“Растопім лёд разам!” У БДУ адзначылі Дзень студэнта на каньках і …з марожаным

23 Nov, 2017.

Напярэдадні міжнароднага Дня студэнта 15 лістапада студэнцкі прафкам зладзіў адмысловую акцыю пад такою назвай ў Лядовым палацы спорту пры ўдзеле прафесійных фігурыстаў нацыянальнай зборнай Беларусі па фігурным катанні на каньках і каманды хакейнага клуба “Юность-Минск”.

У гэты дзень студэнты змаглі бясплатна пакатацца на каньках, паўдзельнічаць у конкурсах, розыгрышах прызаў і нават мабільных майстар-класах.

Удзельнікі праверылі сваю ўдачу. Пераможца самай вясёлай гісторыі з дзяцінства атрымаў прыз – скрынку сапраўднага марожанага ад партнёра мерапрыемства кампаніі “Нордар” – вытворцы гандлёвай маркі марожанага “Наша дзяцінства”, якое дапамагае акунуцца ў бестурботны час, калі самай вялікай праблемай былі пабітыя каленкі ці нявывучаныя ўрокі.

Шоу арганізавала пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ, якая павіншавала самую актыўную частку грамадства з  унікальным святам для ўнікальнай моладзі, з міжнародным днём студэнта. Пажадала мноства пазітыўных эмоцый, яркіх уражанняў і весялосці, паспяховай вучобы, самарэалізацыі і адкрыцця новых гарызонтаў. А таксама ўзнагародзіла студэнтаў, сяброў прафсаюза, якія найбольш актыўна выявілі сябе за навучальны год, і найлепшых прафсаюзных лідараў падзячнымі лістамі і падарункамі, разыграла прызы.

На лядовай пляцоўцы студэнтаў павіншаваў прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце Уладзімір Сувораў:

“Гэта грандыёзнае мерапрыемства, – сказаў ён, – арганізаванае для нашых студэнтаў. Калі казаць, на што яно накіравана і якія мэты і задачы яно вырашае – гэта бессэнсоўна, таму што пералічыць усе плюсы гэтага мерапрыемства значыць абмежаваць тыя эмоцыі і адчуванні, якія ўзнікаюць ва ўсіх тут прысутных. Усё выдатна, дзякую ўсім.”

Праграма спартыўна-забаўляльнага мерапрыемства ўключыла віншаванні не толькі беларускіх, але і замежных студэнтаў. Са слоў Вольгі Локцевай, старшыні прафкама студэнтаў БДУ, арганізацыя сабрала студэнтаў на катку, каб зрабіць свята, міжнародны дзень студэнта, які аб’ядноўвае ўсіх студэнтаў, незалежна ад краіны, навучальнай установы і факультэтаў, асаблівым, запамінальным і карысным. Са словамі падзякі на сваёй роднай мове яе падтрымалі студэнтка ІБМТ Алена Чудзінава (Беларусь), студэнты ФМА Чжан Паньцзу (Кітай), Мата Бесіяа Сесія (Мазамбік) і Абілом Эмануэлла (Нігерыя).

Па-сапраўднаму лядовае маляўнічае відовішча разгарнулася на арэне дзякуючы запальным выступам на каньках з музычнымі нумарамі артыстак-вакалістак БДУ. Яны зарадзілі публіку пазітыўным танцавальным настроем. Незгладжальнае ўражанне пакінулі ў прысутных выступы прафесійных фігурыстак нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні на каньках, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў Аляксандры Гаўрылкінай і Аляксандры Бацянковай. Разам з імі сталі на канькі і мульцяшныя героі, ярка і пацешна дапоўніўшы тэматычныя фотазоны пляцоўкі. Як звычайна, запаліў усіх сваім крэатывам выдатны вядучы Паша Кіслы.

Спецыяльнымі гасцямі спартыўна-забаўляльнай акцыі сталі прадстаўнікі асноўнай прафесійнай хакейнай каманды “Юность-Минск” Мікіта Прышывалка і Андрэй Арлоўскі, якія таксама павіншавалі студэнтаў з іх святам, пакінулі аўтографы і правялі актыўны майстар-клас.

Па гарачых слядах пра свае ўражанні нам распавялі студэнтка першага курса ФМА Марына Парац, галоўны рэдактар канала студэнцкага тэлебачання Людміла Дароніна і аператар студэнцкага тэлебачання БДУ Ганна Рагачэвіч.

Людміла:

– Мы разам з нашым аператарам вырашылі наведаць дадзенае мерапрыемства і асвятліць яго. Спадабалася ўсё! Яны вялікія малайчыны. Гэта так збліжае нас, студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выдатная магчымасць пазнаёміцца, пакоўзацца на каньках. Я не ўмею катацца, але да мяне пад’язджалі абсалютна незнаёмыя студэнты, бралі мяне за рукі, і мы разам каталіся. Адчуваецца адна вялікая дружная сям’я.

Ганна:

– Я вучуся ў інстытуце журналістыкі на 3 курсе, наведваю такое мерапрыемства ўпершыню. Атмасфера тут неверагодная. Адчуваецца, што хлопцы і дзяўчаты прыйшлі сюды пакатацца, павесяліцца. Тут усё вельмі выдатна арганізавана. Мне ўсё вельмі падабаецца.

Марына:

– Мне пра гэту акцыю распавяла сяброўка. Дзякую прафкаму за цудоўнае шоу. Выдатна ўсім разам коўзацца на каньках, на лёдзе, удзельнічаць у конкурсах, розыгрышах. Гэта вельмі весела, цікава – і аб’ядноўвае. Я хацела б пажадаць сябрам не падаць, калі яны катаюцца на каньках, а ўніверсітэту дабрабыту, шчасця, росквіту, добрых студэнтаў і выкладчыкаў!

Таццяна БАГАМАЗАВА

Фота аўтара і Аліны Марціновіч

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: