Міжнародны турнір прыродазнаўчых навук – каманднае спаборніцтва, якое праводзіцца з 2010 года ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Удзельнікамі з’яўляюцца студэнты і магістраты і аспіранты першага года са спецыялізацыяй у галіне хіміі, фізікі, біялогіі, медыцыны, фармацэўтыкі або інжынерных навук.
БДУ прадстаўлялі студэнты хімічнага факультэта Вольга Сакалоўская, Аляксандра Фальчэўская, Уладзіслаў Кісін і біялагічнага факультэта Лізавета Кушнерава. Студэнты пазнаёміліся і пачалі ўдзельнічаць у навуковых турнірах па хіміі яшчэ падчас навучання ў ліцэі № 1 гарады Мінска. Навучаючыся ва ўніверсітэце, яны працягнулі развівацца і ўдзельнічаць у конкурсах. З членамі сваёй каманды з Расіі – студэнтам Маскоўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імя М. Э. Баўмана Мікалаем Нагібіным і кіраўніком зборнай аспірантам Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі імя Н. С. Курнакова Расійскай акадэміі навук Канстанцінам Сахаравым – студэнты пазнаёміліся ў інтэрнэце. Яны прызнаюцца, што іх злучае не толькі навука, але і моцнае сяброўства.
Каб патрапіць на міжнародны турнір прыродазнаўчых навук, неабходна прайсці адборачны этап. Арганізатары конкурсу выкладваюць у адкрыты доступ некалькі навуковых і навукова-практычных задач. Каманды, якія жадаюць прыняць удзел у турніры, вырашаюць гэтыя задачы і адпраўляюць вынікі ў тэкставым фармаце і ў выглядзе прэзентацыі. Навуковая камісія правярае прапанаваныя камандамі рашэння, выстаўляе балы і па рэйтынгу адбірае 21 каманду для ўдзелу ў вочным этапе.
Далей арганізатары выкладваюць заданні для вочнага этапу. Заданні ўяўляюць сабою навукова-практычныя задачы, якія не маюць адзінага правільнага адказу. Як правіла, у гэтых задачах паднімаюцца фундаментальныя праблемы прыродазнаўчых навук. Паколькі ў вялікіх кампаній існуе вялікае запатрабаванне ў рашэнні сваіх лакальных кейсаў, кампаніі-спонсары таксама прапаноўваюць свае пытанні і атрымліваюць мноства ідэй для рашэння вытворчых задач. А для ўдзельнікаў турніру такія задачы з’яўляюцца вельмі цікавымі і карыснымі, бо яны дазваляюць вывучыць спецыфіку працы кампаній і атрымаць зваротную сувязь з патэнцыйным працадаўцам.
Напрыклад, сёлета міжнародная кампанія “MelScience”, прапанавала ўдзельнікам прыдумаць фізічныя доследы, якія можна праводзіць пры дапамозе смартфона для аўдыторыі 6–15 гадоў. Аказваецца, у сучасных мабільных тэлефонах існуе мноства карысных датчыкаў, такіх як акселерометр, тэрмометр, датчык святла, гіраскоп і шматлікія іншыя. Выкарыстаючы іх, хлопцы і дзяўчаты распрацоўвалі цікавыя навуковыя эксперыменты. Лепш за ўсіх з гэтай задачай справілася каманда БДУ. Якое рашэнне было прапанавана, яна не прызнаецца, бо перадалі аўтарскія правы кампаніі. “MelScience” ўузялі ідэю студэнтаў у распрацоўку, і зараз гэта камерцыйная таямніца. Каманда атрымала ад кампаніі грант. Падобнае прыкладанне для смартфона ўжо распрацавалі ў google. Так што аўтары з гонарам заяўляюць, што іх ідэі будуць канкураваць з адной з самых паспяховых міжнародных карпарацый.
Летась каманда “Энтрапія” выйграла турнір прыродазнаўчых навук у Мінску “СТЕНД” і атрымала гранд на спансаванне навуковай адукацыйнай паездкі.Менавіта дзякуючы яму былі аплачаныя дарожныя выдаткі. А прымаючы бок займаўся арганізацыйнымі і лагістычнымі пытаннямі. Удзельнікам дапамаглі зняць нумары ў атэлі і часткова аплацілі пражыванне. Усе астатнія выдаткі аплачвалі самі.
Турнір доўжыўся 5 дзён. У першы дзень адбылося адкрыццё турніру на Міхайлаўскай дачы ў Пецяргофе, дзе знаходзіцца корпус Вышэйшай школы менеджменту СПбДУ. Арганізатарам удалося стварыць урачыстую атмасферу свята. На адкрыцці таксама выступілі з лекцыямі аб прадпрыемствах кампаніі-спонсары. А кампанія “Красцветмет” прапанавала камандам мазгавы штурм. Яны вылучылі гадзіну на 2 задачы, якія тычацца іх унутранай вытворчасці, пасля чаго вылучылі найлепшае рашэнне і падарылі камандзе 10-грамовы злітак золата чысцінёй 99,99 %.
Далей у турніры ішлі 2 конкурсныя дні. Удзельнікі былі падзеленыя на групы па 3 каманды. Яны прадстаўлялі свае задачы, апаніравалі і рэцэнзавалі супернікаў. Пасля чаго каманды, якія набралі большую колькасць балаў, праходзілі ў паўфінал і фінал, дзе зноў выступалі з дакладамі. Каманда “Энтрапія” лідзіравала з вялікім адрывам і стала пераможцам турніру. Перамога не была для іх саміх нечаканасцю, яны былі ўпэўненыя ў сваіх сілах, бо доўга працавалі і прыклалі максімум высілкаў.Студэнты прызнаюцца, што ва ўніверсітэце яны атрымліваюць добрыя фундаментальныя веды. Але для паспяховага ўдзелу і перамогі ў турнірах удзельнікі каманды стала займаюцца самаадукацыяй, чытаюць навуковую літаратуру, цікавяцца найноўшымі даследаваннямі.
Але ў падрыхтоўцы да турніру важныя не толькі навуковыя веды, але і ўменне творча думаць, працаваць у камандзе. Апроч таго, што задачу трэба вырашыць, яе трэба яшчэ і пісьменна і лагічна абгрунтаваць у выглядзе прэзентацыі і дакладу. Рашэнне задачы павінна быць зразумела ўсім астатнім камандам і суддзям. А таксама неабходна быць гатовым да пытанняў і крытыкі апанентаў і ўмець адстойваць сваю пазіцыю.
“Апроч таго, што турнір – гэта навука, гэта яшчэ і гульня. Многае залежыць ад стратэгіі каманды і стрэсаўстойлівасці удзельнікаў”, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандра Фальчэўская.
Таксама вельмі важна падысці да рашэння задач з некалькіх бакоў. Каманды не толькі імкнуцца даваць навуковае абгрунтаванне сваім довадам, але і пралічваюць эканамічную выгаду сваіх прапаноў.Членамі журы выступалі прадстаўнікі кампаній-спонсараў і вядомыя навукоўцы ў галіне фізікі, хіміі і біялогіі. Вельмі шмат увагі суддзі звярталі менавіта на падачу. Яны гаварылі: “Вы прадалі нам рашэнне”. І для ўдзельнікаў гэта было самай лепшай хвалой.
“Зараз вельмі патрэбныя людзі, якія могуць не толькі вырашыць “кейс”, але і прадаць гэтае рашэнне. Менеджары патрэбныя нават у глыбока навуковых сферах, але супрацоўнікі з менеджарскай адукацыяй не заўсёды разумеюць, што менавіта трэба прадаць і, адпаведна, як гэта зрабіць. Таму зараз звяртаюць увагу на маладзёнаў, якія моцныя ў навуцы, але ў тым ліку могуць выявіць сябе ў маркетынгу”, – распавядае Уладзіслаў Кісін.
Удзел у такіх мерапрыемствах вельмі развівае ў шматлікіх сферах. Студэнты трэніруюць і паляпшаюць прамоўніцкія здольнасці, уменне правільна прадстаўляць свае рашэнні і абараняць іх. А таксама крытычнае мысленне. Бо на турніры яны выступаюць яшчэ і ў ролі апанентаў і рэцэнзентаў. За кароткі тэрмін удзельнікам патрабуецца ацаніць рашэнне іншай каманды і распачаць з імі аргументаваную палеміку. Роля апанента і рэцэнзента таксама ацэньваецца суддзямі.На турніры прысутнічалі і прадстаўнікі рэкрутынгавых аддзелаў кампаній. Яны вельмі зацікаўленыя ў пошуку новых розумаў для сваіх прадпрыемстваў, а падобныя конкурсы ідэальна падыходзяць для гэтых мэт. Рэкруцёры нават заваблівалі фразай: “Захочаце тону серабра – мы дамо вам яе да вечара”.
Навуковыя турніры – гэта не толькі спаборніцтва, але і пляцоўка для наладжвання міжнародных сувязяў паміж таленавітымі студэнтамі.
Вольга Сакалоўская распавядае:
“Дзякуючы шматгадоваму ўдзелу ў конкурсах ёсць каманды, з якімі мы даўно пасябравалі і застаемся на сувязі. Да нас нават прыязджалі ў госці ў Мінск, і мы таксама спадзяемся як-небудзь прыехаць да сяброў. Турнір таксама стварыў і вялікая колькасць пар з розных гарадоў і нават краін.”
Канкурсанты падзяліліся і планамі на будучыню. Сёлета яны сталі аргкамітэтам Студэнцкага турніру прыродазнаўча-навуковых дысцыплін (CТЕНД), які пройдзе ўвесну ў Мінску. Яны ўжо займаюцца яго падрыхтоўкай і піарам. Таксама Уладзіслаў Кісін у гэтым навучальным году закнчвае ўніверсітэт, яго чакае праца над дыпломам і размеркаванне ў камітэт судовых экспертыз. Вольга Сакалоўская, Аляксандра Фальчэўская, і Лізавета Кушнерава стануць выпускнікамі праз паўтара гады і апроч асноўнай працы хочуць займацца навукай і выкладаннем “для душы”.
Дар’я КОЎЗА