Віншуем: кафедры крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ споўнiлася 45 гадоў!

8 Nov, 2017.

Палігон абсталяваны сучаснай крыміналістычнай і экспертнай тэхнікай

Сёлета кафедра крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ адзначае юбілей – 45 гадоў. Да гэтай важнай даты прысвяцілі шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх публікацыя зборніка навуковых прац і міжнародная канферэнцыя. Апроч гэтага прыгадалі значныя падзеі з гісторыі кафедры і тых дзеячаў, без якіх немагчыма ўявіць навуку пра крыміналістыку.

Душа кафедры
Сваю гісторыю кафедра крыміналістыкі юрыдычнага факультэта БДУ распачала ў 1972 годзе. З тых часоў кафедра з’яўляецца адным з вядучых навучальных і навуковых крыміналістычных цэнтраў  Беларусі.Стварэнне кафедры і яе нас­тупнае развіццё звязана з імем вядомага навукоўца-крыміналіста, доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Андрэя Ва­сільевіча Дулава. Ён узна­чальваў кафедру каля 18 гадоў. За гэты час стварыў суладны калектыў навукоўцаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, арганізаваў эфек­тыўную працу. Ім апублікавана звыш 600 навуковых прац, пад­рых­­тавана больш за 50 кандыдатаў і дактароў юрыдычных навук.Другім загадчыкам кафедры быў кандыдат юрыдычных навук дацэнт Рыгор Аляксандравіч Шумак. На сваім пасту ён пра­працаваў больш як 25 гадоў. У сваёй працы надаваў увагу пераемнасці навуковых традыцый і выклад­чыцкага досведу старэйшага пакалення.
І вось з красавіка мінулага года кафедру ўзначальвае доктар юрыдычных навук прафесар Вячаслаў Барысавіч Шабаноў. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляецца ўзмацненне беларускай крыміналістычнай навукі, пашыраюцца ўмовы для падрыхтоўкі маладых супрацоўнікаў кафедры.
Таксама кафедра – гэта яе супрацоўнікі. У наш час на кафедры працуе 27 выкладчыкаў. Варта адзначыць, што многія з іх маюць досвед працы ў праваахоўных органах.

Сучаснасць і будучыня
Выкладчыкі кафедры крыміналістыкі вядуць заняткі для студэнтаў і магістрантаў розных факуль­тэтаў і спецыяльнасцяў. Толькі на юрыдычным факультэце кафедра вядзе 6 курсаў і 6 спецкурсаў. Асноўныя дысцыпліны падры­тоўкі наступныя: крыміналістыка, юры­дычная псіхалогія, судовая бухгалтэрыя, судовая медыцына, судовая псіхіятрыя, прававая інфарматыка і іншыя.
Сумесна з іншымі кафедрамі юрфака падрыхтаваны высока­кваліфікаваныя спецыялісты, якія працуюць у судах, органах пракуратуры, следства, у экспертных установах краіны. Пра якасці, неабходныя ў гэтых прафесіях, загадчык кафедры крыміналістыкі Вячаслаў Шабаноў кажа так:
– Акрамя дастатковага аб’ёму ведаў у галіне юрыспрудэнцыі не­аб­­ходная псі­­­ха­­ла­гічная ўстой­­лівасць да працы ў  эк­стрэ­ма­ль­­­­най сі­­ту­ацыі. Нават атрымаў­шы адукацыю следчага, пракурора ці суддзі, працаваць у гэтым рэчышчы можа далёка не кожны.
Высілкамі навукоўцаў кафедры створана арыгінальная беларуская навуковая школа крыміналістыкі. Яна распаўсюджвае свой уплыў на іншыя навучальныя і навуковыя ўстановы Беларусі і за яе межы. Дарэчы, кафедра супрацоўнічае са шматлікімі навучаль­нымі ўстановамі Расіі, Германіі, Польшчы.
Сапраўдны гонар кафедры – гэта яе крыміналістычны палігон, які не мае аналагаў у краіне. Ён быў створаны пад кіраўніцтвам Вячаслава Барысавіча і адкрыўся амаль год назад. Палігон складаецца з аўдыторыі, абсталяванай сучаснай крыміналістычнай і экспертнай тэхнікай. Тут размешчана некалькі змадэляваных фрагментаў здарэнняў і навучальныя ма­некены. Прадстаўлены ўзоры тэх­нікі, фотаабсталявання, следчых набораў, зброі.
– Палігон мае гістарычны, ідэалагічны і прававы характар, – распавядае загадчык кафедры. – Тут можна даведацца, як развівалася беларуская крыміналістыка і хто стаяў ля яе вытокаў. Мы наглядна паказваем, што такое злачыннасць і як з ёй змагацца. Тлумачым, як зрабіць так, каб дзеці не траплялі пад уплыў крымінальных структур. Таксама тут праводзяцца заняткі па тактыцы расследавання зла­чын­стваў: забойстваў, крадзяжоў, выкарыстання тэхнікі.
Па словах Вячаслава Барысавіча, у планах кафедры – далейшае развіццё навуковай і выкладчыцкай дзейнасці:
– Будзем удасканальваць  методыку раскрыцця асобных  відаў злачынстваў, напрыклад, з выкарыстаннем электронна-аплатных сродкаў. Бо злачынны свет таксама ўдасканальваецца, і наша задача – працаваць на апя­рэджанне.

Міжнародная
канферэнцыя
Да юбілею кафедры 12–13 кастрычніка правялі міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Крыміналістычнае забеспячэнне расследавання злачынстваў: праблемы, перспектывы і інавацыі». На канферэнцыі прадставілі свае даклады 97 навукоўцаў з 46 вышэйшых навучальных устаноў, дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі, Казахстана, Кітая, Расіі, Украіны. На адкрыцці канферэнцыі прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей Ходзін адзначыў нас­тупнае:
– БДУ мае права ганарыцца сваімі навучальнымі школамі. Уплыў школы крыміналістыкі распаўсюдзіўся на іншыя ўніверсітэты, навучальныя і навуковыя ўстановы, і нават за межы краіны. Юбілей – гэта не толькі нагода для сустрэчы і віншаванняў, але і магчымасць акрэсліць праб­лемы, рашэнне якіх фарміруе   новыя перспектывы. І канферэнцыя ў гэтым дачыненні – зручная форма ўзаемадзеяння прафе­­­сія­налаў.
Таксама на пасяджэнні свае віншаванні і пажаданні выказалі госці з праваахоўных органаў і дзяржаўных арганізацый. Сярод іх кіраўніцтва Рэспубліканскай  калегіі адвакатаў, Пракуратуры і Следчага камітэта Беларусі, ДУ «НПЦ Дзяржаўнага камітэта су­довых экспертыз Рэспублікі Беларусь», Прафсаюзнага камітэта работнікаў БДУ. Яны ўручылі дыпломы і падзячныя лісты, па­дарункі кафедры і яе супрацоў­ні­кам за ўнёсак у развіццё навукі, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі.
У дадатак словы падзякі і павагі гучалі ў адрас Андрэя Васілье­віча Дулава, які 45 гадоў таму спрычыніўся да стварэння кафедры. Заслужаны дзеяч навукі  на адкрыцці канферэнцыі казаў:
– Усё маё жыццё звязана з крыміналістыкай, увесь час слу­жыў адной навуцы. Я шчаслівы, што стаяў ля вытокаў гэтай навукі. Я задаволены, што сёння знаходжуся на такім сходзе, дзе ўсё больш і больш людзей маюць дачыненне да крыміналістыкі.  Забяспечваюць яе, ствараюць падмурак для нашай дзяржавы. Цяпер мы ўбачылі, што крыміналістыка не толькі змагаецца са злачыннасцю, але і папярэджвае яе.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: