Адкрыты моладзевы танцавальны фэст BSU Dance Festival прайшоў у лістападзе ў рамках акцыі “Творчая моладзь супраць СНІДу” і Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь.
У фэсце было 2 этапы: 1 – адборачны і 2 – гала-канцэрт. Выступалі салісты і танцавальныя калектывы ў кірунках: show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop, house, мадэрн, джаз-мадэрн, кантэмпарары, попінг, локінг і інш. Паўдзельнічаць маглі студэнты з ВНУ, сярэдніх навучальных устаноў, прадстаўнікоў моладзевых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, творчай моладзі. Трэба было толькі высылаць заяўку па форме, творчую характарыстыку калектыву і адпавядаць прынятым у грамадстве этычным і эстэтычным нормам. Па выніках адбору 29 лістапада фіналісты выступілі ў гала-канцэрце ў клубе RE:PUBLIC.
Гала-канцэрт фэсту праводзіўся ў два блокі: у першым блоку танцавальныя калектывы прадставілі танец, які найбольш ярка адлюстроўваў характар, тэхніку і майстэрства танцавальнага калектыву. Тэматыку і стыль танцавальнага нумара ўдзельнікі конкурсу вызначалі самастойна.
Другі блок гала-канцэрта – для сольных выканаўцаў у выглядзе танцавальнай бітвы паміж удзельнікамі DANCE-BATTLE. Аргкамітэт вызначыў танцавальныя пары “батла”. Кожны ўдзельнік па чарзе танчыў пад музыку суперніка і пад свой трэк. Апрача танца дапускалася пэўнае іранізаванне з суперніка і яго “перадражніванне”. Галоўныя два правілы: танцорам нельга дакранацца адзін да аднаго, а таксама нельга парушаць чарговасць (калі адзін танчыць, іншы абавязкова стаіць). Гран-пры фэсту вызначыўся шляхам гледачовага галасавання асобна для двух блокаў.
Лаўрэатаў першага, другога і трэцяга месца па кожным конкурсным блоку падчас гала-канцэрта абрала кампетэнтнае журы. Ацэньвалі выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў, тэхніку выканання, артыстычнасць, музычнасць, сюжэтна-вобразнае рашэнне танца, адпаведнасць музычнага матэрыялу харэаграфічнай лексіцы, адпаведнасць знешняга выгляду выканаўцаў сцэнічнаму вобразу. Са слоў Дар’і Шульгі, кіраўніка праекта, у адборы было каля 50 прэтэндэнтаў. У фінал выйшлі 9 каманд і 10 салістаў – усяго 120 удзельнікаў з розных ВНУ і школ. Відавочна, што танцорам прыйшлося пастарацца.
Аргкамітэт, сумесна з удзельнікамі журы фэсту, вызначыў чатыры спецыяльныя намінацыі: “Найлепшая танцавальная група”, “Найлепшая пастановачная праца фэсту”, “Найлепшы танцор фэсту” і “Найлепшая танцорка фэсту”.
Усіх удзельнікаў узнагародзілі дыпломамі за ўдзел у фэсце. І вось яны – пераможцы:
Гран-пры (сола) – Арцём Козыраў , ФСК БДУ;
Гран-пры (калектывы) – танцавальны праект “АРТ-ЮНІЦІ”, БДПУ імя М. Танка;
1 месца (сола) – АрцёмКозыраў , ФСК БДУ;
1 месца (калектывы) – танцавальны праект “АРТ-ЮНІЦІ”, БДПУ імя М. Танка;
2 месца (сола) – Віталія Падольская , ДІКСТ БДУ;
2 месца (калектывы) – AcaDance, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце РБ;
3 месца (сола) – Расціслаў Падольскі , СШ № 201 г. Мінска;
3 месца (калектывы) – In a motion, БДМУ;
“Найлепшая танцавальная група” – танцавальная каманда Sense, БДЭУ;
“Найлепшая пастановачная праца фэсту” – Black Swans, ІБМТ БДУ;
“Найлепшы танцор фэсту” – Андрэй Смірноў, БДМУ;
“Найлепшая танцорка фэсту” – Дар’я Мальцава, МДЭІ імя Сахарава БДУ.
Але ўсё гэта – вонкавы бок медаля. А што адбывалася ўнутры,у творчых калектывах і сэрцах выступоўцаў, нам распавядуць самі ўдзельнікі.
Са слоў Ганны СЕРАДЫ, танцавальны праект БДПУ імя Максіма Танка “Арт-ЮНІЦІ”існуе ўжо 9 гадоў. Яны заўсёды адкрытыя для чагосьці новага: няхай гэта будзе фэст ці чэмпіянат. Кожнае такое мерапрыемства дае не толькі станоўчыя эмоцыі, але таксама досвед і новыя знаёмствы, дзякуючы гэтаму яны развіваюцца і імкнуцца да вызначанай мэты.
Новую пастаноўку кіраўнік Крысціна Гарон-Масесава прапанавала яшчэ напачатку верасня, і з таго моманту яны пачалі пільна працаваць. Спачатку думалі, што не змогуць, занадта цяжка было трэніравацца, але чым далей ішоў час, тым больш яны ўцягваліся ў свой вобраз і тым больш пражывалі ў ім. Гэта адлюстраванне стылю, грацыі і пафасу.
Яшчэ са школы Ганна была вельмі актыўным чалавекам: займалася ў танцавальным калектыве, удзельнічала ў інтэлектуальных гульнях, гуляла за зборную школы па валейболе, дапамагала і ўдзельнічала ва ўсіх школьных і агульнагарадскіх мерапрыемствах. Менавіта ў той час і сфарміравалася яе актыўная пазіцыя, што дапамагае і цяпер у яе жыцці. У дадзены момант яна навучаецца на апошнім курсе фізіка-матэматычнага факультэта, адначасова працуе настаўнікам матэматыкі ў 30 школе. Але нягледзячы на вялікую загружанасць, яна не кідае заняткі танцамі, бо менавіта там яна можа расслабіцца і атрымаць задавальненне напоўніцу.
— Ганна, распавядзіце, калі ласка, пра ўражанні ад удзелу ў праекце.
— Уражанні ад удзелу ў фэсце былі самыя розныя: ад страху да дзікай радасці перамогі. Такія конкурсы прадугледжваюць пэўную канкурэнцыю. На самім фэсце было не зусім відавочна, хто пераможа, бо ўсе канкурсанты былі годнымі і проста выдатнымі. Але мы ўсё ж спадзяваліся, а надзею падмацавалі сваімі стараннямі і эмоцыямі на сцэне. І максімальна прыемна, калі цябе спачатку аб’яўляюць першым месцам, а потым і гран-пры. Вельмі прыемна, што нас ацанілі як кампетэнтнае журы, так і гледачы.
Анастасія ТАМІЛА, удзельніца калектыву Акадэміі кіравання AcaDance, распавяла нам, што ён быў створаны 3 гады таму па ініцыятыве саміх студэнтаў і аб’яднаў тых, якія не ўяўляе сябе без творчасці, музыкі, руху і сцэны. AcaDance з’яўляецца пастаянным удзельнікам і прызёрам не толькі ўнутрыакадэмічных творчых мерапрыемстваў, але і міжуніверсітэцкіх танцавальных фэстаў і конкурсаў. Студэнты, працаўнікі і кіраўніцтва Акадэміі кіравання сапраўды любяць сваіх танцораў і заўсёды падтрымліваюць іх.
— Анастасія, што вам дае ўдзел у гэтым фэсце, чаму вы тут?
— Для нас было надзвычайна прыемна апынуцца ў фінале такога маштабнага моладзевага фэсту і прадстаўляць нашу родную акадэмію. Праект аб’яднаў творчых дзяцей з розных ВНУ краіны, для нас фэст – гэта магчымасць паказаць нашу творчасць іншым, а таксама пазмагацца за гледачовыя сімпатыі.
AcaDance з’яўляецца пастаянным удзельнікам усіх творчых мерапрыемстваў акадэміі. Мы заўсёды ў сябе ў калектыве рады новенькім, хто хоча самарэалізавацца ў танцы. Таму штогод калектыў папаўняецца таленавітымі першакурснікамі, і танцораў ужо стулькі, што мы не месцімся ў рамкі аднаго складу.
Кожны год у сябе ў акадэміі ўвесну мы ставім масавы танцавальны флэшмоб, у якім бяруць удзел не толькі танцоры з AcaDance, але і абсалютна любы ахвотнік. Удзельнічаюць нават тыя дзеці, якія ніколі ў жыцці не займаліся танцамі.
Ад усяго калектыву AcaDance хочацца падзякаваць арганізатарам за правядзенне такога выдатнага фэсту і магчымасці раскрыць яшчэ больш свае магчымасці ў рамках гэтага праекта, займець новых сяброў.
Арцём КОЗЫРАЎ, пераможца фэсту, падзяліўся з намі праўдай пра тое, што першапачаткова ім рухала цікавасць, жаданне атрымаць новыя эмоцыі. Сам па сабе ён актывіст, бярэцца за ўсё, абы часу хапала, і калі яму сказалі пра гэты фэст, то падумаў: “Чаму б і не?” Што да падрыхтоўкі менавіта да яго, то яе асабліва і не было. Ён шмат трэніруецца, увесь час штосьці прыдумляе, і таму ў яго ўжо былі свае нарыхтоўкі. Заставалася іх толькі прадставіць.
— Арцём, як усё прайшло для вас? Якія былі эмоцыі?
— Мне ўсё вельмі спадабалася. Была вельмі “цёплая” зала. Такія мерапрыемствы мяне натхняюць. Хачу трохі распавесці пра сябе. Я займаюся танцамі на працягу 6 гадоў і аддаю гэтай справе ўсяго сябе. Усе свае сілы, эмоцыі, усю сваю душу. Было шмат розных сітуацый, калі танцы сталі выратавальным кругам. Гэта маё, і гэтага ў мяне не адабраць. Але мінулы год для мяне быў зусім не салодкім. Было вельмі шмат няўдач і паражэнняў, а калі перамогі і былі, то для мяне яны былі дробнымі і малаважнымі. Гэта ўвесь час ціснула на мяне, і ледзь не дайшло да таго, што я гатовы быў гэта ўсё кінуць. Я ўдзячны людзям, якія знайшлі правільныя словы, і задаволены сабой, што не даў сабе слабіны. Я акрыяў духам і зноў распачаў гэту бясконцую “гульню”)
А падобныя мерапрыемствы даюць мне надзею. Бо самае прыемнае – гэта не перамога, а прызнанне іншымі цябе як асобы. Тыя імгненні, калі да мяне падыходзяць ці пішуць людзі слова падзякі за маю працу, проста неацэнныя. Мне робіцца нават ніякавата, але пры гэтым я не магу стрымаць радасці. Для мяне, асабліва як артыста самае важнае – быць пачутым. Я не хачу застацца ў цемры, мне хочацца крычаць усяму свету: “Глядзіце! Я тут, я існую!” Таму такія моманты мне так дарагія!
А на фэсце я пазнаёміўся з многімі цікавымі ўдзельнікамі. Кожны з іх дзяліўся з астатнімі сваёй энергетыкай. У кожнага быў свой свет у галаве, а гэта прыцягвае. І я вельмі рады, што даведаўся пра іх. Магчыма, мы сустрэнемся яшчэ раз, і сустрэнем адзін аднаго з распасцёртымі абдымкамі, агнём у вачах і ўсмешкамі на тварах)
Фэст прайшоў пад дэвізам “Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне” з мэтай прафілактыкі распаўсюджання СНІДу ў моладзевым асяроддзі, рэалізацыі творчага патэнцыялу маладых танцораў, фарміравання іх актыўнай жыццёвай пазіцыі і здаровага ладу жыцця. А таксама для пашырэння кантактаў паміж прафесійнымі танцорамі і аматарамі, стварэння добразычлівай атмасферы паміж танцавальнымі калектывамі розных жанравых скіраванасцяў.
Арганізатарамі выступілі ўпраўленне па справах культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, творчы саюз Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і адміністрацыя Маскоўскага раёна г. Мінска.