Квілінг, фэлтынг і дэкупаж выратуюць ад трывогі і дэпрэсіі

12 Jan, 2018.

Хобі-тэрапія ў апошні час становіцца ўсё больш распаўсюджаным спосабам лячэння ад шматлікіх хвароб. Падчас заняткаў улюбёнай справай чалавек на час адцягваецца ад паўсядзённай мітусні, выяўляе сваю індывідуальнасць і творчы патэнцыял. Усё гэта спрыяе зніжэнню нервовага напружання, здыманню стрэсу і паляпшэнню эмацыйнага стану. Аднак гэта далёка не ўсе станоўчыя эфекты хобі. Гаворка ідзе не пра прагляд тэлевізара ці чытанне апошніх літаратурных бэстсэлераў. Такога роду заняткі, хутчэй наадварот, спараджаюць пачуццё непаўнавартаснасці, трывогі, унутранай пустэчы і могуць пагоршыць дэпрэсію. Станоўчы ўплыў на стан здароўя аказваюць творчыя хобі, гэта значыць рознага кшталту рукадзелле.

Карысць для здароўя

Чаму ж заняткі, напрыклад, мастацтвам так дабратворна дзейнічаюць на нашу псіхіку? Справа ў тым, што ў паўсядзённым жыцці нас часта адольваюць непрыемныя думкі, трывогі. Калі ж чалавек укладвае ўсю сваю псіхічную энергію ва ўзаемадзеянне – з чалавекам, палатном, музычным інструментам – ён як бы становіцца часткай сістэмы, большай, чым яго індывідуальнасць. І яго трывога памяншаецца. Вядомы расійскі псіхіятр прафесар Марк Яўгенавіч Бурно стварыў метад лячэння для цяжкіх хворых на шызафрэнію – “псіхатэрапія творчым самавыяўленнем”. У выніку яго пацыенты перастаюць быць падобнымі да агародніны. Яны пачынаюць адчуваць жыццё, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, спрабаваць штосьці распавесці пра сябе пасродкам творчасці.

Дык вось калі мастацтва ратуе людзей нават у такіх экстрэмальных умовах, можна ўявіць, як яно здольнае дзейнічаць на звычайнага чалавека ў паўсядзённым жыцці.

Даўно даказана, што рукадзелле здымае стрэс і дапамагае скінуць псіхалагічнае напружанне, спрыяючы, такім чынам, аднаўленню нервовай сістэмы. Заняткі, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі і задзейнічаюць дробную маторыку, прымушаюць працаваць нервовыя клеткі ў галаўным мозгу і прадухіляюць развіццё старэчай прыдуркаватасці (хваробы Альцгеймера).

Акрамя гэтага, падчас заняткаў асобнымі відамі рукадзелля стымулююцца акупунктурныя кропкі, якія непасрэдна ўплываюць на стан здароўя. Так, напрыклад, вязанне на спіцах дапамагае перажыць цяжкія нервовыя ўзрушэнні і прадухіляе развіццё дэпрэсіі, паляпшае стан пры захворваннях нырак і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вязанне кручком таксама карыснае для сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмы, стымулюе працу печані і нырак. Пажылым жанчынам вязанне кручком дапамагае змагацца з атэрасклерозам. Вышыванне пазбаўляе ад галаўных боляў, здымае нервовае напружанне, дабратворна ўплывае на працу лімфатычных і крывяносных сасудаў. Бісерапляценне дапамагае пазбавіцца ад бяссонніцы, нармалізуе абмен рэчываў і спрыяе паляпшэнню канцэнтрацыі ўвагі, станоўча ўплывае на дыхальную і нервовую сістэму. Шыццё карыснае пры артэрыяльнай гіпертаніі, хваробах сэрца, парушэннях сну і галаўных болях.

Любы від рукадзелля карысны для здароўя, але асноўнае значэнне мае той факт, што ад заняткаў улюбёнай справай чалавек атрымлівае масу станоўчых эмоцый, якія падаўжаюць маладосць, паляпшаюць здароўе і настрой.

Як знайсці сваё хобі

Хобі – гэты занятак, які дазваляе праводзіць час цікава і карысна, дае задавальненне і радасць. Выбіраць варта тое, што вам даспадобы. Разнавіднасцяў заняткаў на сёння даволі шмат, і калі традыцыйныя вязаныя шалікі, сурвэткі і каралі вас не натхняюць, можна знайсці больш сучасныя і меней знаёмыя ўсім заняткі. Вось некалькі прыкладаў новых цікавых хобі.

Квілінг, ці паперакручэнне, – мастацтва стварэння плоскіх і аб’ёмных кампазіцый з дапамогай скручаных у спіралькі вузкіх і доўгіх палосак каляровай паперы. Надаючы розную форму спіралькам, вырабляюць асноўныя элементы квілінгу, з якіх ствараюць кампазіцыі. У гэтай тэхніцы выконваюць карціны, паштоўкі, альбомы, рамкі для фатаграфій, розныя фігуркі для інтэр’еру і г.д.

Фэлтынг, ці качанне з поўсці, – стварэнне ўпрыгожванняў, торбаў, дэкараванне адзення, шалікаў, галаўных убораў з дапамогай спецыяльнай поўсці і прылад.

Дэкупаж – адмысловая тэхніка дэкаравання, якая дазваляе ўпрыгожыць практычна любую паверхню: кераміку, дрэва, пластмасу, паперу, шкло. Сутнасць дэкупажу складаецца ў скрупулёзным выразанні і наклейванні элементаў з папяровых сурвэтак, бо багацце розных малюнкаў на сурвэтках на сёння задаволіць практычныя любыя запыты. Каб надаць аб’ём, элементы абводзяць спецыяльнымі контурамі, пакрываюць лакамі і г.д.

Пэчворк – сшыванне розных па колеры і фактуры кавалачкаў тканіны. Усім вядомая лапікавая коўдра – продак дадзенага метаду. Майстэрства сучасных майстрых прыраўноўваецца да твораў мастацтва.

Карвінг – мастацтва фігурнай нарэзкі агародніны і садавіны. З гарбуза, морквы, капусты, кавуна выразаюцца кветкі неверагоднай прыгажосці. У апошні час стала вельмі модна дарыць “букеты” і фруктовыя кошыкі, вырабленыя ў дадзенай тэхніцы.

Асвоіць усе гэтыя цікавыя заняткі сёння не складана: ёсць мноства навучальных кніг, а ў інтэрнэце можна знайсці бясплатныя курсы і майстар-класы. Галоўнае – жаданне.

Поспеху і натхнення вам!

Іна Валер’еўна ЦЕЛЕШ, урач-псіхатэрапеўт установы аховы здароўя “Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер”

print

Вам таксама можа спадабацца: