Аспірантура БДУ: паказчыкі вышэйшыя за ўсталяваныя

26 Jan, 2018.

Старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў акадэмік Сяргей Абламейка ўручае нагрудныя знакі лаўрэатаў фонду


Сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з’яўляецца найбуйнейшай установай пасляўніверсітэцкай адукацыі нашай краіны, у якой навучаецца 20 % аспірантаў Рэспублікі Беларусь.
АСПІРАНТУРЫ БДУ 90 ГАДОЎ
Вышэйшай ступенню асноўнай адукацыі  ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца падрых­тоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Універсітэт сярод усіх устаноў пасля­ўніверсітэцкай адукацыі Беларусі ўносіць самы важкі ўклад у гэты ўзровень адукацыі, забяспечваючы інтэлектуальную бяспеку  нашай краіны.
Аспірантура ў БДУ створана ў адпавед­насці з пастановай СНК БССР ад 06.08.1927. Савету БДУ нададзена права праводзіць абароны доктарскіх дысертацый.
У 1927–1929 гг. у аспірантуры БДУ навучалася 59 аспірантаў.
Да пачатку вайны ў аспірантуры БДУ навучаліся 60 чалавек. Яе скончылі 98 чалавек і здалі кандыдацкія экзамены без адрыву ад вытворчасці 17 чалавек. З 1937 па 1941 гады 39 выпускнікоў БДУ абаранілі кандыдацкія дысертацыі.
Пасляваенныя гады характарызуюцца пастаянным ростам аспірантуры БДУ:
У аспірантуру ў 1949 г. вылучана 24 месцы.
1950 год – у аспірантуру прынята 34 чалавекі.
1951 год – у аспірантуры БДУ па 21 спецы­яльнасці навучаецца больш за 80 чалавек.
1954 – у аспірантуру па 33 спецыяльнасцях залічана 70 чалавек.
1958 год – у маі ў аспірантуры навучаецца 127 чалавек (з іх 97 на вочным аддзяленні).
З 1974 па 2016 год колькасць аспірантаў, якія навучаюцца ў БДУ, павялічылася з 430 чалавек да 982.

З улікам дактарантаў колькасць асоб, якія навучаюцца ў сістэме пасляўніверсітэцкай адукацыі БДУ, перавысіла ў 2017 годзе 1100 чалавек.
Паказчыкі БДУ ў 2017 годзе ў галіне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі істотна вышэйшыя, чым паказчыкі, усталяваныя дзяржаўнай праг­рамай «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016–2020 гады.
Сярод навучэнцаў БДУ расце доля тых, хто навучаецца па прыярытэтных спецы­яльнасцях, неабходных для развіцця вы­сокатэхналагічных вытворчасцяў, што адносяцца да V і VI тэхнічных укладаў эканомікі. Так, у 2016 годзе яна склала 13,4 % ад агульнай колькасці запланаваных месцаў, а ў 2017 годзе – 22,3 % (праду­гледжана Праграмай 15,6 %).
У 2017 г. удзельная вага прыёму ў аспі­рантуру БДУ для прадпрыемстваў і аргані­зацый рэ­альнага сектара эканомікі склала 6,0 % (прадугледжана 3,7 %).
Удзельная вага выпуску з абаронай дысертацыі ў межах усталяванага тэрміну на­вучання з аспірантуры ў БДУ ў 2017 годзе склала 22,3 % для ўсяго кантынгенту аспірантаў і 15,1 % для грамадзян Рэспублікі Беларусь (прадугледжана 5,8 %).
Удзельная вага выпуску з абаронай дысертацыі ў межах усталяванага тэрміну на­вучання з дактарантуры ў 2017 годзе склала 23,1 % (прадугледжана 16,5 %).
У БДУ распрацаваны і функцыянуе вялікі комплекс стымулюючых мерапрыемстваў ад этапу даўніверсітэцкай падрыхтоўкі (напрыклад, школы юных навукоўцаў), праз этап НДРС і аж да абароны дысертацыі. Разам з тым самым галоўным у гэтым ланцужку, нароўні з намаганнямі суіскальнікаў навуковых ступеняў, з’яўляецца праца навуковых кіраўнікоў.

Колькасць аспірантаў БДУ, якім прызначалася стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Год прызначэння стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

2012

2013

2014

2015

2016

2017

Колькасць аспірантаў, якім была прызначана стыпендыя ва УА, падведамных Мінадукацыі

36

47

61

51

45

56

Колькасць аспірантаў БДУ, якім была прызначана стыпендыя

7

7

12

9

7

11

Працэнт прызначэння стыпендый у БДУ ад агульнай колькасці прызначаных стыпендый па Міністэрстве адукацыі

19%

15 %

20%

18%

16 %

20%

НАЙЛЕПШЫЯ НАВУКОВЫЯ
КІРАЎНІКІ
У БДУ ў апошняе дзесяцігоддзе наладжаны маніторынг эфектыўнасці навуковага кі­раўніцтва кожнага з амаль 1000 навуковых кіраўнікоў. Прывядзём некалькі прыкладаў супрацоўнікаў БДУ, якія найбольш эфек­тыўна працавалі з аспірантамі:

Рыгор Васілевіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, доктар юрыдычных навук, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факуль­тэта. За апошняе дзесяцігоддзе кіраваў 10 аспіран­тамі (грамадзяне Рэспублікі Беларусь) з якіх да цяперашняга часу абаранілася 7.

Юрый Харын, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук, ды­рэктар установы БДУ «Навукова-даследчы інстытут прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі». За апошняе дзесяцігоддзе кіраваў 12 аспірантамі (грамадзяне Рэспублікі Беларусь), з якіх да цяперашняга часу абаранілася 10.

Ларыса Цітарэнка, прафесар, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі факуль­тэта філасофіі і сацыяльных навук. За апошняе дзесяцігоддзе кіравала 10 аспірантамі (грамадзяне Рэспублікі Беларусь), з якіх да цяперашняга часу абаранілася 8.

Ніна Мячкоўская, прафесар, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта. За апошняе дзесяцігоддзе кіравала 17 аспірантамі (грамадзяне Рэспублікі Беларусь), з якіх да цяперашняга часу абаранілася 11.

Анатоль Салькоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта. За апошняе дзесяцігоддзе кіраваў 7 аспірантамі (грамадзяне Рэспублікі Беларусь), з якіх да цяперашняга часу абаранілася 6.

 
 
 
Аляксандр ЗАХАРАЎ, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навукі
print

Вам таксама можа спадабацца: