У цэнтры ўвагі – падрыхтоўка студэнтаў і матывацыя выкладчыкаў. Рэктар БДУ правёў сустрэчы на факультэтах (+відэа)

1 Nov, 2017.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль наведаў ФФСН, Інстытут журналістыкі, біялагічны і юрыдычны факультэты, дзе абмеркаваў з кіраўніцтвам і загадчыкамі кафедраў стан і перспектывы падраздзяленняў.  

12 кастрычніка на факультэце філасофіі і сацыяльных навук адбылася сустрэча з кіраўніцтвам факультэта і кафедрамі, а таксама з членамі савета і прафесарска-выкладчыцкім складам ФФСН.

«Наведванне структурнага падраздзялення абумоўлена некаль­кімі мэтамі. Адна з іх дыягнастычная, уключае магчымасць блізкага знаёмства з супрацоўнікамі, другая – выпрацоўка сумесных кі­раўнічых рашэнняў і прапаноў па выяўленых праблемах», – адзначыў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

Формай сустрэчы быў заяўлены дыялог, закліканы знайсці новыя механізмы ў кіраванні ВНУ і рашэнні агучаных у прагнозна-аналітычнай інфармацыі праблем.

Рэктар падкрэсліў: «Дыялог не ёсць апытальна-зваротная дзейнасць. Хацелася б канструктыўнай гу­таркі, абмеркавання прадметных пытанняў, магчымасці пачуць кожнага загадчыка і самога дэкана. Праўда знаходзіцца не ў галаве аднаго чалавека, а падчас іх су­меснага абмеркавання і ўзаема­дзеяння».

Асноўны блок закранутых пы­танняў на ФФСН тычыўся фундаментальных праблем развіцця факультэта праз прызму філасофскіх   і сацыялагічных ведаў, матывацыі выкладчыкаў да навуковай дзей­насці, механізмаў рэйтынгавання і павышэння заработнай платы, якасці дыстанцыйных формаў пад­рыхтоўкі спецыялістаў.

«Павелічэнне зарплаты зале­жыць не толькі ад рашэння кіраў­ніцтва ВНУ. Павінны быць унут­раныя рэсурсы самога факультэта  і яго структур. Сёння загадчык кафедры не толькі выкладчык, але і менеджар, які будуе сваю працу і на прыцягненні замоўцаў кадраў, паслуг, абітурыентаў. Гэта цягне за сабой пэўныя да­датковыя фінан­савыя крыніцы. Хуткім часам у БДУ будзе ўкаранёная рэйтынгавая сістэма аплаты працы выкладчы­каў, дзе будзе выразная градацыя выплат, у залежнасці ад асабістых прафесійных паказчыкаў навучальнай і навуковай дзейнасці кожнага», – растлумачыў Андрэй Кароль.

Закрануты былі тэмы, якія ты­чацца дынамікі абарон дысер­тацый, адкрыцця новых спецыяльнасцяў, магістарскіх праграм на англійскай мове, механізмаў набору студэнтаў, сеткавых формаў інтэграцый спецыяльнасцяў, спраш­чэння працэдуры ўзгаднення да­кументацыі ўнутры ўніверсітэта і   за яго межамі, укаранення новых методык выкладання, манетызацыі адукацыйных паслуг. Шэрагу агуль­наўніверсітэцкіх структур былі да­дзены даручэнні ў месяч­ны тэрмін прадставіць праекты інтэграцыі спецыяльнасцяў, сеткавых формаў магістратуры з іншымі ВНУ, спраш­чэння працэдуры ўзаемаадносін УМА з РІВШ.
Адмысловай тэмай стала праблема далейшага развіцця БДУ, вызначэння яго стратэгічнай місіі і рэальных паказчыкаў яе рэалізацыі. Рэктар заклікаў усіх хуткім часам прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні гэтага пытання і ўнесці свае прапановы.
Рэктар Андрэй Кароль назваў гэту сустрэчу «эмацыйна цёплай, інтэлігентнай і змястоўнай».

«Пэў­ныя праблемы ўжо ўзяты на кантроль, вызначаныя лакальныя задачы. Удзячны ўсім за тое, што выйшлі на ўзровень унутрыўніверсітэцкай інтэграцыі зместу навучання. Пэўныя прапановы разгле­дзім у працоўным парадку», – рэзюмаваў Андрэй Кароль. З пажаданняў рэктар адзначыў запатрабаванасць і неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння выкладчыкаў і студэнтаў. У выступленнях калегаў дадзеная тэма была па-за зонай увагі. «Пытанне выхавання, патрыятызму студэнта з’яўляецца інтэгральнай прыладай нашай агульнай універсітэцкай справы», – адзначыў кіраўнік БДУ.

20 кастрычніка рэктар БДУ Андрэй Кароль наведаў Інсты­тут журналістыкі. На сустрэчы з кіраўніцтвам факультэта і кафед­раў, членамі савета і прафесарска-выкладчыцкім складам рэктару была прадстаўлена прагнозна-ана­літычная запіска ад кожнага   загадчыка кафедры і дырэктара Інстытута журналістыкі, а таксама актуальная выніковая інфармацыя пра дзейнасць інстытута і яго кафедраў, прадстаўленая ключавымі ўпраўленнямі. Цэнтрам абмеркавання і дыскусіі сталі актуальныя праблемы і пытанні, якія тычацца сучаснай падрыхтоўкі журналіста. У прыватнасці, была падкрэслена неабходнасць павышэння якасці навучання студэнта, патрыятычнага выхавання моладзі.

Рэктар падкрэсліў: «Гэта асаб­ліва важна інстытуту, бо ён выпускае будучых журналістаў, вядучых ТБ-каналаў, радыё. Да гэтых прафесій заўсёды будзе пільная ўвага  і адмысловы попыт». Было адзначана, што наспела неабходнасць перагляду прафесійных кампетэнцый журналіста, змены ў змесце навучальных праграм падрыхтоўкі з улікам арыентацыі на сеткавыя формы інтэграцый спецыяльнасцяў.

Асаблівая ўвага кіраўніцтва БДУ была накіравана на актывізацыю дзейнасці кафедраў па працы з  магістрантамі і аспірантамі, удасканаленне сістэмы ўзаемадзеяння з замоўцамі кадраў, манетызацыю адукацыйных паслуг, павышэнне заработнай платы. Асвятляліся пытанні развіцця спецыяльнасцяў, пазбягання ўнутранага дублявання, развіцця экспарту паслуг і абарон дысертацый. Для рашэння гэтых праблем рэктар даў дару­чэнні першаму прарэктару, пра­рэктарам і начальнікам упраўленняў аказаць інстытуту максімальнае спрыянне. Акрамя таго, кіраўніцтву інстытута на працягу месяца даручана распрацаваць выразны план далейшага развіцця Інстытута журналістыкі з прапісанымі стратэгічнымі мэтамі, механізмамі іх рашэння, выніковым прадуктам дзейнасці, з указаннем тэрмінаў выканання і фінансавых запатрабаванняў.

«Гэта неабходна зрабіць у сціслыя тэрміны, каб з  самага пачатку 2018 года праца­ваць па новым механізме, які праду­гледжвае ўвя­дзенне сістэмы дыферэнцыяванай аплаты працы   ў тым ліку». Пры гэтым рэктар падкрэсліў: «Тут я ўбачыў высокі па­тэнцыял, які можа эфектыўна спрыяць матэрыяльнаму і якас­наму развіццю інстытута».

Андрэй Кароль падзякаваў усім удзельнікам сустрэчы за пазітыўна эмацыйную і змястоўную дыскусію і выказаў спадзяванне, што дыялог быў неабходным і карысным.

Алена МАРЦУЛЕВІЧ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: