У 2017 годзе, які праходзіў пад эгідай навукі, у нашым універсітэце адбылося шмат падзей, звязаных з новымі навуковымі дасягненнямі, новаўвядзеннямі ў сферы камерцыялізацыі навуковых вынікаў, развіццём моладзевай навукі: прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ» атрымала статус навукова-тэхнічнага парку, пачала рэалізоўвацца Стратэгія камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, Савет маладых навукоўцаў запрацаваў у новым складзе. Як у БДУ ствараюць навукова-інавацыйнае асяроддзе са спектрам магчымасцяў у галіне як фундаментальных, так і прыкладных даследаванняў, распавёў прарэктар па навуковай рабоце Васіль САФОНАЎ.
Дасягненні ў навуковай
і інавацыйнай дзейнасці
– Год беларускай навукі скончыўся знакавай падзеяй: прайшоў II З’езд навукоўцаў Беларусі, на якім былі абмеркаваны перспектывы і напрамкі развіцця беларускай навукі, прадстаўленыя ў стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040». 12 снежня 2017 года на базе БДУ былі праведзены пасяджэнні дзвюх секцый з’езда: «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне» і «Моладзь і новыя гарызонты навукі». У працы секцый удзельнічалі больш за 370 дэлегатаў з’езда і 500 запрошаных гасцей. Адзначу, што на базе БДУ праведзена каля 80 мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі.
У Год навукі даследчыкі ўніверсітэта атрымалі шмат значных вынікаў, створаны шэраг цікавых, перспектыўных прыкладных распрацовак.
У НДІ ЯП сфармулявана тэорыя перабудаванай па частаце генерацыі квазічаранкоўскага выпраменьвання ў графене і графен-палімерных слаістых структурах, якая дазваляе ствараць нанапамерныя крыніцы электрамагнітнага выпраменьвання ў тэрагерцавым дыяпазоне (у рамках ДПНД «Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка»).
На хімічным факультэце распрацаваны новыя біяцыдныя пакрыцці на аснове слаістых змяшаных аксідаў, здольныя акумуляваць зарад пры апрамяненні і затым працяглы час (да 6 гадзін) генераваць пераксідныя злучэнні ў цемнавых умовах, што забяспечвае іх эфектыўную самастэрылізацыю (у рамках гранта БРФФД).
У галіне аэракасмічных даследаванняў НДІ ПФП падпісаў новы кантракт з Ракетна-касмічнай карпарацыяй «Энергія» імя С. П. Каралёва на распрацоўку і выраб сістэмы арыентацыі відэаспектральнай апаратуры. Завершаны выпрабаванні апаратна-праграмнага комплексу «Каліброўка» для палётных калібровак спадарожнікавых здымачных сістэм, створанага ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Маніторынг СГ».
Паспяхова вядзецца праца па стварэнні лекавага сродку для лакальнай пралангаванай хіміятэрапіі раку страўніка «Праспідэлонг», які не мае сусветных аналагаў ні па складзе, ні па спосабе ўжывання. Пачаты клінічныя выпрабаванні прэпарата на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. У тым жа РНПЦ уведзена ў эксплуатацыю створаная сумесна з навукоўцамі БДУ гіпертэрмічная камп’ютарызаваная ўстаноўка «Пціч-М» для комплекснага лячэння анкалагічных захворванняў. Дагэтуль на ёй праведзена больш за 200 лячэбных сеансаў.
Установа БДУ «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека» вызначана пастановай Савета Міністраў як арганізацыя, якая забяспечвае навукова-метадычнае кіраўніцтва псіхафізіялагічнымі абследаваннямі працаўнікоў эксплуатацыйных арганізацый і арганізацый, якія выконваюць працы пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі. Іншымі словамі, падбор працаўнікоў на Беларускую атамную электрастанцыю будзе праводзіцца з дапамогай дыягнастычнага псіхафізіялагічнага інструментарыю, распрацаванага ў РЦПЧ БДУ.
Намаганнямі нашых навукоўцаў-біёлагаў пашыраецца серыя ветэрынарных біяпрэпаратаў: створаны новы біяпрэпарат «Субмасцін-КРС», які не мае сусветных аналагаў, прызначаны для эфектыўнай прафілактыкі і лячэння субклінічнага мастыту кароў падчас лактацыі – захворвання, якое практычна не паддаецца тэрапіі традыцыйнымі метадамі.
Усё больш даступныя шырокаму колу спажыўцоў становяцца фітасолі серыі «Універсум» дыетычнай і прафілактычнай скіраванасці, якія вырабляюцца на УП «Унітэхпрам БДУ» і спрыяюць зніжэнню рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі. Адзначу, што «Фітасоль харчовая дыетычная прафілактычная серыі «Універсум» з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю» стала лаўрэатам конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2017 года, а таксама атрымала статус «Навінка года» ў намінацыі «Харчовыя тавары».
Стратэгія камерцыялізацыі
вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці
– Значнымі падзеямі 2017 года лічу набыццё прадпрыемствам «Унітэхпрам БДУ» статусу навукова-тэхнічнага парку і пачатак рэалізацыі Стратэгіі камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці ўніверсітэта. У рамках мерапрыемстваў стратэгіі быў арганізаваны шэраг семінараў па пытаннях абароны і выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці як для маладых навукоўцаў, так і кіраўнікоў навуковых падраздзяленняў, разглядаліся і растлумачваліся тонкасці нарматыўнай базы, механізмы выкарыстання і камерцыялізацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. З аднаго боку, у кіраўніка-навукоўца павінна фарміравацца выразнае разуменне таго, навошта абараняць аб’ект інтэлектуальнай уласнасці: пацвердзіць навізну атрыманых даследаванняў пры падрыхтоўцы дысертацыйнай працы, асабліва ў практыка-арыентаваных даследаваннях, замацаваць за сабой аўтарскае права, а за ўніверсітэтам права на камерцыялізацыю аб’ектаў прамысловай уласнасці. З іншага боку, стратэгія накіравана на фарміраванне пэўных мерапрыемстваў па падтрымцы і абароне вынаходстваў і вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, выбудоўваючы ўзаемавыгаднае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі.
Развіваць інавацыйную дзейнасць і камерцыялізаваць вынікі даследаванняў магчыма будзе і дзякуючы тэхнапарку, створанаму ў БДУ. Цяпер мы праводзім работу па падборы пляцовак для тэхнапарку, прыцягненні рэзідэнтаў. З патэнцыйнымі рэзідэнтамі абмяркоўваем і фарміруем для рэалізацыі новыя праекты па пастаноўцы на вытворчасць інавацыйнай прадукцыі. Універсітэцкі тэхнапарк – гэта добрыя перспектывы для прыцягнення моладзі да інавацыйнага бізнесу, пад яго эгідай павінен развівацца стартап-цэнтр БДУ.
У перспектыве на 2018 год – стварыць ва ўніверсітэце галіновыя лабараторыі для рашэння навукаёмістых задач рэальнага сектара эканомікі ці сацыяльнай сферы.
У рамках рэалізацыі Стратэгіі мы плануем зацвердзіць новае палажэнне пра матэрыяльнае стымуляванне навукоўцаў, распрацоўшчыкаў, у тым ліку і людзей, якія садзейнічаюць укараненню інавацый. Паводле палажэння, аўтарам вынаходстваў у наступным будзе адлічвацца да 40 працэнтаў ад чыстага прыбытку.
Вядома, у мяне вялікія спадзяванні на нашу моладзь, бо, зразумеўшы ўсе аспекты, звязаныя з камерцыялізацыяй вынікаў навуковай дзейнасці, яны знойдуць ва ўніверсітэце поле для актыўнай працы, знойдуць магчымасці ўвасобіць у жыццё свае навуковыя ідэі і распрацоўкі.
Сама стратэгія апроч навучальных мерапрыемстваў і мерапрыемстваў па камерцыялізацыі вынікаў НТД змяшчае ў сабе элементы стратэгічнага планавання такой дзейнасці, асноўная мэта – стварыць ва ўніверсітэце новае інавацыйнае асяроддзе.
Удасканаленне сістэмы
ўніверсітэцкай навукі і інавацыйнай дзейнасці
– У 2018 годзе мы працягнем дзейнасць па ўдасканаленні сістэмы арганізацыі ўніверсітэцкай навукі і інавацыйнай дзейнасці, існуючых механізмаў заахвочвання і стымулявання навуковай дзейнасці. Тут і новы механізм размеркавання базавага фінансавання на фундаментальныя даследаванні з улікам выніковасці працы ў папярэдні перыяд, які распрацоўваецца на аснове прапаноў структурных падраздзяленняў універсітэта і механізмы падтрымкі завяршэння дысертацыйных даследаванняў, стымулявання публікацыйнай актыўнасці, у першую чаргу публікацый нашых навукоўцаў у высакарэйтынгавых часопісах.
Важны напрамак працы звязаны з моладзевай навукай, падтрымкай іх ініцыятыў, пашырэннем магчымасцяў па прыцягненні моладзі да выканання навуковых даследаванняў на платнай аснове. У планах увесці ва ўніверсітэце індывідуальныя гранты для завяршэння дысертацыйных даследаванняў. Персаналізацыя павялічыць адказнасць даследчыка і дасць яму магчымасць атрымаць рэальную падтрымку з боку ўніверсітэта.
У цэлым, удасканальваючы сістэму, выбудоўваючы новыя падыходы, мы імкнўмся да таго, каб навуковая дзейнасць была накіравана на атрыманне канчатковага выніку, завяршалася стварэннем навукаёмістага прадукту. Зразумела, што будуць адбывацца змены ў нашай унутранай нарматыўна-прававой базе па арганізацыі навуковай і інавацыйнай дзейнасці. Падыход адзін: ад вынікаў працы падраздзялення і кожнага навукоўца будзе залежаць падтрымка іх навуковай, навукова-вытворчай і інавацыйнай дзейнасці. Да працы па фарміраванні гэтых умоў, карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх супрацоўнікаў універсітэта.
Школы юных – НДРС –
школа маладых навукоўцаў
– Ва ўніверсітэце досыць добра развіта сістэма працы з моладдзю, у першую чаргу я маю на ўвазе студэнтаў. У гэтай сістэме ёсць і магчымасць індывідуальнай працы з выкладчыкамі, і калектыўнай: ад гурткоў, якія праводзяцца на факультэтах, да навукова-даследчых лабараторый. Арганізуюцца конкурсы, якія падтрымліваюць цікавасць да навукі, напрыклад, на найлепшую СНДЛ, конкурс грантаў студэнтаў і аспірантаў, праводзіцца штогадовая навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў БДУ, у якой у 2017 годзе бралі ўдзел больш за 3700 чалавек. Маладыя людзі могуць удзельнічаць – і мы імкнёмся ў гэтым дапамагаць – у конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Вядома, падтрымліваюцца і навуковыя кіраўнікі.
Сёння наш універсітэт з’яўляецца самай буйной арганізацыяй па падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ва ўсёй краіне навучаецца каля 5000 аспірантаў, пры гэтым каля 1000 – у БДУ. Прыблізна 6 % аспірантаў у нас рыхтуецца для рэальнага сектара эканомікі. Гэта высокі паказчык для ВНУ Мінадукацыі, але мы плануем яго нарошчваць, таму што цяпер на прадпрыемствах развіваюцца навукова-тэхнічныя цэнтры, якім патрэбныя кадры. У гэтай сувязі ў новым фармаце наладжваем сумесную працу з Саветам маладых навукоўцаў БДУ і падраздзяленнямі. Цяпер новы склад СМН арыентаваны на актыўную працу, іх ідэі і запал трэба ўвасобіць у пэўныя мерапрыемствы, праекты. Моладзь – гэта найбольш актыўнае асяроддзе, дзе нараджаюцца ідэі стартапаў, якія можна апрабаваць на тэрыторыі таго ж тэхнапарку БДУ. Цяпер Савет маладых навукоўцаў карэктуе нарматыўную базу, фарміруе план працы на 2018 год.
Для ўдасканалення сістэмы працы з моладдзю хацелася б стварыць ланцужок з трох звёнаў: школа юных – навукова-даследчая работа студэнтаў – школа маладых навукоўцаў, каб не страціць таленавітых дзяцей, падтрымаць іх даследчую цікавасць, абудзіць любоў да творчасці, навуковых даследаванняў. Галоўны рэсурс навукі – гэта яе кадры, навукоўцы, ён нараджаецца і развіваецца ва ўніверсітэце. Наша задача – стварыць умовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага маладога чалавека.
Валерыя БАНДАРЧЫК