З першых жа дзён існавання кафедры быў зроблены ўпор на прыцягненне высокакваліфікаваных кадраў у галіне знешняй палітыкі, гісторыі і тэорыі міжнародных адносін. Яе першыя выкладчыкі прафесары А. А. Разанаў, У. Е. Снапкоўскі, А. А. Чалядзінскі, дацэнт Л. В. Лойка, а таксама вядомыя навукоўцы-гісторыкі дацэнты М. Э. Часноўскі і В. Г. Шадурскі. Важны ўклад у развіццё кафедры ўнеслі дацэнты Л. М. Хухлындзіна, С. Ф. Свілас, а таксама лабарант Н. А. Дабржанская.
Затым у калектыў уліліся дацэнты Ю. І . Малевіч, А. А. Дастанка, А. У. Селіванаў, А. В. Ціхаміраў, Р. М. Турарбекава і А. У. Русаковіч, а таксама выпускнікі спецыяльнасці: дацэнты У. В. Фральцоў, С. А. Лашкевіч, А. М. Садоўская, Д. Л. Шавялёў, М. В. Шавялёва, і аспірантуры кандыдаты гістарычных навук М. У. Даніловіч і Ф. С. Салум.
У апошнія гады калектыў кафедры значна ўмацаваўся дзякуючы прыходу вядомага спецыяліста па бяспецы і знешняй палітыцы Кітая прафесара А. М. Байчорава і вяртанню на кафедру пасля шматгадовай дзейнасці ў якасці рэктара БрДУ імя А. С. Пушкіна прафесара М. Э. Часноўскага.
Выкладчыцкі патэнцыял кафедры з’яўляецца адным з самых высокіх у БДУ. Сёння на ёй працуюць 7 прафесараў, дактароў навук і 13 кандыдатаў навук.
Кафедра забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў у сферы міжнародных адносін па дзвюх спецыялізацыях: знешняя палітыка і дыпламатыя і міжнародныя арганізацыі. Узаемадзеянне з асноўным заказчыкам спецыялістаў – Міністэрствам замежных спраў – у апошнія гады стала ажыццяўляцца на аснове пагаднення аб супрацоўніцтве паміж МЗС РБ і БДУ, а таксама працоўных праграм.
З 1992 г. пачалі фарміравацца дзве навуковыя школы: у галіне вывучэння гісторыі і сучасных міжнародных адносін (кіраўнік – прафесар А. В. Шарапа) і гісторыі знешняй палітыкі Беларусі (кіраўнік – прафесар У. Е. Снапкоўскі). У верасні 2015 г. кафедру ўзначаліў прафесар М. Э. Часноўскі, які з’яўляецца заснавальнікам беларускай навуковай школы даследавання сістэмнай трансфармацыі еўрапейскіх краін былога сацыялістычнага саюза.
За час працы кафедра падрыхтавала каля 1 тыс. спецыялістаў, якія цяпер складаюць прыкметную частку супрацоўнікаў МЗС і працуюць у многіх беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтвах у розных краінах. Сярод нашых выпускнікоў: Пасол Беларусі ў ФРГ Д. У. Сідарэнка, начальнік упраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі МЗС РБ А. М. Часноўскі, начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС РБ Д. Л. Мірончык. Сярод іншых начальнікаў упраўленняў – А. В. Бушыла, Я. С. Вараб’ёў, Ю. А. Слука, А. В. Кажан.
Нашы выпускнікі занятыя ў іншых міністэрствах і ведамствах, уключаючы Савет Бяспекі, міністэрства абароны, міністэрства ўнутраных спраў, міністэрствы эканамічнага блока, структуры дзяржаўнай бяспекі. Яны паспяхова працуюць на шматлікіх беларускіх прадпрыемствах, у прадстаўніцтвах за мяжой, у СМІ, установах адукацыі, навукі і культуры. Некаторыя з іх сталі буйнымі прадпрымальнікамі і дапамагаюць кафедры і факультэту.
За час працы на кафедры абаронена шэсць доктарскіх і больш за дваццаць кандыдацкіх дысертацый. Пры кафедры дзейнічае інфармацыйна-аналітычны цэнтр (кіраўнік Ф. З. Прыбыткоўскі), а таксама СНДЛ «Знешняя палітыка і дыпламатыя ў сучасных міжнародных адносінах: прыкладны аналіз». Шэраг навучальных дысцыплін чытаецца на англійскай мове, адбылося ўжо тры выпускі нашых магістрантаў з ліку замежных грамадзян, якія навучаліся ўвесь перыяд на англійскай мове.
Выкладчыкамі кафедры выдадзена больш за 500 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі, зборнікі дакументаў і навучальныя дапаможнікі, навуковыя артыкулы ў беларускіх і замежных рэцэнзаваных часопісах і зборніках. Каля 50 публікацый, уключаючы манаграфіі, выдадзена за межамі СНД: у Польшчы, Літве, Германіі, Швецыі, Францыі, Швейцарыі, Кітаі, ЗША. Толькі за апошнія 5 гадоў выкладчыкамі выдадзена 29 манаграфій, у тым ліку 9 за мяжой; апублікавана 238 артыкулаў з іх 36 за мяжой; падрыхтавана 8 навучальных дапаможнікаў.
Кафедра ўстанавіла цесныя сувязі з Расійскім універсітэтам дружбы народаў, Інстытутам міжнародных даследаванняў Уроцлаўскага ўніверсітэта. Падтрымліваюцца кантакты з Жэнеўскім інстытутам міжнародных даследаванняў (Швейцарыя), Інстытутам міжнародных эканамічных і палітычных даследаванняў РАН, Дыпламатычнай акадэміяй МЗС Расіі, Кіеўскім інстытутам міжнародных адносін. Наша кафедра – удзельнік праектаў па інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусі.
Калектыў кафедры міжнародных адносін пастаянна пашыраецца, уключаючы ў свае шэрагі як вопытных, так і маладых выкладчыкаў, даследчыкаў, спецыялістаў-практыкаў, што дазваляе своечасова і эфектыўна рэагаваць на новыя патрабаванні працадаўцаў, укараняць сучасныя методыкі і новыя падыходы да выкладання, весці актыўную навуковую працу, пастаянна ўдасканальваць вучэбна-педагагічны і выхаваўчы працэс.
Прафесар Аляксандр ШАРАПА,
загадчык кафедры міжнародных адносін у 1992–2015 гг.