Дырэктар НДІ ядзерных праблем БДУ Сяргей Максіменка: “Фундаментальная навука прыносіць прыбытак”

30 Jan, 2018.

НДІ ядзерных праблем БДУ вось ужо больш за 30 гадоў займаецца фундаментальнымі распрацоўкамі. Дырэктар установы Сяргей МАКСІМЕНКА распавёў пра важныя вынікі інстытута за мінулы год і пра ролю фундаментальнай навукі ў ВНУ і дзяржаве.

Удзел у праграмах і калабарацыях

Сярод навуковых напрамкаў інстытута можна вылучыць: узаемадзеянне выпрамень­ванняў з рэчывам, ядзерная фізіка, фізіка часціц і высокіх энергій, электра-магнетызм складаных асяроддзяў, кантроль малых доз радыяцыі і радыёактыўнага забруджвання і іншыя.

У структуру інстытута ўваходзяць 9 лабараторый, а таксама Цэнтр фізікі часціц і высокіх энергій, у якім яшчэ 3 лабараторыі. Тут задзейнічана 138 супрацоўнікаў, сярод іх 80 навукоўцаў.

Паводле рэйтынгаў арганізацый Беларусі на падставе індэкса Хірша, што характарызуе колькасць публікацый і іх цытавання, НДІ ЯП БДУ займае пазіцыі лідара. Бо 12 супрацоўнікаў інстытута маюць паказчык вы­шэйшы за 15.

– Інстытут супрацоўнічае  з вялікай колькасцю арганізацый, удзельнічае ў шмат­лікіх дзяржаўных і замежных праектах, – кажа дырэктар. – Напрыклад, Дзяржаўныя пра­грамы навуковых даследаванняў, Рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Мі­ністэрства па надзвычайных сітуацыях і ін­шыя. Таксама вылучаюцца Аб’­яднаны інстытут ядзерных да­следаванняў (Дубна, Ра­сія), ЦЕРН – Еўрапейскі Цэнтр  ядзерных даследаван­няў – най­буйнейшая ў свеце лабараторыя фізікі высокіх энергій. Варта згадаць і праекты праграмы Еўрапейскага саюза па развіцці навуковых даследаванняў і тэхналогій «Гарызонт 2020» і еўрапейскі мегагрант Graphene Flagship, у якім НДІ ЯП з’яўляецца адзінай навуковай арганізацыяй за межамі ЕС.

Інстытут удзельнічае ў працы найбуйнейшых між­народных калабарацый у галіне фізікі высокіх энергій: EDM Collaboration (ЗША), PANDA (Германія), COSY (Германія), LAPP (Францыя).

За апошнія гады супрацоўнікамі НДІ ЯП атрыманы важныя вынікі ў фундамен­тальных і прыкладных дас­ледаваннях. Сярод іх вылучаецца ўдзел навукоўцаў інстытута ў эксперыментах CMS на Вялікім адронным калайдары ў ЦЕРН, якія прывялі да адкрыцця базона Хігса. 14 супрацоўнікаў інстытута былі суаўтарамі  першых прац, якія паведам­ляюць пра гэта адкрыццё. Варта таксама адзначыць цыкл прац па сінтэзе шмат­пластовых графен-­палі­мер­ных пакрыццяў.

Неабходнасць фундаментальнай навукі

 Як падкрэслівае Сяргей Максіменка, асновай паспяховай працы інстытута з’яў­ляецца высокі ўзровень  фундаментальных даследаванняў, хоць яны далёка не заўсёды прыносяць відавочную і хуткую аддачу. Фундаментальная навука – гэта капітал, які мы ўкладваем у будучыню. Без гэтага капіталу складана сабе ўявіць развіццё тэхналогій, не менш важнай з’яўляецца яго роля   ў развіцці адукацыі.

– Імгненную аддачу дае інжынерыя, – разважае ды­рэктар інстытута. – А фундаментальная навука дае пер­спектыўныя распрацоўкі, якія калі і акупяцца, то праз вялікі прамежак часу. Але калі не ўкладваць сродкі ў фундаментальную навуку, мы загадзя асуджаныя на тэхналагічнае адставанне і правінцыйнасць нацыянальнай навукова-­тэхнічнай эліты.

Менавіта дзякуючы высокаму ўзроўню фундаментальных даследаванняў і, як вынік, прыкладному патэнцыялу інстытут здолеў скласці шэраг міжнародных кантрактаў і праектаў, якія не толькі дазваляюць право­дзіць даследаванні на самым высокім узроўні, але і дазволілі закупіць сур’ёзнае навуковае абсталяванне для лабараторый.

– Даўно вызначыў для сябе важныя прынцыпы працы ў навуцы. Па­-першае, варта вызначыцца з выбарам канкурэнтнай тэматыкі. Па­-другое, уключыцца ў нацыянальныя праграмы навуковых даследаванняў – без іх мы  як без глебы пад нагамі. Па­-трэцяе, гэта ўключанасць у міжнародныя праграмы. Менавіта ўдзел у міжнародных праектах, публікацыі ў міжнародных часопісах дазваляюць аб’ектыўна ацаніць свой узровень і хутка ўдасканальваць праграмы даследавання. Па­-чацвёртае, гэта прыцягненне маладых кадраў, – каментуе Сяргей Максіменка. Па яго меркаванні, запал не можа з’яў­ляцца адзінай матывацыяй для маладых навукоўцаў. Доступ да абсталявання,   удзел у канферэнцыях, пер­спектывы абарон дысертацый, годная зарплата – гэта неабходныя ўмовы рэалізацыі патэнцыялу і амбіцый маладых у навуцы, і наша задача зрабіць усё для за­беспячэння такіх умоў.

Значныя дасягненні за 2017 год

Мінулы год быў абвешчаны Годам навукі, і ён для інстытута прайшоў плённа. У галіне фундаментальных  даследаванняў вылучаецца наступнае:

– пабудаваная тэорыя перабудоўванай па частаце генерацыі квазічаранкоўскага выпраменьвання ў графене і графен-­палімерных слаістых структурах, якая дазваляе ствараць нанапамерныя крыніцы электрамагнітнага выпраменьвання ў тэрагерцавым дыяпазоне (кіраўнікі К. Г. Батракоў, С. А. Мак­сі­менка; праца выканана ў рамках задання ДПНД «Фатоніка, опта­ і мікраэлектро­ніка»).

У галіне прыкладных навуковых даследаванняў:

– распрацаваны і перададзены ў вопытную эксплуатацыю макет модуля кантролю за забеспячэннем   бяспекі пры збудаванні і  ўводзе ў эксплуатацыю Бе­ларускай АЭС і модуля кантролю за радыяцыйнай бяспекай крыніц іанізацыйнага выпраменьвання. Праца важная для арганізацыі сіс­тэмы інфармацыйнай падтрымкі Дзяржатамнагляду, паскарэння атрымання і павышэння захаванасці інфармацыі па кантролі ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі на ўзроўні, які забяспечвае бяспечнае і эфектыўнае развіццё атамнай галіны Беларусі (кіраўнік С. М. Сытова, праца выканана ў рамках задання ДНТП «Інтэлектуальныя інфармацыйныя тэхналогіі»).

Што наперадзе?

Дзякуючы значным навуковым вынікам НДІ ядзерных праблем БДУ мае аўтарытэт сярод калегаў у краіне і за яе межамі, што дазваляе запрашаць іх на арганізаваныя інстытутам канферэнцыі і школы. Гэта не толькі значныя для ўніверсітэта наву­ковыя падзеі, але і ўнёсак у фарміраванне пазітыўнага іміджу нашай краіны на сусветнай арэне.

У чэрвені 2018 года адбудзецца 3­я міжнародная навуковая канферэнцыя «Фундаментальны і прыкладны нанаэлектрамагнетызм», фундаваная праграмай НАТА «Навука дзеля міру», а ў верасні пройдзе чарговая міжнародная канферэнцыя па інжынерыі сцынцыляцыйных матэрыялаў і радыяцыйных тэхналогіях. Акрамя таго, інстытут сумесна з АІЯД (Дубна) арганізуе міжнародную школу-­канферэнцыю «Актуальныя праблемы фізікі мікрасвету» (жнівень 2018). А зусім хутка, 26–28 лютага, у інстытуце адбудзецца семінар LHC Days in Belarus 2018, прысвечаны ўдзелу беларускіх навукоўцаў у эксперыментах на Вялікім адронным калайдары ў Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследа­ванняў.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: