Развіццё навуковых даследаванняў у галіне оптыкі і сумежных напрамкаў, станаўленне прамысловай аптычнай вытворчасці ў Беларусі датуецца 50–60-мі гадамі мінулага стагоддзя. У Мінск вярнуўся А. Н. Сеўчанка, які абараніў у 1952 г. у Дзяржаўным аптычным інстытуце пад кіраўніцтвам С. І. Вавілава доктарскую дысертацыю. Услед за ім з Ленінграда пераехалі вядомыя навукоўцы Б. І. Сцяпанаў, М. А. Ельяшэвіч. Вялікі ўнёсак у развіццё аптычнай навукі Беларусі зрабілі Ф. І. Фёдараў, М. А. Барысевіч, У. А. Піліповіч, П. А. Апанасевіч і іншыя навукоўцы.
Асноўнымі цэнтрамі падрыхтоўкі спецыялістаў і правядзення аптычных даследаванняў у БДУ з’яўляюцца створаныя ў 1953 г. аптычныя кафедры: кафедра фізічнай оптыкі (з 1.09.2017 г. кафедра фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі) і кафедра спектральнага аналізу (з 1991 г. кафедра лазернай фізікі і спектраскапіі). Тут былі пачаты сістэматычныя навуковыя даследаванні ў галіне фізічнай оптыкі, спектраскапіі і аптычнага прыборабудавання, якія за 65 гадоў, якія прайшлі з моманту заснавання кафедраў, даўно перасягнулі фармальныя межы гэтай галіны навукі. Дыяпазон навуковых распрацовак вельмі шырокі: ад разліку спектральных характарыстык нанапамерных кластараў да стварэння лазерна-аптычных комплексаў і абсталявання для касмічных апаратаў, ад даследаванняў па гісторыі развіцця прыродазнаўства ў Вялікім Княстве Літоўскім да распрацоўкі сучасных мультымедыйных навучальных комплексаў.
У 1953 г. у Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР быў арганізаваны фізіка-матэматычны сектар, на базе якога ў 1955 г. быў адкрыты Інстытут фізікі і матэматыкі (дырэктар А. Н. Сеўчанка). У складзе інстытута працавала 5 лабараторый фізічнага профілю: агульнай і малекулярнай спектраскапіі (загадчык Б. І. Сцяпанаў), люмінесцэнцыі і фотахіміі (загадчык А. Н. Сеўчанка), тэарэтычнай фізікі (загадчык Ф. І. Фёдараў), фізікі ІЧ-выпраменьванняў (загадчык М. А. Барысевіч), спектраскапіі і нізкатэмпературнай плазмы (загадчык М. А. Ельяшэвіч). У 1959 г. інстытут быў ператвораны ў два самастойныя інстытуты – фізікі (дырэктар Б. І. Сцяпанаў) і матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (дырэктар М. П. Яругін).
Развіццё навукаёмістых галін (машынабудаванне, оптыка-механічная, прыборабудаўнічая, электронная галіны) патрабавала засяроджвання намаганняў акадэмічных інстытутаў фізіка-матэматычнага профілю на пераважным развіцці фізічнай оптыкі, квантавай электронікі і лазернай спектраскапіі, фізікі плазмы, оптаэлектронікі, фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што высокі ўзровень навуковай культуры і творчае ўзаемадзеянне навукоўцаў Акадэміі навук з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі ўніверсітэта дазволіла сфарміраваць беларускую аптычную школу, дзейнасць якой атрымала высокае прызнанне далёка за межамі Беларусі.
Варта адзначыць, што рэктар МДУ акадэмік Р. В. Чупрын у 1975 г. на агульным сходзе Акадэміі навук падкрэсліў: «Беларусь – буйная аптычная дзяржава».
Загадчыкі кафедры
фізічнай оптыкі
СЕЎЧАНКА Антон Нікіфаравіч (1903–1978) нарадзіўся 22 лютага 1903 г. у с. Дзяніскавічы Гомельскай вобласці. А. Н. Сеўчанка скончыў пачатковую школу ў 1916 г., выявіўшы асаблівыя здольнасці да прыродазнаўчых навук. У 1922 г. А. Н. Сеўчанка паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум і паспяхова скончыў яго ў 1926 г. Пасля вучобы Антон Нікіфаравіч тры гады працаваў спачатку дырэктарам Жарабцоўскай пачатковай школы Туркоўскага сельскага савета Бабруйскага раёна, затым дырэктарам Жыліцкай няпоўнай сярэдняй школы таго ж раёна Магілёўскай вобласці, выкладаў фізіку і матэматыку.
У 1929 г. А. Н. Сеўчанка паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на фізіка-тэхнічнае аддзяленне педагагічнага факультэта. У 1932 г. пасля паспяховай здачы ўступных іспытаў быў залічаны ў аспірантуру ФІАН (г. Ленінград). Так пачалася яго навуковая праца пад кіраўніцтвам акадэміка С. І. Вавілава. У 1934 г. у сувязі з пераездам ФІАН у Маскву А. Н. Сеўчанка перайшоў у аспірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытута (ДАІ, г. Ленінград). С. І. Вавілаў узначальваў абодва інстытуты і, натуральна, застаўся яго навуковым кіраўніком.
Асноўным напрамкам даследаванняў А. Н. Сеўчанкі ў ДАІ стала люмінесцэнцыя арганічных і неарганічных рэчываў, крышталяфосфараў. Пры вывучэнні люмінесцэнцыі ўранілавых злучэнняў ім была выяўлена з’ява палярызацыі выпраменьвання і памяншэнне яе ступені па меры згасання свячэння. Пазней на вельмі вялікай колькасці ўранілавых злучэнняў ён даследаваў тэмпературную залежнасць квантавага выхаду люмінесцэнцыі і сярэдняй працягласці ўзрушанага стану.
У сакавіку 1937 г. А. Н. Сеўчанка паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную вывучэнню палярызаванай люмінесцэнцыі раствораў арганічных фарбавальнікаў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Антон Нікіфаравіч з уласцівай яму энергіяй і настойлівасцю займаўся абароннай тэматыкай у Казані і ў Яшкар-Але, куды быў эвакуяваны ДАІ. Распрацаваў прылады для падсвятлення шкал прыбораў, лупы, якія самі свяціліся, і іншыя прылады з выкарыстаннем святлосаставаў пастаяннага дзеяння. Створаныя ім аптычныя прыборы былі ўкаранёныя і сталі шырока ўжывацца ў прамысловасці, за што А. Н. Сеўчанка ў цяжкія ваенныя гады (у снежні 1943 г.) быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», а ў маі 1945 г. – медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
У 1946 г. Антон Нікіфаравіч быў залічаны ў дактарантуру Акадэміі навук СССР пры Фізічным інстытуце імя П. М. Лебедзева (г. Масква). Вынікам даследаванняў люмінесцэнцыі ўранілавых злучэнняў стала доктарская дысертацыя, паспяхова абароненая ў сакавіку 1952 г.
У студзені 1953 г. А. Н. Сеўчанка быў абраны акадэмікам АН БССР і пераехаў на пастаянную працу ў г. Мінск. З гэтага часу ўсё жыццё Антона Нікіфаравіча было звязана з роднай Беларуссю. У маі 1953 г. А. Н. Сеўчанка ўзначаліў сектар фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, за кароткі час ім быў арганізаваны Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР. 15 сакавіка 1955 г. А. Н. Сеўчанка быў зацверджаны яго дырэктарам і на працягу двух гадоў кіраваў гэтым інстытутам. Адначасова А. Н. Сеўчанка выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук АН БССР (1955–1956). У верасні 1953 г. арганізаваў кафедру фізічнай оптыкі БДУ, якую ўзначальваў да апошніх дзён свайго жыцця.
У красавіку 1957 г. А. Н. Сеўчанка быў прызначаны рэктарам БДУ (узначальваў больш за 15 гадоў – да кастрычніка 1972 года). Пад яго кіраўніцтвам БДУ стаў вядучай ВНУ рэспублікі, адным з найбуйнейшых універсітэтаў СССР, быў уключаны ў лік 25 вядучых ВНУ СССР і ўзнагароджаны ў 1967 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.У апошнія гады жыцця Антон Нікіфаравіч уклаў шмат сіл і энергіі ў арганізацыю пры БДУ НДІ прыкладных фізічных праблем – першага навукова-даследчага інстытута ў сістэме вышэйшай школы Беларусі. З верасня 1972 і па 1978 гг. быў дырэктарам гэтага інстытута, загадчыкам лабараторыі спектраскапіі, працягваючы кіраваць кафедрай фізічнай оптыкі. Дзякуючы высілкам А. Н. Сеўчанкі ў БДУ паспяхова развіваліся і развіваюцца такія важныя навуковыя напрамкі, як: спектральныя і люмінесцэнтныя метады вывучэння будовы і ўласцівасцяў цвёрдых, вадкіх, газападобных асяроддзяў і плазмы, сінтэз і вывучэнне фізіка-хімічных уласцівасцяў вадкакрышталічных рэчываў, фарбавальнікаў, арганічных палімераў, фотарэзістаў; радыёгалаграфія; фізіка цвёрдага цела і паўправаднікоў; радыёфізіка; інфарматыка; электроннае і аптычнае прыборабудаванне і інш. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 10 доктарскіх і звыш 40 кандыдацкіх дысертацый. А. Н. Сеўчанка – аўтар больш чым 250 навуковых і навукова-папулярных прац, 3 манаграфій.
Навуковую, навукова-арганізацыйную і педагагічную працу
А. Н. Сеўчанка сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю: удзельнічаў у міжнародных канферэнцыях ААН, у 1956 г. – у стварэнні Міжнароднага агенцтва па мірным выкарыстанні атамнай энергіі (МАГАТЭ). А. Н. Сеўчанка з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР у 1958–1962 гг., дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР VI–VIII скліканняў (1963–1976). У ліпені 1971 г. за вялікія заслугі ў развіцці фізічнай навукі і тэхнікі, укараненне вынікаў навуковых даследаванняў у народную гаспадарку яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Антон Нікіфаравіч узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам «Знак Пашаны», некалькімі медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (тройчы). А. Н. Сеўчанка – заслужаны дзеяч навукі БССР.
Пастановай Савета Міністраў БССР ад 2 жніўня 1979 г. № 236 Навукова-даследчаму інстытуту прыкладных фізічных праблем БДУ прысвоена імя А. Н. Сеўчанкі.
Да 90-гадовага юбілею БДУ ў фае галоўнага корпуса адкрыта мемарыяльная кампазіцыя памяці А. Н. Сеўчанкі.
Паслядовіч Міхаіл Раманавіч, загадчык кафедры ў 1978–1979 гг.
У 1971 г. пад кіраўніцтвам Л. В. Валадзько абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ім усталявана прырода выпраменьвальнага асцылятара ўранілавага комплексу. Як было адзначана П. П. Феафілавым і А. Н. Сеўчанкам, атрыманы і сістэматызаваны ім унікальны матэрыял каштоўны для далейшага развіцця тэорыі спектраскапіі, для пошуку высокаэфектыўных біялагічна актыўных рэчываў і комплексных злучэнняў, у тым ліку для ядзернай энергетыкі.
Бельскі Аляксандр Міхайлавіч (1944–2001), загадчык кафедры ў 1979–1981 гг.
У 1974 г. пад кіраўніцтвам прафесара А. П. Хапалюка абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1997 г. – доктарскую. Ім назапашаны і абагульнены багаты матэрыял па тэарэтычных даследаваннях канічнай рэфракцыі лазернага выпраменьвання ў двухвосевых крышталях; прадказаны эфект няроўнасці вугла адбіцця пучка вуглу падзення і інш.
Зяцькоў Іван Паўлавіч (1926–2009), загадчык кафедры ў 1981–1993 гг.
У 1963 г. пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі абараніў кандыдацкую дысертацыю. На працягу 16 гадоў быў дэканам фізічнага факультэта. У 1979–1986 гг. – прарэктар па навуковай рабоце БДУ, 1981–1993 гг. – загадчык кафедры фізічнай оптыкі. Навуковая праца І. П. Зяцькова была звязана з эксперыментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі ў галіне малекулярнай спектраскапіі арганічных пераксідаў і карбанілзмяшчальных палімераў з асаблівымі ўласцівасцямі.
Мінько Анатоль Антонавіч, загадчык кафедры з 1993 г.
У 1979–2008 гг. – намеснік дырэктара па навуковай рабоце НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ, з 1993 г. – загадчык кафедры фізічнай оптыкі (з 01.09.2017 г. – кафедра фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі). Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
А. А. Мінько – вучань акадэміка Л. В. Валадзько, кіраўнік важнага навуковага напрамку ў галіне оптыкі і спектраскапіі складаных малекулярных сістэм, фізіцы і хіміі вадкіх крышталяў. Лаўрэат прэміі Савета Міністраў БССР і прэміі імя А. Н. Сеўчанкі. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік БДУ.
Супрацоўнікі і выпускнікі
кафедры фізічнай
оптыкі, якія зрабілі
значны ўнёсак у яе
развіццё і ганараваныя
ўрадавых узнагарод
Валадзько Леанід Вікенцьевіч (1928–1978)
Навуковай працай Л. В. Валадзько пачаў займацца з 1953 г. пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі. Ім выкананы шэраг важных прац у галіне спектраскапіі ўранілавых злучэнняў, радыёоптыкі і стварэнні антэн касмічных апаратаў. Па прапанове Л. В. Валадзько праведзена вывучэнне малекулярных механізмаў вострых метабалічных парушэнняў у тканках галаўнога мозгу пры кіслароднай недастатковасці. Навуковую і педагагічную працу Л. В. Валадзько паспяхова сумяшчаў з абавязкамі прарэктара па навуковай рабоце ўніверсітэта, загадчыка кафедры спектральнага аналізу, загадчыка лабараторыі оптыкі кандэнсаваных асяроддзяў НДІ ПФП пры БДУ. Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Камяк Анатоль Іванавіч
У 1974 г. абараніў дысертацыю на суісканне ступені доктара фізіка-матэматычных навук. У 1977 г. яму прысвоена званне прафесара. А. І. Камяк – вучань А. Н. Сеўчанкі, у 1979–1997 гг. – загадчык кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі. Буйны спецыяліст у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі арганічных і неарганічных злучэнняў. Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, заслужаны работнік БДУ.
Умрэйка Дзмітрый Сцяпанавіч (1934–2015)
Вучань А. Н. Сеўчанкі, у 1962 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1971 г. – доктарскую. Д. С. Умрэйка – адзін з арганізатараў НДІ ПФП. Ім быў сфарміраваны новы навуковы напрамак – малекулярны спектральна-структурны аналіз каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў. Лаўрэат прэміі Савета Міністраў БССР, прэміі імя А. Н. Сеўчанкі. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік БДУ.
Саржэўскі Аляксандр Міхайлавіч (1930–1983)
У 1961 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1973 г. – доктарскую. З 1 чэрвеня 1967 г. – дацэнт кафедры фізічнай оптыкі, з кастрычніка 1967 г. па 1983 г. загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ. А. М. Саржэўскі – кіраўнік навуковага напрамку па даследаванні палярызацыі люмінесцэнцыі, узаемадзеянні лазернага выпраменьвання са складанымі арганічнымі малекуламі. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР.
Гайсёнак Віктар Анатольевіч
У 1977 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1990 г. – доктарскую. Вучань А. М. Саржэўскага, у 1972–1992 гг. працаваў у БДУ, прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры, дэкана фізічнага факультэта. З 1992 па 2014 г. на высокіх дзяржаўных пасадах. З 2014 г. – рэктар РІВШ БДУ.
В. А. Гайсёнак – буйны спецыяліст у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, праблем нелінейнай оптыкі і фізікі лазераў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Гурыновіч Георгій Паўлавіч (1933–1994)
Навуковай працай Г. П. Гурыновіч займаўся ў галіне фатонікі біялагічна важных пігментаў і іх аналагаў пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі і пад ідэйным уплывам акадэмікаў Ц. М. Годнева і А. М. Цярэніна. У 1960 г. абараніў кандыдацкую, а ў 1969 г. – доктарскую дысертацыю. Акадэмік НАН Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Кембрыджскім Міжнародным біяграфічным цэнтрам Г. П. Гурыновіч прызнаны Чалавекам 1998 года.
Салаўёў Канстанцін Мікалаевіч
У 1970 г. абараніў доктарскую дысертацыю, вучань А. Н. Сеўчанкі. Яго даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі макрацыклічных тэтрапірольных злучэнняў і іх комплексаў з металамі, уключаючы біялагічна важныя злучэнні тыпу хларафілу і гему, сталі асноўнымі ў навуковай дзейнасці. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР і СССР. За вялікі ўнёсак у спектраскапію парфірынаў узнагароджаны прэміяй імя А. М. Цярэніна.
Рубанаў Аляксандр Сяргеевіч (1936–2003)
Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. З 1978 г. – загадчык лабараторыі аптычнай галаграфіі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава АН БССР. З 1996 г. – старшыня савета БРФФД. Распрацаваў фізічныя асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Выявіў новую з’яву – ператварэнне хвалевага фронту пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР і СССР.
Гапоненка Сяргей Васільевіч
Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі. З 2001 г. чытае спецкурсы на кафедры фізічнай оптыкі. У 2000–2007 гг. дырэктар ІМАФ НАН Беларусі, з 2007 – загадчык лабараторыі нанаоптыкі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, з 2014 г. – старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Аўтар некалькіх манаграфій, выдадзеных у Вялікабрытаніі, Германіі і Кітаі. Сфера навуковых інтарэсаў: фізіка нанаструктур і оптыка кандэнсаваных асяроддзяў. Актыўна развівае новы навуковы напрамак – даследаванне ўзаемадзеяння электрамагнітнага выпраменьвання з квантавымі сістэмамі ва ўмовах прасторавага абмежавання электрамагнітных хваль.
Казак Мікалай Станіслававіч
Дырэктар Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік. Выдатны навуковец у галіне крышталяоптыкі, крышталяакустыкі і нелінейнай оптыкі, чытаў спецкурсы студэнтам фізічнага факультэта. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Міжкафедральны сімбіёз
Гістарычна абедзве аптычныя кафедры (фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі; лазернай фізікі і спектраскапіі), арганізаваныя ў 1953 г., былі цесна ўзаемазвязаныя: дзейнічалі адзіныя навучальныя праграмы спецкурсаў, былі арганізаваны агульныя спецлабараторыі, вялося агульнае справаводства і г. д. Да цяперашняга часу практыкуецца правядзенне сумесных пасяджэнняў гэтых кафедраў, навукова-практычных семінараў, узгадняюцца навучальныя праграмы. Кафедру фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі ўзначальвае А. А. Мінько, кафедрай лазернай фізікі і спектраскапіі кіруе А. Л. Толсцік.
Толсцік Аляксей Леанідавіч
У 2010–2017 гг. – прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце, з 2018 г. загадчык кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, вучань А. С. Рубанава. Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі і прэміі НАН Беларусі, заслужаны работнік БДУ.
Галіна навуковых інтарэсаў: нелінейная оптыка і дынамічная галаграфія, галаграфічныя тэхналогіі абароны каштоўных папер і дакументаў, лазерна-аптычнае і навукова-навучальнае прыборабудаванне. Ім развіты новы навуковы напрамак – сінгулярная дынамічная галаграфія.
Варапай Яўген Сямёнавіч
У 1997–2017 гг. – загадчык кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, вучань А. М. Саржэўскага. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, заслужаны работнік БДУ.
Галіна навуковых інтарэсаў – даследаванне нелінейнай люмінесцэнцыі раствораў складаных малекул, аптычнае прыборабудаванне і ўжыванне новых арганічных злучэнняў (фарбавальнікаў) у якасці фотасэнсібілізатараў для дыягностыкі і тэрапіі анкалагічных захворванняў.
З дня заснавання кафедры фізічнай оптыкі ўвесь час пашыраюцца яе сувязі з вядучымі навуковымі цэнтрамі Расійскай Федэрацыі. У 1960-х гг. на кафедры фізічнай оптыкі пад кіраўніцтвам А. Н. Сеўчанкі і Л. В. Валадзько былі пачаты даследаванні ў галіне касманаўтыкі, у 1980-х гг. яны атрымалі развіццё пад кіраўніцтвам Л. І. Кісялеўскага, а з 2003 г. вядуцца даследаванні па стварэнні апаратуры для зандавання Зямлі ў ІЧ-дыяпазоне (А. А. Мінько, М. М. Каваленка) па праграмах Саюзнай дзяржавы «Космас-СГ», «Космас-НТ», «Маніторынг-СГ».
У наш час створаная А. Н. Сеўчанкам навуковая школа фізічнай оптыкі паспяхова развіваецца. На фізічным факультэце, у НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ і Інстытуце фізікі імя А. Н. Сеўчанкі НАН Беларусі плённа працуюць дзясяткі «ўнукаў» і «праўнукаў» Антона Нікіфаравіча Сеўчанкі.
Чалавек застаецца ў памяці наступных пакаленняў у першую чаргу дзякуючы сваім справам і здзяйсненням. Антон Нікіфаравіч застаецца ў нашай памяці як навуковец і педагог, які нястомна працаваў на карысць Радзімы. Яго імя назаўжды ўвайшло ў гісторыю беларускай навукі як заснавальніка буйной навуковай школы, якую сёння годна прадстаўляюць і развіваюць яго шматлікія паслядоўнікі. А. Н. Сеўчанка быў патрыётам Айчыны, выбітным навукоўцам, славутым сынам беларускага народа і Чалавекам з вялікай літары!
Анатоль МІНЬКО,
загадчык кафедры фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі