Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў (ЦСПД) БДУ – гэта адна з самых аўтарытэтных сацыялагічных арганізацый краіны. Спецыялісты цэнтра не толькі праводзяць даследаванні на замову беларускіх устаноў і дзяржаўных структур, але і ўдзельнічаюць у буйных міжнародных праектах. Дырэктар цэнтра Давід РОТМАН распавёў пра працу ЦСПД, пра беларускія каштоўнасці, а таксама падзяліўся планамі цэнтра на наступны год.
У гісторыі і жыцці БДУ
– ЦСПД быў заснаваны 16 снежня 1996 г. загадам рэктара БДУ А. У. Казуліна, – прыгадвае Давід Генрыхавіч. – Цэнтр працягнуў традыцыі першай беларускай сацыялагічнай арганізацыі – праблемнай навукова-даследчай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў, створанай у БДУ яшчэ ў 1967 годзе. Сёння ў цэнтры працуе 25 штатных супрацоўнікаў, а яшчэ 500 інтэрв’юераў рэспубліканскай апытальнай сеткі, якія пражываюць ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Атрыманыя вынікі даследаванняў ЦСПД выкарыстоўваюцца выкладчыкамі сацыялогіі ў лекцыйных матэрыялах і на семінарскіх занятках. Апроч гэтага студэнты праходзяць практыку ў цэнтры, таксама часта бываюць задзейнічаны ў якасці інтэрв’юераў.
Раней у БДУ ажыццяўляўся маніторынг, дзе вывучаліся праблемы і меркаванні студэнцкага і прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ. Праводзіліся апытанні, каб даведацца настрой датычных да БДУ. На думку Давіда Генрыхавіча, у Белдзяржуніверсітэце было б цікава прааналізаваць далягляд студэнтаў і выкладчыкаў: вучоба, вольны час, забавы, чаго ім бракуе, ці задаволены яны вучобай ці працай.
Заказчыкі і праекты
Цэнтр удзельнічае ў вялікай колькасці міжнародных праектаў – гэты факт робіць яго ўнікальным у краіне. Спектр сацыялагічных даследаванняў шырокі: грамадска-палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне, вядуцца электаральныя даследаванні, вывучаецца інфармацыйнае поле Беларусі, праблемы адукацыі, здаровага ладу жыцця, міжнацыянальных і міжканфесійных адносін і іншае.
– ЦСПД неаднаразова праводзіў даследаванні на замовы розных міжнародных арганізацый, – распавядае Давід Генрыхавіч. – Сярод іх рамачныя праграмы Еўрапейскага саюза, праграма еўрапейскіх даследаванняў INTAS, СНД, Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, ЮНЕСКА, ЮНІСЭФ, Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя і шматлікія іншыя. Акрамя таго мы ўвесь час выконваем замовы шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь (міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны) і іншых беларускіх устаноў.
Каб атрымаць дакладныя і рэпрэзентатыўныя дадзеныя, у ЦСПД выкарыстоўваюць розныя метады збору інфармацыі: масавыя апытанні, апытанні экспертаў, глыбінныя інтэрв’ю, фокус-групы, кантэнт-аналіз і іншае. На першым этапе даследавання спачатку аналізуецца праблема, вызначаецца прадмет даследавання і аб’ект. Далей расстаўляюцца асноўныя кропкі даследавання, складаецца інструментарый. Звычайна на апытанне тысячы рэспандэнтаў і ўвод інфармацыі ў сярэднім сыходзіць 1–3 месяцы. Акрамя гэтага ўсе бланкі інтэрв’ю і анкеты правяраюцца на поўнасць і логіку запаўнення. У 2017 годзе цэнтрам было ажыццёўлена больш за 15 даследаванняў.
Буйное даследаванне
па гендары
У сярэдзіне лістапада ў цэнтры завершаны вялікі праект «Фарміраванне сям’і, стабільнасць сямейных адносін і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў». На даследаванне сышло каля 8 месяцаў. Заказчыкам выступіў Фонд ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі, а нацыянальным каардынатарам – Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мэта даследавання – дасканала вывучыць гендарную сітуацыю. Варта адзначыць, што падобнае даследаванне плануецца правесці ў іншых краінах, а пачатак паклаў ЦСПД БДУ.
– Тут гаворка ідзе пра павышэнне стабільнасці сям’і, нараджальнасці. Даследаванне было незвычайнае тым, што мы першыя ў гэтай кампаніі праводзім даследаванне не на папяровых носьбітах, а на планшэтах (150 адзінак даў заказчык). У працы было задзейнічана 500 інтэрв’юераў, якія апыталі 10 тыс. чалавек ад 18 да 79 гадоў. Анкета складалася з 80 старонак, а на гутарку сыходзіла 2 гадзіны. Не заўсёды ў рэспандэнтаў знаходзілася гэтулькі часу, а пытанні пра прыватнае жыццё шмат каго бянтэжылі, – каментуе Давід Генрыхавіч. – Таксама цяжкасцяў дадавала тое, што напісаная для даследавання праграма часам давала збой. Бо інфармацыя адразу ішла на сервер у галаўную арганізацыю ў Галандыю.
Па выніку выйдуць дзве кнігі. У першай (падрыхтаванай цэнтрам) – метадалогія даследавання. Гэта выданне накіруюць у іншыя краіны, якія правядуць такое ж даследаванне следам за ЦСПД БДУ. Другая кніга будзе змяшчаць вынікі і параўнанні.
Беларусь у праекце
«Еўрапейскія каштоўнасці»
Цэнтр удзельнічае ў вялікай колькасці праектаў па важных і займальных тэмах. У якасці прыкладу варта прывесці рэгулярны ўдзел у хвалях навуковых праектаў «Еўрапейскія каштоўнасці» і «Сусветныя каштоўнасці». Даследаванне ажыццяўляецца па адзіным інструментарыі з выкарыстаннем тоесных падыходаў да выбаркі.
– Хачу адразу адзначыць, што еўрапейцы адрозніваюцца адзін ад аднаго мала, – кажа дырэктар цэнтра. – У дадзеным даследаванні вывучаецца шэсць базавых каштоўнасцяў. У іх ліку: сям’я, праца, сацыяльны капітал, вольны час, рэлігія і палітыка. Сярод іх увесь час на першым месцы апынаецца сям’я (як у беларусаў, так і ў жыхароў іншых краін Еўропы). На другім месцы іншая важная базавая каштоўнасць – праца. Далей стаіць сацыяльны капітал – гэта сябры, знаёмыя. Далей – вольны час. Ідзе досыць інтэнсіўны рост пазітыўнага стаўлення да такой каштоўнасці, як рэлігія. З шасці базавых каштоўнасцяў палітыка стаіць на апошнім месцы. Гэта не стаўленне да самой палітыкі, а цікавасць да розных палітычных падзей. Але яна паступова ўзрастае.
Па словах Давіда Генрыхавіча, аналіз каштоўнасцяў на працягу многіх гадоў падштурхнуў да высновы, што яны ў цэлым змяняюцца вельмі павольна. Каб у свядомасці людзей адбыліся змены каштоўнасцяў, неабходна, па ацэнцы спецыялістаў, каля 2 пакаленняў – гэта 40 гадоў.
Планы цэнтра
– Сацыялогія неабходная для таго, каб ведаць, як эфектыўна арганізоўваць працу, – разважае дырэктар цэнтра. – Сацыёлагі павінны не толькі гаварыць пра працэнты, але і адказаць на тры пытанні: што адбываецца, чаму і што трэба зрабіць, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў.
У наш час праводзіцца даследаванне па праекце «Новы Еўразійскі барометр» на тэму грамадска-палітычнай і эканамічнай сітуацыі. Праз месяц – вяртанне да наступнай хвалі «каштоўнасцяў». Таксама будзе працягнуты праект па праблемах моладзі на замову Выканкама СНД.
– Мы спадзяёмся, што ў наступным годзе ў нас працягнецца супрацоўніцтва з Міністэрствам інфармацыі. Ужо цяпер ажыццяўляецца 5-гадовы праект па вывучэнні дэструктыўных фактараў уздзеяння на грамадства. Пра тое, якія рэакцыі яны выклікаюць, задумваюцца над імі людзі ці толькі вераць у тое, што ім падаюць, – дзеліцца дырэктар цэнтра.