16 лістапада ў Ліцэі БДУ прайшло любімае студэнтамі мерапрыемства – “Капуснік БДУ”. За 11 гадоў ён стаў практычна брэндам студэнцкага саюза.
Сёлета ў капусніку прынялі ўдзел 19 факультэтаў – гэта рэкорд. Упершыню выступіў МДЭІ імя А. Д. Сахарава і адразу паказаў высокі ўзровень. Удзельнік іх каманды – Іван Дарафейчык выйграў у намінацыі “Найлепшая мужчынская роля”, хоць, на дзіва, гэтаму “не асабліва ўзрадаваўся”. Але няёмкасць моманту выправіла Аляксандра Ахотнікава з філалагічнага факультэта, якая заслужыла “Найлепшую жаночую ролю”, – яна сваёй узнагародзе была рада.
Шмат жартаў было прысвечана рамонту галоўнага корпуса, перасяленню студэнтаў ФМА ў інтэрнат у Гай, маштабнасці дэкарацый каманды ІБМТ (кожны год інстытут робіць з кардону ўсё больш і больш вялікае афармленне нумара. Сёлета нават яны самі жартавалі з гэтага, пабудаваўшы цэлы картонны горад і распавёўшы, як цяжка яго жыхарам перажыць чарговы капуснік, калі іх дамы разбіраюцца на дэкарацыі).
Новаўвядзенне года – забаўляльная праграма для гледачоў у холе ліцэя. Тут былі і розыгрышы, і стэнды фундатараў, і фотазона. Так што капуснік стаў яшчэ весялейшым.
“Найлепшае відэа” атрымала каманда юрыдычнага факультэта, у іх роліку Вілі Вонка раздаў квіткі на капуснік шматлікім факультэтам, але скарыстацца такім шанцам змог толькі ФМА.
Трэцяе месца заняў механіка-матэматычны факультэт (пераможца 2016 года). Яшчэ каманда разам з Інстытутам журналістыкі ўзяла намінацыю “Найлепшая група падтрымкі”.
Другое – эканамічны факультэт (пераможцы 2015 года).
А намінацыя “Найлепшае мастацкае афармленне нумара” і кубак рэктара сышлі на гістарычны факультэт!
Капуснік БДУ – адно з тых мерапрыемстваў, якія ўцягваюць у актыўнае студэнцкае жыццё дзясяткі першакурснікаў з кожнага факультэта. І вельмі прыемна заўважаць, што з году ў год агонь у вачах удзельнікаў, куратараў і арганізатараў ярчэй, а капуснік робіцца усё лепшым.