Ужо стала добрай традыцыяй у замежных студэнтаў нашага ўніверсітэта падарожнічаць па Беларусі і адкрываць усё новыя і новыя цікавыя месцы. Гэтым разам савет зямляцтваў БДУ сумесна з упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю арганізавалі 12 лістапада 2017 года экскурсійна-адукацыйную паездку ў сядзібу Козел-Паклеўскіх у в. Чырвоны Бераг і палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў у г. Гомель.
Для замежных гасцей Беларусь – гэта жамчужына ўсёй Еўропы, якая захоўвае багатую гісторыю, у далёкія часы яе звалі “краінай замкаў”. Нават цяпер, падарожнічаючы паўз беларускія гарады, мястэчкіа ці вёскі, можна ўбачыць і даведацца гісторыі пра шляхецкую сядзібу, заможны маёнтак, палац ці замак.
І вось наша вандроўка пачалося з вітанняў, у аўтобусе сабраліся прадстаўнікі з Туркменістана, Таджыкістана, Азербайджана, Афганістана, Казахстана. Такой шматнацыянальнай кампаніяй мы наведалі Гомельскую вобласць – паўднёвы рэгіён Беларусі. Тут размяшчаліся маёнткі багатых людзей першай паловы XIX стагоддзя, некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён. Самыя знакамітыя мастакі і інжынеры царскай Расіі некалі займаліся будаўніцтвам сядзібных дамоў менавіта ў гэтай частцы Беларусі.
Першае, што мы наведалі – гэты маёнтак Козел-Паклеўскіх. Шляхецкая сядзіба канца XIX стагоддзя, якая захавалася ў паўночнай частцы вёскі Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці, на беразе ракі Добасна. Сядзіба ўключана ў турыстычны маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”.
Сам род Козел-Паклеўскіх – гэта шляхецкі род, з якога ў канцы XIX стагоддзя выйшла некалькі значных прадпрымальнікаў: гандляроў віном, горна- і золатапрамыслоўцаў, уладальнікаў азбеставай прамысловасці на Урале і першага параходства на рэках Заходняй Сібіры.
Сядзіба з’яўляецца свайго роду даведнікам па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут элементы больш як дзесяці стыляў – гатычны і раманскі, ракако, маньерызм, барока, класіцызм. Нам удалося прагуляцца па залах і ацаніць ступень захаванасці, варта адзначыць, што гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленні якой выкарыстоўваўся неамаўрытанскі стыль (альгамбра), які выкарыстоўваўся толькі на поўдні Іспаніі.
Акрамя панскага дома захаваліся і іншыя аб’екты сядзібы – флігель для прыслугі, гаспадарчыя пабудовы, цагляная агароджа, спіртзавод і шыкоўны парк у англійскім стылі. Парк занесены ў пералік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, а сядзіба ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Далей нас сустрэў горад Гомель, які выдатны сваёй прыродай, архітэктурай, гістарычнымі помнікамі, музеямі, і гасціннымі людзьмі.
Пасля агляднай экскурсіі па горадзе пад назвай “Гомельскі трыкутнік” наш гід запрасіла ўнутр казачнага палаца Румянцавых і Паскевічаў. Цэнтральная частка палаца з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XVIII ст. (1777–1796). З яе гісторыяй звязана жыццё і дзейнасць выбітных асоб расійскай дзяржавы, дзяржаўных і ваенных дзеячаў Румянцавых і Паскевічаў. Створаны інтэр’еры, якія адпавядаюць іх прызначэнню: Калонная зала, “Белая гасцёўня”, “Чырвоная гасцёўня”, зала ўрачыстых прыёмаў (былая “залатая” сталовая). Кампазіцыйным цэнтрам палаца з’яўляецца калонная зала. Гэта самае вялікае па памерах памяшканне цэнтральнай часткі палаца, якое адразу ж асляпляе сваім багатым убраннем і дэкаратыўным аздабленнем.
У гомельскім палацы князёў Паскевічаў, нароўні з творамі жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва свецкага характару, знаходзіўся вялікі збор культавых прадметаў.
Таксама мы змаглі падняцца на чатырох’ярусную вежу палаца, якая мае сярэднявечныя рысы. Вышыня вежы складае 32 м. У наш час у вежы размешчана музейная экспазіцыя “Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы”. Размешчаныя на трох паверхах вежы – сапраўдныя экспанаты (карціны, скульптура, мастацкая бронза, зброя, асабістыя рэчы) дазваляюць паказаць гісторыю Гомелю, палаца і парку канца XVIII–пачатку XX стагоддзяў, раскрыць ролю ўладальнікаў Гомельскага маёнтка Румянцавых і Паскевічаў у стварэнні палацава-паркавага ансамбля і фарміраванні новага аблічча Гомеля, рэканструяваць некаторыя з інтэр’ераў палаца.
Падводзячы вынік нашай вандроўкі, варта сказаць, што беларускі народ праз усю гісторыю заставаўся працавітым, моцным, устойлівым і гасцінным. Гісторыя, культура, традыцыі з’яўляюцца асноўным сегментам паразумення і адзінства ўсіх народаў. Сёння я студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучуся на 4 курсе Інстытута журналістыкі і жыву ўжо чацвёрты год у Беларусі, у г. Мінску. Я ганаруся тым, што абраў гэту краіну. За гэтыя гады я вельмі многае даведаўся пра людзей, наведаў розныя месцы – усё гэта назаўжды застанецца ў маім сэрцы.
Наша экскурсія яшчэ больш аб’яднала нас, аб’яднала цэлыя народы! І мы чакаем новай вандроўкі, новых прыгод і новых адкрыццяў!
Сухайл СУФІЕЎ