Распрацоўка і вытворчасць – Навукова-вытворчы цэнтр харчовых тэхналогій РУП «Унітэхпрам БДУ».
Навуковы кіраўнік – Т. А. Мадзіеўская, дырэктар цэнтра, кандыдат хімічных навук.
Фітасоль харчовай дыетычнай серыі «Універсум» стала пераможцам у намінацыі «Харчовыя тавары» конкурсу «Найлепшыя тавары Беларусі–2017». Таксама распрацоўка абвешчана «Навінкай года».
Пра праект
Фітасолі серыі «Універсум» прызначаны для ўжывання замест звычайнай кухоннай солі пры вытворчасці харчовых прадуктаў, для падрыхтоўкі і дасольвання ежы ў сістэме грамадскага харчавання і ў хатняй гаспадарцы. Клінічна даказана, што ўжыванне фітасоляў аказвае агульнае прафілактычнае ўздзеянне, спрыяе прадухіленню ўзнікнення рызыкі развіцця гіпертаніі і іншых сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Утрыманне NaCl паменшана за кошт увядзення ў склад фітасолі хларыду калію і дадатку розных тонкадысперсных парашкападобных кампазіцый з вострадухмяных траў, спецый (часнок, каляндра, кроп, перац чорны, базілік, перац духмяны), сушонай агародніны, амінакіслот і вітамінаў, якія забяспечваюць прыемныя арганалептычныя характарыстыкі і спрыяюць зніжэнню парогу смакавай адчувальнасці да кухоннай солі.
Фітасолі серыі «Універсум» рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі для прафілактыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Атрыманы залаты медаль за распрацоўку «Фітасолі харчовыя з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю «Універсум» у намінацыі «Найлепшы інавацыйны праект у галіне тэхналогіі жывых сістэм» на Міжнародным конкурсе інавацыйных праектаў у г. Санкт-Пецярбург. Пададзена заяўка на атрыманне Еўразійскага патэнта.
Фітасолі серыі «Універсум» уключаюць прадукты «Арома», «Тонус», «Энерга», «Плюс». Сёння іх можна набыць у інтэрнэт-крамах «Е-дастаўка» і «Гіпермол», у сетцы крам «Пчолка», «Пасторг», «Карона» і «Еўраопт», а таксама ў буфетах і сталовых БДУ. За тры гады ў гандаль пастаўлена каля 1,2 тоны прадуктаў.
У 2017 годзе былі адпраўлены выпрабавальныя партыі фітасоляў у Азербайджан, прапрацоўваюцца варыянты працы з Узбекістанам. Плануецца наладзіць выпуск дадзенай прадукцыі ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» для жыхароў Кітая (меркавана 300 т у год).
Паводле інфармацыі
Галоўнага ўпраўлення навукі