Як падняць самаацэнку

16 Nov, 2017.

“Жыць з нізкай самаацэнкай – нібы ехаць у аўтамабілі з уключаным ручным тормазам”

Бывае, што, гледзячы ў люстэрка, мы думаем пра сябе, што не надта прыгожыя, не надта ўдачлівыя, зусім не разумныя і не шчаслівыя. Часцей за ўсё гэта далёка ад праўды, але нішто так не дзейнічае на наша самаадчуванне, як самаўнушэнне.

Гэта ўплывае не толькі на настрой, але і на нашы ўчынкі і адносіны з людзьмі. У выніку нізкая самаацэнка здольная добра-такі падпсаваць жыццё. Для кагосьці нізкая самаацэнка падобная да млявапраяўнай ліхаманкі, якая няспынна выбівае глебу з-пад ног. Для іншых яна нібы праклён, які пазбаўляе радасці і падзякі за тое, што дае жыццё.

Самаацэнка – каштоўнасць, якую чалавек прыпісвае самому сабе ці нейкім сваім асобным якасцям. Важнасць яе цяжка пераацаніць. Звычайная і высокая самаацэнка дазваляе дамагчыся ў жыцці значна большага, чым пры прыніжанай самаацэнцы.

Адкуль жа бярэцца нізкая самаацэнка? Усё вельмі проста…”Ізноў выпусціў, няўклюда!”, “Паглядзі, да каго ты падобны, неахайнік!”, “Простых рэчаў не разумееш, бесталкоўшчына!”, – знаёмы рэфрэн пэўнага стылю бацькоўскага выхавання, ці не праўда? Што ж, сапраўды, усе мы родам з дзяцінства. Але бываюць сітуацыі, калі нават у дарослага, даволі шчаснага чалавека самаацэнка раптоўна можа апусціцца амаль на нулявы ўзровень. Часам для гэтага бывае дастаткова весткі пра здраду блізкага чалавека ці пра раптоўнае скарачэнне на працы.

Але не толькі і не столькі вонкавыя акалічнасці граюць сваю ролю ў падзенні самаацэнкі – у гэтым можа быць вінаваты нават тып тэмпераменту. Калі ў сангвінікаў і флегматыкаў самаацэнка, як правіла, стабільная, то ў халерыкаў яна скача, як стрэлка барометра; меланхолікі ж часцей за ўсё пакутуюць ад прыніжанай самаацэнкі.

Псіхалогія няўмольная: пакуль у чалавека праблемы з самаацэнкай, не бачыць яму гарманічных адносін ні ў сям’і, ні з каханым! Поле, прызначанае для кахання, застанецца полем бітвы. Што ж, значыць трэба гэту самую самаацэнку паднімаць.

Давайце пачнём з таго, што паспрабуем вызначыць, для чаго, уласна, нам трэба ўвесь час штосьці ацэньваць – навакольных, сітуацыі? А галоўнае – ацэньваць сябе?

Калі ў вашым асяроддзі ёсць сапраўды самадастатковы чалавек, прыгледзьцеся да яго: ці існуюць у яго лексіконе слова-ацэнкі? Скажу па сакрэце: калі ёсць, ён не самадастатковы. Высокая самаацэнка прыводзіць да… поўнай адсутнасці самога запатрабавання ацэньваць і сябе самога, і наогул – што б там ні было, вось у чым сакрэт!

Падумайце: што ў свеце зменіцца ў залежнасці ад таго, як я гэта ацэньваю? Хіба сітуацыя зменіцца толькі таму, што я лічу яе несправядлівай? Зразумела, не. У маіх сілах іншае: разабрацца, чаму яна можа мяне навучыць, што я павінен зрабіць, каб мне стала камфортна, і гэтак далей. Сапраўды: як бы я ні ацэньваў чалавека, ён ад гэтага лепшым не стане. Бо змяняемся мы зусім па іншых прычынах: таму што развіваемся, таму што нам самім неабходныя гэтыя змены. А нечая негатыўная ацэнка нас толькі засмучае, злуе, выводзіць з раўнавагі, прымушае або камплексаваць, або рваць адносіны. Дык што мы робім, ацэньваючы блізкіх? Тое самае.

Ну, а зараз пра галоўнае – пра самаацэнку. Я сябе ацэньваю – і высвятляецца, што я сабой незадаволены. Выдатна – аўтаматычна менавіта гэты сігнал я пасылаю ў прастору і магу з упэўненасцю чакаць зваротнага імпульсу: хтосьці выкажа мне незадаволенасць, хтосьці мяне зняважыць, пакрыўдзіць і гэтак далей. Што ў сваю чаргу яшчэ больш зменшыць маю самаацэнку. Віншую: круг замкнуўся.

Добра, паспрабуем зайсці з іншага боку. У мяне самаацэнка – да нябёсаў, я сабой любуюся. Ужо такі добры, такі добры! Лепш за ўсіх! Што за імпульсы зыходзяць ад мяне ў гэтым выпадку? Напэўна, вы здагадваецеся: самаўзвелічэнне, а такім чынам, знявага іншых. Ці трэба распавядаць, што я атрымаю ў адказ?

Павялічваем самаацэнку

  1. Паважаныя бацькі! Памятайце: калі без канца паўтараць свайму дзіцяці, што яно нічога не ведае, не ўмее і нічога вось ніколі ў яго не атрымліваецца, то цалкам магчыма, што аднойчы яно і сапраўды ў гэта паверыць, а тады – праблемы з самаацэнкай яму гарантаваныя. Што б ні адбылося, Свет парадаў рэкамендуе крытыкаваць саму правіну, а не яго вінаватага: дзіця заўсёды павінна ведаць, што вы яго любіце такім, якім яно ёсць.
  2. Забудзьцеся пра тое, як моцна вы хочаце павялічыць сваю самаацэнку. Занадта моцнае жаданне часцяком становіцца перашкодай на шляху да ажыццяўлення. Проста жывіце – і верце, што вы даможацеся ўсяго, што захочаце.
  3. Калі вырашылі зрабіць штосьці, не адкладайце справу ў доўгую скрыню. Чым даўжэй збіраецеся пачаць, тым больш непераадольнымі здаюцца магчымыя цяжкасці.
  4. Кожны дзень даведвайцеся што-небудзь новае, рабіце тое, што ніколі раней не рабілі. Гэтым вы пашыраеце не толькі далягляд, але і зону душэўнага камфорту.
  5. Калі штосьці вам незразумела – не бойцеся задаць пытанне суразмоўцу. Гэта якраз часта адлюстроўваецца на вашай самаацэнцы, негатыўна ці пазітыўна, вырашаць вам. Найлепш аднойчы здацца дурнем, чым ашуквацца штораз.
  6. Запішыцеся ў трэнажорную залу ці хоць бы завядзіце звычку рабіць ранішнюю гімнастыку. Моцнае, трэніраванае, вольнае ў сваіх рухах цела дзівосным чынам уплывае на дух, які жыве ў гэтым целе.

І яшчэ, зайдзіце ў цырульню. Абновіце гардэроб. Зрабіце ў доме генеральную ўборку. Такія, здавалася б, дробязі таксама значаць вельмі шмат для павышэння самаацэнкі.

  1. Вечная незадаволенасць усім любога ператворыць у маркотнага буркуна. Больш аптымізму! Вечная незадаволенасць сабой падобная да мазахізму, і ніяк не спрыяе павышэнню самаацэнкі. Паменш лайце і часцей хваліце сябе! Калекцыянуйце свае поспехі, нават самыя малаважныя, можна нават запісваць іх у спецыяльны нататнік.
  2. Усміхайцеся! Усміхайцеся шчыра! Расслабляльнае і заспакаяльнае дзеянне (шчырай, а не нацягнутай, дзяжурнай) усмешкі настолькі дабратворнае, што дзіўна, як рэдка людзі карыстаюцца гэтым бальзамам душы.
  3. Перастаньце параўноўваць сябе з іншымі, гэта рэдка калі дапамагае павышэнню самаацэнкі. Параўноўвайце толькі сябе-сённяшняга з сабой-учорашнім.
  4. Ніколі не апраўдвайцеся. Чалавек, які блытана бубніць апраўданні, выклікае жаласнае ўражанне. Калі паўстала такая патрэба, спакойным і ўпэўненым голасам растлумачыце свой учынак.
  5. Страх – самы галоўны разбуральнік упэўненасці. А як не баяцца? Знайсці страхоўку, запасны варыянт, трымаць у галаве абыходны шлях, зменшыць важнасць задачы, загадзя змірыцца з няўдачай і дзейнічаць! Забудзьцеся пра страх. Уявіце сабе, што адбылося менавіта тое, чаго вы так баяліся. Загадзя прадумайце варыянты, як вы будзеце дзейнічаць. Памятайце, што ў фарміраванні самаацэнкі карысны любы, нават адмоўны досвед.
  6. Дазвольце сабе быць недасканалым. Хай вы штосьці робіце горш за іншых, ніхто не мае права чакаць, каб вы заўсёды былі бездакорныя ва ўсіх адносінах.
  7. Прыміце ўдзел у дабрачыннай акцыі – ці хоць бы дапамажыце данесці торбу пажылой суседцы. Дапамога блізкім – для самаацэнкі адзін з найлепшых вітамінаў росту. Нішто так не дапамагае пераканацца ў тым, што вы не такі ўжо дрэнны, як чыясьці падзяка. Не саромейцеся дапамагаць людзям і імкніцеся не здзяйсняць учынкаў, якія прынясуць іншым людзям боль. Вы ўбачыце аддачу ад сваіх дзеянняў. Часам вельмі проста дапамагчы блізкаму і нават зусім незнаёмаму чалавеку, але мы чамусьці праходзім міма. Калі вы зразумееце, што даяце карысць людзям, вы не зможаце лічыць сябе безнадзейным няўдачнікам.
  8. Плануйце свае справы. Не пачынайце дня без плана дня, тыдзень без плана тыдня і г. д. План на наступны дзень найлепш пісаць увечар і карэктаваць раніцай.
  9. Калі вы вырашылі зрабіць штосьці, пачынайце як мага хутчэй, не думаючы пра цяжкасці. Чым даўжэй вы збіраецеся пачаць, тым складанейшай здаецца справа.
  10. Паверце ў сябе. Проста так, без усякіх умоў. Проста паверце, што вы можаце ўсё. Бо любую складаную праблему можна разбіць на паслядоўнасць нескладаных дзеянняў і проста выканаць гэтыя дзеянні. Галоўнае – ведаць, куды ісці, і ісці, нягледзячы ні на што!
  11. Любую, нават самую нецікавую, справу не рабіце механічна. Спачатку паспрабуйце зрабіць яе цікавай. Справа будзе выканана хутчэй і лепш. (Дзякуй Дэйлу Карнегі, гэта парада дапамагала мне не раз!).
  12. Размаўляйце з прыемнымі людзьмі. Вядома, немагчыма выключыць моманты, калі нам даводзіцца мець зносіны з людзьмі, якія нам зусім не падабаюцца. Але ў нашых сілах не дапускаць іх да блізкіх зносін. Стварыце сабе такое кола сяброў і знаёмых, зносіны з якімі для вас не праблемныя. Сяброўства і шчырая прыхільнасць да вас – найлепшыя лекі ад нізкай самаацэнкі. Тыя, хто прымаюць вас такімі, якія вы ёсць, дапамогуць вам пераадолець сумневы з нагоды ўласнай знешнасці, розуму ці душэўных якасцяў. Калі вас хтосьці любіць, значыць, вы не можаце быць такім аўтсайдарам, якім здаяцеся сабе.
  13. Завядзіце сабаку – як бы ні павярнула фартуна, для яе вы заўсёды будзеце Самым Каханым Гаспадаром.
  14. І галоўнае – дзейнічаць!!! Дзейнічаць рашуча, не азіраючыся назад. Калі масты спалены, адыходзіць няма куды. Прыйдзецца ісці наперад! Нават калі вельмі страшна… Стаўце рэальныя мэты, рабіце рэальныя крокі да іх дасягнення, і вы атрымаеце цалкам адчувальны вынік.

Дзіўна, чаму многія з нас думаюць пра сябе значна горш, чым мы ёсць насамрэч. Бо дрэнных людзей значна менш, чым мы думаем, і ў кожным з нас ёсць штосьці выдатнае. Для таго, каб быць прыгожым, каханым, паспяховым чалавекам, зусім не абавязкова валодаць мадэльнымі дадзенымі, незлічоным багаццем ці энцыклапедычнымі ведамі ў галіне атамнай фізікі.

Дастаткова верыць у сябе, прыкладаць высілкі да таго, каб дасягаць поспехаў, і любіць тых, хто вас атачае. Тады праблема нізкай самаацэнкі наўрад ці калі-небудзь закране вас сур’езна.

Вашай крыніцай натхнення можа стаць паэтка Мая Анжэлу. Опра Уінфры спытала Маю ў інтэрв’ю, чаму, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія ёй выпалі, яна ніколі не ўсумнілася ў сабе. Мая адказала, што з тых часоў, як яна ўсвядоміла, што Бог любіць яе, сумневаў у яе больш не заставалася. Бо калі яе любіць Бог, то як яна можа ўсумніцца ў сабе? Калі і вы хочаце навучыцца дзякаваць за падзеі ў сваім жыцці, вам варта паверыць у тое, што вы прыйшлі на Зямлю з вызначанай, толькі на вас аднаго ўскладзенай місіяй.

Вы – адзіны, абсалютна непаўторны чалавек з талентамі і здольнасцямі, у якіх свет вельмі мае патрэбу.

З ростам вашай веры ва ўласную непаўторнасць і прыгажосць пачне расці ваша падзяка за падараваныя здольнасці, і вам будзе лягчэй звярнуць іх на карысць іншых.

Таццяна Аляксандраўна УШАКЕВІЧ, псіхолаг, загадчык псіхалагічнай лабараторыі ўстановы аховы здароўя “Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер”

Кантактны тэлефон: 8 017 299 03 66

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: