У рамках праекта “Адкрытыя лекцыі” 13 лютага напярэдадні дня святога Валянціна адбылася лекцыя загадчыка кафедры агульнай і клінічнай псіхалогіі факультэта сацыяльных навук БДУ прафесара Уладзіміра Дамарацкага “Што такое каханне?”.
Ахвотнікаў даведацца адказ на гэта вечнае пытанне было шмат, і аўдыторыя фізічнага факультэта была перапоўнена. Уладзімір Антонавіч распавёў студэнтам, як разумелі каханне навуковыя, гістарычныя дзеячы і людзі мастацтва розных стагоддзяў. А таксама студэнты даведаліся пра “хімію кахання”. Выкладчык распавёў, якія гармоны выпрацоўваюцца ў перыяд закаханасці і чаму навукоўцы лічаць, што каханне жыве тры гады.
Прафесар распавёў студэнтам пра трохкампанентную тэорыю кахання Роберта Стэрнберга. Паводле яе, існуюць тры складнікі кахання: палкасць, інтымнась і адданасць. Рознае спалучэнне гэтых кампанентаў фарміруюць 8 разнавіднасцяў кахання.
- Адсутнасць усіх трох кампанентаў – гэта “некаханне”. Адсутнасць кахання характарызуе пераважную большасць нашых асабістых адносін, паўсядзённае ўзаемадзеянне
- Наяўнасць інтымнасці без палкасці і адданасці прыводзіць да з’яўлення “сімпатыі і сяброўства”
- Наяўнасць толькі палкасці прыводзіць да “гарачага захаплення”
- Пачуццё абавязку без інтымнасці і палкасці прыводзіць да фарміравання так званага “пустога кахання”
- “Рамантычнае каханне” атрымліваецца са спалучэння інтымнасці і палкасці ў каханні. Рамантычныя палюбоўнікі не толькі звернутыя фізічна адзін да аднаго, але таксама звязаныя эмацыйна – аднак не маюць падтрымных абавязанняў.
- Спалучэнне інтымнасці і адданасці ўтворыць “сяброўскае каханне”. Гэты тып кахання назіраецца ў доўгіх шчаслівых шлюбах, дзе палкасць трохі згасае, але глыбокая прыхільнасць і абавязанні застаюцца.
- Бессэнсоўнае (ці фатальнае) каханне з’яўляецца там, дзе ёсць толькі палкасць і пачуццё абавязку
- Дасканалым каханнем, пра якое мараць многія, лічацца адносіны, у якіх прысутнічаюць усе тры кампаненты кахання. Такога кахання складана дасягнуць, і яшчэ складаней яго захаваць. Але яно вартае высілкаў.
Таксама Уладзімір Антонавіч распавёў, што пабудаваць гарманічныя адносіны можа пара, якая аб’яднана агульнымі інтарэсамі і дзе абодва высока шануюць адзін аднаго, чаканні іх рэалістычныя, а камунікацыя эфектыўная. Вельмі важным фактарам прафесар лічыць уменне канструктыўна сябе паводзіць у канфліктнай сітуацыі. Але самае галоўнае для чалавека – гэта прыняць і палюбіць сябе. Без гэтага немагчыма пабудаваць моцныя любоўныя адносіны. У канцы лекцыі выкладчык прапанаваў прысутным прайсці тэст на разняволенасць і адзначыў, што яна таксама вельмі важная для пабудовы гарманічных адносін.
Лекцыя Уладзіміра Антонавіча Дамарацкага была ўжо другой адкрытай лекцыяй БДУ. Стваральнікі праекта рыхтуюць выступленні і іншых лектараў. Яны актыўна ўзаемадзейнічаюць са студэнтамі і цікавяцца, на якія тэмы хлопцы і дзяўчаты хочуць пачуць лекцыі.