Перадавыя кампаніі ахвотна інвестуюць у здароўе супрацоўнікаў, бо гэта адбіваецца на эфектыўнасці працы. БДУ сочыць за тэндэнцыямі і стварае ўмовы для таго, каб кожны супрацоўнік мог палепшыць сваю фізічную форму.
– Нам патрэбныя здаровыя кадры. Калі няма праблем з хваробамі, то супрацоўнік дае добры вынік у працы. Ва ўніверсітэце гэта разумеюць, – распавядае Васіль Амялюсік, старшыня спартыўна-масавай камісіі Прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў БДУ. – Здароўе чалавека трымаецца на кардыярэспіраторнай сістэме. Наколькі яна забяспечвае кожную клетачку кіслародам, настолькі эфектыўна функцыянуе наш арганізм. Кардыярэспіраторную сістэму трэба трэніраваць, даваць ёй анаэробную нагрузку.
Для тых, хто хоча палепшыць сваё здароўе ці падтрымаць арганізм у тонусе, ва ўніверсітэце працуюць 42 групы здароўя, арганізаваныя пры падтрымцы прафкама. Усе заняткі праводзяцца бясплатна, а наведваць іх можа любы супрацоўнік, які з’яўляецца членам прафсаюза. Алгарытм запісу просты: неабходна звязацца з кіраўніком групы, якую жадаеце наведваць, і напісаць заяву. Пры наяўнасці вольных месцаў далучыцца да групы можна нават на працягу года. А абраць ёсць з чаго: фізічную актыўнасць даспадобы знойдуць сабе і аматары гульнявых відаў спорту (працуюць групы па футболе, валейболе, баскетболе, настольным тэнісе, шахматах), і тыя, хто жадае працаваць над целам у спартыўнай зале, займаючыся фітнэсам ці атлетычнай гімнастыкай. Асаблівай папулярнасцю ў супрацоўнікаў карыстаюцца групы па плаванні:
– На заняткі прыходзяць людзі з рознымі фізічнымі магчымасцямі і рознага ўзросту ў першую чаргу для аздараўлення. Хтосьці калісьці плаваў і цяпер прыходзіць падтрымліваць форму, а хтосьці па рэкамендацыі урача, напрыклад, для рэабілітацыі пасля траўмы, – дзеліцца Васіль Амялюсік, які сам з’яўляецца кіраўніком груп здароўя па плаванні і валейболе.
У раскладзе заняткаў можна знайсці адразу некалькі груп АФП (агульная фізічная падрыхтоўка). Кожная з іх мае свой ухіл, напрыклад, на практыкаванні з элементамі ёгі ці лячэбную фізкультуру. Зазіраем на заняткі групы пад кіраўніцтвам Алы Расолькі, дацэнта кафедры фізвыхавання і спорту. Пад рытмічны лік «раз, два, тры, чатыры» дзяўчаты выконваюць практыкаванні, а трэнер сочыць за тэхнікай і папраўляе, калі патрабуецца. У перапынку Ала Іванаўна распавядае, што на заняткі бярэ ўсіх ахвотнікаў, у яе групе 20 чалавек. Пасля пытаемся ў прысутных, як прайшла трэніроўка:
– Тут зараджаешся станоўчымі эмоцыямі, бліжэй знаёмішся з калектывам, у якім працуеш, – дзеліцца Ірына Клімовіч, камендант галоўнага навучальнага корпуса БДУ. – Хаджу на заняткі для падтрымання добрай фізічнай формы, для здымання стрэсу пасля цяжкага працоўнага дня. Гэтыя заняткі для радасці і добрая магчымасць займацца бясплатна, абы было жаданне хадзіць.
У яшчэ адной групе АФП адцягваем ад трэніроўкі маладога чалавека:
– Я прыходжу займацца на трэнажорах, каб расслабіцца, падтрымаць сваю фізічную форму. Гэта вельмі цудоўна, што супрацоўнікі могуць прыходзіць займацца пасля працы, – адзначае аспірант фізічнага факультэта Сяргей Назараў і дадае: – А яшчэ гэта выдатная магчымасць падрыхтавацца да спаборніцтваў для тых, хто ўдзельнічае ў штогадовай спартакіядзе нашага ўніверсітэта.
Пры адкрыцці груп здароўя арыентуюцца на просьбы і жаданні сяброў прафсаюза:
– Супрацоўнікі пішуць заявы, мы бачым, што ў нас па нейкім кірунку набіраецца група 10–12 чалавек, тады мы шукаем чалавека, які зможа весці гэту групу, а ўсе кіраўнікі нашых груп – кваліфікаваныя спецыялісты, – распавядае Васіль Амялюсік. – Вядома, супрацоўнікі хацелі б у тым ліку займацца такімі папулярнымі цяпер кірункамі фітнэсу, як пілатэс ці зумба, але праблематычна знайсці чалавека, які б пагадзіўся весці групу за тую аплату, якую мы можам прапанаваць.
Вялікая ўвага ва ўніверсітэце надаецца здароўю не толькі супрацоўнікаў, але і іх дзяцей. Для іх адкрыты дзве групы: плаванне і аэробіка.
– Гэта група працуе першы год, – распавядае Наталля Астрэйка, старшы выкладчык КФіС, кіраўнік групы па аэробіцы для дзяцей. – Я прымаю дзяцей любога ўзросту, цяпер ходзяць на заняткі дзеці ад 6 да 13 гадоў. Тут можна атрымаць харэаграфічную, бегавую, скачковую падрыхтоўку, развіць каардынацыю, гнуткасць, сілавыя якасці. У любым выпадку, у залежнасці ад падрыхтоўкі, даю дзецям розную нагрузку: хтосьці займаецца спартыўнай аэробікай, а хтосьці – аздараўленчай гімнастыкай.
Падрабязней азнаёміцца з пералікам і раскладам усіх дзейных груп здароўя можна на сайце tradeunion.bsu.by у раздзеле «Спорт». На шляху да здароўя галоўнае – пачаць займацца і рабіць гэта рэгулярна:
– Для таго, каб дамагчыся эфекту, неабходна прытрымлівацца двух прынцыпаў: не перанапружвацца і займацца рэгулярна, – дае рэкамендацыі Васіль Амялюсік. І ўсё роўна, займаецеся вы валейболам ці плаваннем. Пажадана, каб фізічная нагрузка была хоць бы тры разы ў тыдзень, таму што пры двухразовай нагрузцы мы можам казаць толькі пра нейкае падтрыманне таго стану, які ёсць, а пры трохразовай можна ўжо казаць пра невялікую трэніраванасць.
А для студэнтаў…
Магчымасць займацца спортам бясплатна ёсць таксама ў сяброў студэнцкага прафкама БДУ. Абанементы ў трэнажорную залу і басейн выдаюцца кожныя два месяцы пры наяўнасці медыцынскай даведкі. Даведацца падрабязнасці і сачыць за датамі выдачы – www.vk.com/profkombsu.
Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Таццяны Багамазавай
Даведка
Па дадзеных СААЗ, ва ўсім свеце фізічная інертнасць з’яўляецца асноўнай прычынай лішняй масы цела і атлусцення, неінфекцыйных захворванняў і хранічных паталогій, у ліку якіх дыябет, гіпертанія, сардэчна-сасудзістыя хваробы, розныя формы злаякасных новаўтварэнняў, стрэс, дэпрэсія. Пры гэтым наступствы фізічнай інертнасці не толькі прамыя, якія тычацца здароўя, але і ўскосныя – зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці з прычыны хвароб, непрацаздольнасці, ці заўчаснай смяротнасці. Па ацэнках, калі колькасць насельніцтва складае 10 мільёнаў, пры гэтым 50 % насельніцтва характарызуюцца недастатковай фізічнай актыўнасцю, то штогадовыя выдаткі даходзяць да 910 млн еўра.