“Мы сутыкнуліся з адрозным менталітэтам.” Студэнты БДУ трыместр навучаліся ў Кенце

20 Feb, 2018.

БДУ і Кенцкі ўніверсітэт у рамках праграмы Erasmus+ Key Action 1 International Credit Mobility рэалізуюць праект па абмене студэнтамі і выкладчыкамі. Першы набор – чатыры студэнткі і дзве аспіранткі, адабраныя ў выніку адкрытага конкурсу, якія тры месяцы навучальнага года правялі ў аўдыторыях не альма-матар, а Універсітэта Кента. У студзені дзяўчаты вярнуліся дахаты і распавялі карэспандэнту «Універсітэта», які досвед атрымалі дзякуючы паездцы.

На час абмену студэнткі цалкам  далучыліся да навучальнага пра­цэсу прымаючага ўніверсітэта: нароўні з усімі навучэнцамі навед­-валі лекцыі, рыхтаваліся і бралі  ўдзел у семінарах. Праца ў новым акадэмічным асяроддзі дапамагла пашырыць далягляд, паглыбіць веды па спецыяльнасці, а яшчэ – паўплывала на прафесійнае самавызначэнне:
– Пасля трохмесячнага наву­чання ў Англіі я звузіла кола сваіх прафесійных і навуковых інтарэсаў. Справа ў тым, што я больш спецыялізуюся на сусветнай экано­міцы і гандлі, але мне хацелася паспрабаваць сябе трохі ў іншай галіне, таму я была вельмі рада,  калі такая магчымасць з’явілася, – распавядае студэнтка 3 курса ФМА Дар’я Храмчанка. – Удзельнічаючы ў праграме, вывучала палітычныя дысцыпліны, у тым ліку на се­мінарах з такімі прафесарамі, як Рычард Саква, Алена Карасцялёва, Эске ван Гілс, была ўдзель­ніцай мерапрыемства «Ноч дэбатаў: ці ёсць будучыня ва Усходнееўрапейскага партнёрства». Гэты досвед даў мне выразнае разуменне таго, што я ўсё-такі больш чалавек лічбаў і аналізу, чым палітычных рашэнняў. Дахаты вярнулася з упэўненасцю ў тым, што раблю і дзе хачу выкарыстаць атрыманыя ва ўніверсітэце веды ў будучыні. Падобныя праграмы абмену – гэта яшчэ і добрая магчымасць папрацаваць над сваім дыпломным праектам ці дысертацыяй,   напрыклад, выкарыстоўваючы рэсурс бібліятэкі. У Кенцкім універсітэце яна працуе ў рэжыме 24/7, падзелена на залы і зоны самастойнай падрыхтоўкі, абсталявана тэхнікай і камфартабельнай мэб­ляй: вывучаць літаратуру можна і лежачы на канапе, і класічным  спо­сабам – за сталом. Але галоўная  яе каштоўнасць – багаты фонд:
– Мне ўдалося атрымаць доступ да вельмі рэдкіх і важных навуковых матэрыялаў: кніг і публікацый па тэме свайго дысертацыйнага даследавання, – адзначае аспі­рантка ФМА Анастасія Яраховіч. – Я паўдзельнічала ў сустрэчах і абмеркаваннях са спецыялістамі ў сферы міжнароднага права і міжнародных адносін, абмянялася з імі ідэямі і меркаваннямі, што, несумненна, паспрыяла станаўленню ўласнай пазіцыі ў рамках дысер­тацыйнага даследавання, якое я праводжу. Акрамя таго, навучанне ў рамках іншай сістэмы дазволіла, з аднаго боку, ацаніць свой узро­вень і патэнцыял, а з іншага – выявіць сферы, якія патрабуюць дадатковай прапрацоўкі. Я лічу, што ўдзел у праграмах акадэмічнага абмену проста неабходны як для студэнтаў, так і для магістрантаў, аспірантаў і нават выкладчыкаў, таму што падобныя праекты ўяўля­юць вельмі значную практычную цікавасць: іх асноўная мэта – абмен навуковымі матэрыяламі, ведамі і досведам, развіццё навыкаў  і кампетэнцый.
Вядома, удзел у праекце прадугледжвае не толькі атрыманне акадэмічнага досведу, але і знаёмства з новай краінай, яе культурай. Кенцкі ўніверсітэт для студэнтаў па абмене арганізуе цэлы шэраг мерапрыемстваў:
– Нам выпала неверагодная магчымасць – на тры месяцы з галавой акунуцца ў жыццё невядо­мага і далёкага туманнага Альбі­ёна. Мы сутыкнуліся з новым светам, краінай, культурай, менталітэтам, – дзеліцца ўражаннямі сту­дэнтка 4 курса гістарычнага  факультэта Яўгенія Лугіна. – На працягу трох месяцаў мы імкнуліся прысвячаць час не толькі вучобе, але і вандраванням: адкрывалі   для сябе Англію з усіх бакоў. Яркія ўражанні засталіся ад паездак у Лондан, Шатландыю, значныя гістарычныя англійскія гарады. Каманда каардынатараў старалася напоўніць дні нашага знаходжання ў краіне яркімі паездкамі і мерапрыемствамі. Напэўна, ніхто з нас не забудзецца нацыянальныя му­зеі і галерэі, найстарэйшыя замкі Англіі, парламент і Даўнінг-стрыт, рэзідэнцыю прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, якія мы наведалі.
Напачатку студзеня па новы культурны і акадэмічны досвед у Кент адправіліся ўдзельнікі другога адбору: тры студэнты і тры магістранты. Праект мяркуе двухбаковыя ўзаемаадносіны, таму ў красавіку на трохмесячную стажы­роўку ў БДУ з Універсітэта Кента прыедуць аспіранты. Праграма абмену працягнецца да чэрвеня 2018 года, аднак ужо цяпер можна ка­заць пра першыя вынікі плённага супрацоўніцтва:
– Вельмі важна, што гэты інструмент крэдытнай мабільнасці ўжо дазволіў шмат зрабіць у рамках візітаў студэнтаў і выкладчыкаў. Былі ініцыяваны новыя праекты, у прыватнасці, БДУ нароўні з Кенцкім, Кембрыджскім і іншымі ўніверсітэтамі-партнёрамі будзе ўдзель­нічаць у вельмі буйным праекце Global Challenges Research Fund, – распавядае старшы выкладчык гістарычнага факультэта Арцём Назаранка. – Што да крэдытнай мабільнасці, то якраз цяпер мы дасягнулі згоды з партнёрамі з Кенцкага ўніверсітэта, што будзем падаваць заяўку на падаўжэнне гэтай праграмы абмену, і спадзяёмся, што яна будзе паспяховай.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: