Удзельнікамі праграмы карпаратыўнага навучання сталі кіраўнікі структурных падраздзяленняў універсітэта, іх намеснікі і спецыялісты, якія ўваходзяць у кадравы рэзерв.
Першы этап, выязныя заняткі, прайшлі па навучальнай праграме «Стратэгічнае кіраванне ў ВНУ» 1–2 снежня на базе ГСАК «Лагойск». У рамках «Школы кіраўніка» супрацоўнікі ўніверсітэта паглыбляюць свае кампетэнцыі ў галіне стратэгічнага менеджменту, кіравання праектамі, сітуацыйнага лідарства, кіравання зменамі, моўнага іміджу кіраўніка. Трэнінгі правялі Дзмітрый Лук’янаў, Аляксандр Самойлаў і Андрэй Бібікаў, вядучыя спецыялісты, бізнес-трэнеры і кансультанты айчынных кансалтынгавых кампаній, псіхолагі-практыкі і выкладчыкі БДУ. Універсітэт праводзіць навучанне сваіх кіруючых кадраў з мэтай удасканалення кіраўніцкіх навыкаў, якія спрыяюць павышэнню выніковасці дзейнасці БДУ пры рэалізацыі стратэгічнага плана развіцця і дасягненню доўгатэрміновых мэтаў універсітэта. У БДУ актыўна вядзецца праца па павышэнні прафесійнага ўзроўню выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Вядучая роля ў арганізацыі гэтага працэсу належыць упраўленню кадраў. Яго начальнік Наталля Няпеўная адзначыла:
«У нас распрацавана комплексная праграма па развіцці кваліфікацыі персаналу БДУ – «Карпаратыўны ўніверсітэт». За апошнія некалькі гадоў мы ўжо паспяхова правялі цэлую серыю навучальных мерапрыемстваў у рамках «Школы лідара» для спецыялістаў, уключаных у рэзерв кіруючых кадраў ВНУ, «Школы кіраўніка» для загадчыкаў кафедраў, а таксама «Школы развіцця кампетэнцый» для маладых выкладчыкаў універсітэта».
Незабыўным і яркім стаў інтэлектуальна-забаўляльны вечар, які арганізавала ўпраўленне па справах культуры.
Удзельнікі семінара адзначылі выразную праграму, насычаны змест, актуальнасць і карыснасць матэрыялаў, тэматычных дыскусій і майстар-класаў, якія неабходныя кіраўніку ў сучасных умовах у цэлым, а таксама высокі ўзровень арганізацыі выязной школы.Так, Аляксандр Самойлаў адзначыў, што проста быць для нашага ўніверсітэта ўжо недастаткова. БДУ павінен быць модным, «крутым» і прывабным, каб пра ўніверсітэт у розных кутках свету гаварылі з павагай, з жаданнем туды патрапіць. Каб у тым ліку гэта быў брэнд са сваімі атрыбутамі, філасофіяй, місіяй і глыбінёй, якую людзі будуць адчуваць. А ўсё пачынаецца з гісторыі станаўлення, развіцця, правільнага эфектыўнага кіравання. І нягледзячы на тое, што ўніверсітэт мае вялікую гісторыю, яму трэба перажыць другое нараджэнне, якое будзе не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным, яно павінна ажыццяўляцца пастаянна, каб рэгулярна дасягаць мэтаў, якія ўніверсітэт ставіць перад сабой. У гэтым паступальным руху павінен быць сэнс, які для сучаснай моладзі асабліва важны. А каб разумець і кіраваць дадзеным працэсам, трэба быць лідарам з правільнай унутранай пазіцыяй.
Цікавыя вось такія альтэрнатыўныя думкі. Будзем уважліва сачыць за праходжаннем дадзеных курсаў і інфармаваць пра гэта на сайце БДУ.
Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота аўтара