Распрацоўка – аддзел аэракасмічных даследаванняў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Маніторынг СГ».
Навуковы кіраўнік – Л. У. Каткоўскі, загадчык лабараторыі дыстанцыйнай фотаметрыі, доктар фіз.-мат. навук; адказныя выканаўцы: В. А. Сосенка, загадчык лабараторыі оптыка-электронных сістэм, кандыдат тэхнічных навук (стварэнне апаратуры); Ю. У. Бяляеў, загадчык лабараторыі оптыка-фізічных вымярэнняў, кандыдат тэхнічных навук (правядзенне выпрабаванняў).
Пра праект
Апаратна–праграмны комплекс (АПК) «Каліброўка» прызначаны для абсталявання наземных палігонаў пры ажыццяўленні каліброўкі авіякасмічных сродкаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі (ДЗЗ), а таксама выпрабаванняў і праверкі новай тэхнікі ДЗЗ.
АПК «Каліброўка» складаецца з пяці спектральных прыбораў і не мае поўных аналагаў у свеце па сваім складзе і наборы вымяраных параметраў (значна большая колькасць адначасова вымяраных параметраў выпраменьвання атмасферы і паверхні). Акрамя таго, вылучаецца мабільнасцю, пашырэннем функцыянальных магчымасцяў за кошт пашырэння складу навуковай апаратуры і павелічэння ліку каналаў спектрарадыяметраў, наяўнасцю сонечнага спектрапалярыметра, магчымасцю працы з вынасной платформы з вымярэннем вуглоў аптычных восяў прыбораў, выкарыстаннем дадатковых насадак, якія павялічваюць колькасць вымяраных фізічных велічынь (у прыватнасці, палярызацыйных параметраў выпраменьвання).
АПК «Каліброўка» прайшоў папярэднія натурныя выпрабаванні падчас экспедыцый і вымярэнняў на Курскім падспадарожнікавым палігоне ў 2015 і 2016 гг., а таксама на тэрыторыі дзевяці выспаў Курыльскай грады ў 2015 г. і на поўдні Камчаткі (вулканы Ільінская сопка, Жаўтоўская сопка, Ксудач і Хадутка) у 2016 г.
Сучасны перасоўны комплекс апаратуры аптычнага дыяпазону для абсталявання наземных палігонаў будзе эксплуатавацца на падспадарожнікавых палігонах у Беларусі (Плешчаніцы і Заходняя Бярэзіна) і Курскім аэракасмічным палігоне ў Расійскай Федэрацыі. Плануецца перадаць АПК «Каліброўка» НДРУП «Геаінфармацыйныя сістэмы» і спецыялістам ААТ «Пеленг» для правядзення лётных выпрабаванняў і палётных калібровак мэтавай апаратуры Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання.
З боку Расійскай Федэрацыі ў выкарыстанні апаратна-праграмнага комплексу «Каліброўка» зацікаўлена Ракетна-касмічная карпарацыя «Энергія» імя С. П. Каралёва.
Паводле інфармацыі
Галоўнага ўпраўлення навукі