Юрыдычны факультэт стаў пераможцам круглагадовай студэнцкай спартакіяды ў чарговы раз. Гэту перамогу юрыдычны факультэт утрымлівае на працягу многіх гадоў. Газета “Універсітэт” паразмаўляла з адказнымі за спорт і даведалася, чакаць юбілейнай перамогі сёлета ці не.
– 14 перамог – вялікая лічба. Ствараецца ўражанне, што на юрфаку вучацца адны спартсмены…
– У нас вучацца два вядучыя спартсмены – гэта Ігар Бокі і Джавід Гамзатаў. Акрамя іх яшчэ каля 20 прафесійных спартсменаў. Але з кожным годам мы заўважаем, што аматары паступова набліжаюцца да прафесіяналаў, – дзеліцца факультэцкай статыстыкай Анжэла АТРОШЧАНКА, адказная за спартыўна-масавую дзейнасць.
Аляксандр ФЕДАРОВІЧ, старшыня каардынацыйнага савета студактыву юрыдычнага факультэта, адзначае, што некаторыя спартсмены раскрываюцца менавіта на факультэце: паступіўшы, студэнты пачынаюць актыўна займацца спортам і пераходзяць на новы ўзровень.
Таксама ў БДУ існуе сістэма свабоднага наведвання вучэбных заняткаў для найбольш выдатных спартсменаў, якія ўваходзяць у нацыянальную зборную.
– Гэта важна для прафесіяналаў, паколькі яны абараняюць не толькі гонар універсітэта і факультэта, але і гонар краіны, – расказвае намеснік дэкана Андрэй ШЫДЛОЎСКІ. – Асаблівых праблем з наведвальнасцю вучэбных заняткаў ў спартсменаў няма. Некаторыя аматары спорту знаходзяцца у ліку выдатнікаў факультэта.
БОНУСЫ
– Хто вашы канкурэнты на ўніверсітэцкай спартакіядзе?
– Заўсёды студэнты розных факультэтаў паміж сабой высвятляюць, хто лепшы. На юрыдычным факультэце існуе ўнутраны рэйтынг сярод спартсменаў.
Акрамя асноўных узнагарод – кубкаў, медалёў і дыпломаў – студэнты заахвочваюцца прэміямі. Для гэтага на факультэце ёсць спецыяльны студэнцкі фонд матэрыяльнага стымулявання. На адрас бацькоў два разы на год дэканат адпраўляе падзяку ад імя дэкана, у якой ён дзякуе за поспехі ў вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім і спартыўным жыцці факультэта.
Прызёры 65-й спартакіяды БДУ 2017 года:
- Юрыдычны факультэт – 465 балаў;
- Факультэт міжнародных адносін – 348 балаў;
- Механіка-матэматычны факультэт – 346 балаў.
У каманд юрфака 9 першых месцаў у розных відах: футбол жаночы, грэка-рымская барацьба, гіравы спорт, лыжны спорт, паўэрліфтынг, барацьба дзюдо (жан.), лёгкаатлетычны крос, рытмічная гімнастыка і лёгкая атлетыка.
– Студэнты імкнуцца ўдзельнічаць у мерапрыемствах органаў студэнцкага самакіравання (савет старастаў, прафкам, БРСМ, студсаюз і інш.). Таксама ўсе хлопцы-спартсмены ўваходзяць у аператыўныя атрады юрыдычнага факультэта, інтэрнатаў, Студгарадка БДУ, МААП, дзе набываюць адміністрацыйны вопыт, што вельмі важна для юрыста, – дзеліцца адметнымі рысамі сістэмы Андрэй Віктаравіч. – Адзначу, што ўдзел у жыцці факультэта – гэта адзін з тых крытэрыяў, якія ўлічваюцца пры прыняцці рашэння аб зніжэнні аплаты за навучанне або пераводу на бюджэтную форму навучання. Сярод такіх студэнтаў заўсёды ёсць спартсмены. Акрамя гэтага, спартыўныя дасягненні студэнтаў улічваюцца пры прадстаўленні месца іншагароднім навучэнцам у інтэрнаце.
БАРЦОЎСКІ ФАКУЛЬТЭТ
– Хто са спартсменаў юрыдычнага факультэта зараз на слыху?
– Нельга не ўспомніць майстра спорту міжнароднага класа Мікіту Клімовіча, які ўваходзіць у склад нацыянальнай зборнай па грэка-рымскай барацьбе. Ён атрымаў тытул найлепшага спартсмена БДУ. Яго трэніруе алімпійскі чэмпіён Камандар Маджыдаў. Дарэчы, гэта таксама наш выпускнік (скончыў юрфак БДУ ў 1989 годзе – заўв. рэд). Ён сябар нашага факультэта, – распавядае Анжэла Пятроўна.
Віктар Завадзіч стаў «Студэнтам года–2017» юрыдычнага факультэта ў намінацыі «Спорт». Ён прымаў удзел у сусветным студэнцкім футбольным турніры «Кубак шаўковага шляху – 2017» у КНР, дзе каманда БДУ заняла першае месца, – успамінае Анжэла Пятроўна. Акрамя футбольных поспехаў будучы юрыст удзельнічае ў спаборніцтвах і па лёгкай атлетыцы. На адным з апошніх спаборніцтваў ён узяў бронзу.
– Андрэй Віктаравіч, раз зайшла гаворка пра Камандара Бафаліевіча, узнікае пытанне: як часта вы прыцягваеце да працы знакамітых спартсменаў і трэнераў?
– Камандар Бафаліевіч, які з’яўляецца выпускніком юрыдычнага факультэта, ужо стаў «пазаштатным» спартыўным супрацоўнікам факультэта. Акрамя яго адзначу заслужанага трэнера па грэка-рымскай барацьбе Мікалая Прусава. Дзякуючы іх сумеснай працы на нашым факультэце вучыцца каля 5 майстроў спорту, напрыклад, наш студэнт Джавід Гамзатаў заваяваў бронзавы медаль на Алімпійскіх Гульнях–2016 у Рыа-дэ-Жанэйра ў гэтым відзе барацьбы. Юрфак стаў «барцоўскім факультэтам» дзякуючы знакамітым людзям!
Многія спартсмены заканчваюць магістратуру і аспірантуру, а пасля ідуць выкладаць на юрфак. Напрыклад, Таццяна Бойка – суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці (па сумяшчальніцтве), майстар спорту міжнароднага класа па скачках у вышыню.
МЕНЕДЖМЕНТ
– Спартыўнае жыццё факультэта даволі насычанае. Якія спосабы папулярызацыі працуюць на юрфаку?
– На першым сходзе студэнтаў-першакурснікаў адміністрацыя факультэта тлумачыць агульныя пытанні навучальнага працэсу, у тым ліку і па фізічным выхаванні. Потым праводзіцца лекцыя па фізічнай культуры, на якой першакурснікі знаёмяцца з сістэмай спорту ва ўніверсітэце. Далей кожны студэнт выбірае па сваім жаданні, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандр Федаровіч.
– Сёння спорт – гэта яшчэ і граматны менеджмент, а не толькі спартыўныя поспехі. Анжэла Пятроўна – гэта наш «топ-менеджар». Стратэгічная расстаноўка сіл спрыяе папулярызацыі і прыцягненню студэнтаў, – распавядае Андрэй Віктаравіч.
– Штогод дэкан юрыдычнага факультэта Сяргей Балашэнка з удзелам іншых прадстаўнікоў дэканата і я абмяркоўваем праграму развіцця кожнага віду спорту паасобку, – расказвае Анжэла Пятроўна.
Дарэчы, Анжэла Пятроўна – сама прыклад для студэнтаў, яна з’яўляецца ўдзельніцай трох алімпіяд: Барселона–1992, Атланта–1996, Афіны–2004; майстар спорту міжнароднага класу па лёгкай атлетыцы.
Спартакіяда БДУ заўсёды ў прыярытэце юрыдычнага факультэта!
Вераніка ГАМЗЮКОВВА