«Вершус»: каманда Коласа перашумела зборную Купалы ў першым паэтычным батле (+відэа)

7 Nov, 2017.

Пераможцы «Вершуса» зборная Коласа

«Вершус», беларускамоўны паэтычны батл, прайшоў ўпершыню 3 лістапада ў Мінску. Маладыя паэты і акцёры паспаборнічалі адзін на адзін, іх зброя – свае вершы і творы класікаў. Гэты батл адбыўся ў рамках рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з Velcom», які прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Партнёр гэтага праекта – Белдзяржуніверсітэт.Прадстаўнікі ад кожнай каманды сустрэліся ў трох раўндах паэтычнага батла. У першым раўндзе спаборнічалі акцёры тэатра «Жывое слова» Анатоль Глямбоцкi i Наста Жлукценка. У другім і трэцім раўндах сышліся маладыя паэты: Кацярына Мосэ і Маргарыта Латышкевіч, Алесь Снег і Мікіта Найдзёнаў. Пераможцаў ў «Вершусе» вызначалі гледачы пры дапамозе шумамера. Па выніках паэтычнага батла «Вершус» зборная Коласа (актрыса Алеся Сівохіна, паэты Кацярына Моссэ і Алесь Снег) перамагла.

Вячаслаў Смірноў

– Папулярны фармат «батлу» мы вырашылі пераўтварыць у добрае спаборніцтва паэтычных талентаў, – каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Смірноў. – Паэтычны батл падтрымаў наш падыход да новага прачытання беларускай класікі. «Вершус» атрымаўся добрым, яркім і драйвовым. І перамагла, у першую чаргу, прыгажосць беларускага слова – як Купалы і Коласа, так і сучасных паэтаў.

Зборная Купалы (Мікіта Найдзёнаў зправа)

Выпускнік БДУ Мікіта Найдзёнаў падзяліўся сваімі ўражаннямі:

– “Чытаем па-беларуску” – вельмі слушны конкурс. Калі б мне ў школьныя гады пашанцавала паўдзельнічаць у падобнай справе, магчыма, я б раней адкрыў для сябе беларускую паэзію. А з другога боку, калі дарослыя людзі таксама бяруць удзел і чытаюць вершы, якія, магчыма, ведалі ў школьныя гады, гэта таксама добры крок для таго, каб спрычыніцца да добрай асветніцкай справы. Час мяняе фарматы і цалкам натуральна, што паэзія цяпер знаходзіць сваё месца ў сеціве. Што да “Вершуса”, то гэта хутчэй паэтычны слэм, чым батл. Бо слэм – гэта спаборніцтва, дзе сваім абаянем і сваёй творчасцю ты перацягваеш гледачоў на свой бок, але, у адрозненні ад батла, табе не патрэбна ганіць і руйнаваць апанента. Хаця па шчырасці, мне даспадобы абодва варыянты.

Як мы ўжо адзначылі, мерапрыемства прымеркавана да конкурсу «Чытаем па-беларуску з Velcom». У гэтым спаборніцве ўдзельнічаюць вучні 7-8 класаў. Удзельнікі запісваюць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, і размяшчаюць відэазапіс на асабістай старонцы ў Facebook, ВКонтакте або Instagram c афіцыйнымі хэштэгамі праекта #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom да 30 лістапада. Лепшыя, на думку журы, канкурсанты, прымуць удзел у рэгіянальных этапах. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.

БДУ патрымлівае рэспубліканскі конкурс «Чытаем па-беларуску з Velcom», а таксама яго ўдзельнікаў. Мы запускаем эстафету чытанняў беларускіх твораў. Першы – філалагічны факультэт. Студэнты ўжо прачыталі ўрывак з паэмы «Новая зямля» «Раніца ў нядзельку» Якуба Коласа. Дарэчы, 3 лістапада адзначалася 135-годдзе з дня нараджэння паэта. Філфак перадае эстафету гістарычнаму факультэту, чакаем адказу!Таксама запрашаем нашых студэнтаў падтрымаць удзельнiкаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»!

Як гэта зрабiць:
1. Выберыце вядомы твор беларускага аўтара.
2. Запішыце відэа, на якім вы чытаеце выбраны твор.
3. У пачатку відэа прадстаўцеся і выкажыце словы падтрымкі.
4. Пастарайцеся, каб працягласць відэазапісу не перавышала 2 хвілін.
5. Размясціце відэазапіс на сваёй асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак (Вконтакте, Facebook, або Instagram) з адным з афіцыйных хэштэгаў конкурсу — #чытаемзвэлком альбо #чытаемзvelcom.
 
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Velcom
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: