгожыя! Аднак, зладзіўшы з імі фотасесію і падзяліўшыся здымкамі з сябрамі, пакупнікі з прадчуваннем разгортвалі абгортку. Біжутэрыяй ручной працы цікавіліся не толькі дзяўчаты-студэнткі: супрацоўніцы і выкладчыцы БДУ выходзілі з фааміранавай ружай на кофтачцы і іскрынкамі запалу ў вачах.
Нарасхват былі стыльныя сертыфікаты! Зусім хутка наведнікам кірмашу правядуць фотасесію, створаць лагатып, запросяць на псіхалагічную гульню “Твой ход”.
Ангеліна Міхалюк правяла майстар-клас па пляценні бранзалетаў са стужак. А побач Вольга Мялешка заплятала складаныя і прыгожыя косы:
“Тут вельмі атмасферна! Прыемна цешыць людзей, ствараючы прыгажосць. Я нават трохі здзівілася такой колькасці майстроў розных кірункаў, буду ведаць, колькі талентаў у БДУ!”
Радасна, што “Кірмаш дабра БДУ” стаў не толькі дабрачынным мерапрыемствам, але і напоўніўся размовамі, аб’яднаў студэнтаў і супрацоўнікаў, далучыў да прыгажосці!
Запрашаем прыняць удзел у іншых мерапрыемствах цэнтра добраахвотніцкай дзейнасці БДУ.