Рэвалюцыйныя падзеі, якія пракаціліся па Расійскай імперыі ў 1917 годзе, паўплывалі на фарміраванне беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку на стварэнне сістэмы нацыянальнай адукацыі. Менавіта грамадска-палітычныя працэсы пач. ХХ ст. сталі штуршком і для рэалізацыі ідэі стварэння ў Беларусі першага нацыянальнага ўніверсітэта.
Сярод першых прафесараў і выкладчыкаў БДУ было нямала актыўных удзельнікаў грамадскіх і палітычных рухаў, напрыклад, Вільгельм Кнорын – адзін з арганізатараў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, стваральнік бальшавісцкіх арганізацый на Заходнім фронце; Усевалад Ігнатоўскі – сябра партыі эсэраў (1901–1917), Беларускай Сацыялістычнай грамады (1917–1918), член КП(б)Б (1924–1931), і многія іншыя.
Сёння ёсць нагода ўспомніць, можа, і не такое гучнае імя, але, безумоўна, заўважную асобу, якая займае сваё месца ў гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і ўваходзіць у кагорту стваральнікаў БДУ. Размова пойдзе пра Яўгенію Гурвіч, першую загадчыцу бібліятэкі БДУ.
Яўгенія Гурвіч нарадзілася ў Вільні ў 1861 г. і з юных гадоў захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі. Ужо ў 1879 г. яна ў 18-гадовым узросце увайшла ў рэвалюцыйную арганізацыю “Зямля і воля”. У той час яна вучылася ў Пецярбургу на жаночых лекарскіх курсах, якія ёй не ўдалося скончыць, бо ў тым жа 1879 г. была выслана са сталіцы за ўдзел у народніцкім руху. У пачатку 1880-х гадоў яна некалькі гадоў жыла ў Швейцарыі. Пасля вяртання ў 1884 г. у Мінск сумесна з вядомым рэвалюцыянерам-народнікам Анатолем Бонч-Асмалоўскім Я. Гурвіч актыўна наладжвала падпольны друк у Мінску. У той час за ёй замацаваўся партыйны псеўданім Франц Курскі.
У 1890-я гады Я. Гурвіч увайшла ў склад ЦК Бунда – яўрэйскай сацыялістычнай партыі, на той час найбуйнейшай і найбольш арганізаванай на тэрыторыі Расійскай імперыі.
Менавіта ў гэты час Я. Гурвіч, якая жыла ў Мінску і не мела сувязяў з выдаўцамі, робіць свой пераклад на рускую мову першага тома «Капітала» Карла Маркса. Як вядома, першы пераклад быў зроблены Германам Лапаціным і Мікалаем Даніельсанам у 1872 годзе, але кніга хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. На губернскі Мінск было ўсяго 2–3 асобнікі, а атрымаць дазвол на перавыданне ад Лапаціна было немагчыма, бо ён знаходзіўся ў той час у Шлісельбургскай крэпасці.
Сумесна з Львом Знакам, адным з першых беларускіх прапагандыстаў-народнікаў, Я. Гурвіч пераклала першы том, прычым перакладчыкі карысталіся не толькі нямецкім арыгіналам, але і французскім выданнем. Яна валодала пяццю замежнымі мовамі, мела дыплом аб вышэйшай адукацыі, які атрымала ў Швейцарыі.
Пазней пры спрыянні А. Бонч-Асмалоўскага перакладзены том пабачыў свет у выдавецтве Вольгі Паповай у Санкт-Пецярбургу.
У пачатку 1989 г. Я. Гурвіч актыўна ўключылася ў арганізацыю першага з’езду РСДРП, які праходзіў у Мінску. Ёй было даручана рыхтаваць для дэлегатаў канспіратыўныя кватэры, з яе ўдзелам для правядзення з’езду быў выбраны вядомы дом Румянцава на Захар’еўскай вуліцы (цяпер дом-музей І з’езда РСДРП). Праз тыдзень пасля з’езду большасць яго ўдзельнікаў былі арыштаваны, Я. Гурвіч арыштавалі ў ліпені 1898 года. Яе перавезлі ў Маскву і змясцілі ў Таганскай турме. Пазней, паводле прысуду, яна была саслана на чатыры гады ў Верхаленск Іркуцкай губерні.
У ссылцы Я. Гурвіч працягвала падтрымліваць зносіны са сваімі паплечнікамі, тыя, у сваю чаргу, рыхтавалі яе ўцёкі. Датай было прызначана 21 жніўня 1902 года. У Верхаленску на той час быў яшчэ адзін вязень, якога трэба было як мага хутчэй вызваліць. Гэта быў вядомы рэвалюцыйны дзеяч Леў Троцкі. Вырашылі арганізаваць уцёкі абодвух рэвалюцыянераў, што было яшчэ больш небяспечным. У выніку адзін знаёмы селянін вывез ссыльных ноччу на возе, накрытым саломай. Далей па падробленых дакументах ім удалося выехаць за мяжу.
Зноў апынуўшыся ў Швейцарыі, Я. Гурвіч працягвала адукацыю, удзельнічала ў перакладзе першага тома «Літаратурнай спадчыны
К. Маркса і Ф. Энгельса».
Пасля амністыі ў 1906 годзе Яўгенія Гурвіч вяртаецца ў Мінск. Тут яна занялася педагагічнай і бібліятэчнай работай. На пэўны час ёй удалося ўладкавацца на працу ў Гарадскую публічную бібліятэку імя А. С. Пушкіна, якая размяшчалася ў доме Ленскіх на Хрышчэнскай вуліцы (цяпер вул. Інтэрнацыянальная, 31). У зборах гэтай бібліятэкі было шмат прагрэсіўнай і рэвалюцыйнай літаратуры, у тым ліку забароненай. Паводле ўспамінаў С. Скандракова, які быў членам праўлення бібліятэкі, яна стала своеасаблівым палітычным цэнтрам у Мінску. Пасля рэвалюцыйных падзей 1905 года чытальныя залы былі зручным месцам для канспіратыўных сустрэч. Праўда, у 1907 годзе ў будынку бібліятэкі паліцыя раскрыла падпольную друкарню, а ў 1909 годзе супрацоўнікі бібліятэкі Віктар і Зыгмунд Зелезі і іх памочніца Маршак былі арыштаваны.
Імя Яўгеніі Адольфаўны Гурвіч зноў з’яўляецца ў гістарычных дакументах пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. На выбарах у Мінскую гарадскую думу 30 ліпеня 1917 года яна праходзіць па спісах Бунда. У Думе займаецца пытаннямі адукацыі. Пры яе ўдзеле восенню 1917 года Дума прызнала афіцыйнымі мовамі беларускую, ідыш, рускую і польскую, якія пазней, у БССР, набылі статус дзяржаўных моў і захоўвалі гэты статус да 1938 года.
Пасля ўсталявання савецкай улады Я. Гурвіч стала загадчыцай пазашкольнага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР. А ў жніўні 1920 г. яна ўвайшла ў камісію па стварэнні БДУ і ўзначаліла работу па фарміраванні бібліятэкі. Бібліятэка БДУ, паводле задумы арганізатараў, павінна была стаць першай універсітэцкай, першай дзяржаўнай і першай навуковай бібліятэкай на тэрыторыі Беларусі. Для гэтага Наркамасветы збіраў кнігі са спустошаных бібліятэк навучальных устаноў Мінска, заклікаў гараджан здаваць кнігі, атрыманыя ў бібліятэках да рэвалюцыі. Усяго ў БДУ ў гэты час было перададзена каля 70 тысяч тамоў.
Яўгенія Гурвіч рабіла захады і для перадачы кніг з-за мяжы. Так, у бібліятэку БДУ ў 1922 годзе было перададзена некалькі тысяч тамоў з ЗША, з асабістай бібліятэкі брата Яўгеніі – Ісака Гурвіча. Ён таксама быў актыўным удзельнікам мінскага народніцкага падполля, не раз быў арыштаваны і вымушаны быў з’ехаць у эміграцыю ў Нью-Ёрк, дзе актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю і эканамічнымі даследаваннямі.
У непрыстасаваных памяшканнях, пры адсутнасці абсталявання, Я. Гурвіч арганізавала апрацоўку значных аб’ёмаў літаратуры. Распачатая летам 1921 года падрыхтоўка ў асноўным была скончана да канца года, а ўжо з новага 1922 года бібліятэка пачала сваю паўнавартасную работу. Яўгенія Адольфаўна здзейсніла паездку ў Маскву дзеля вывучэння вопыту работы акадэмічных бібліятэк і для пошуку крыніц камплектавання фонду.
У канцы 1921 года Я. Гурвіч была арыштавана падчас кампаніі па разгроме правых эсэраў і саслана ў Аланецкую губерню. Пасля вызвалення ў верасні 1922 года яна засталася ў Маскве, дзе ўладкавалася навуковым супрацоўнікам Інстытута К. Маркса і Ф. Энгельса. Там яна апублікавала шэраг успамінаў пра рэвалюцыйны рух у Беларусі. У канцы 1920-х гадоў удзельнічала ў падрыхтоўцы новага выдання работы К. Маркса «Да крытыкі палітычнай эканоміі». Дарэчы, у той час у інстытуце пад кіраўніцтвам Давіда Разанава была створана адна з найлепшых на той час у свеце бібліятэк па сацыяльна-палітычных навуках.
Паўторна Яўгенія Гурвіч была арыштавана органамі ДПУ ў лютым 1931 года ў час кампаніі па разгроме «Саюзнага бюро меншавікоў». З-пад арышту была вызвалена ў красавіку з-за адсутнасці доказаў. Памерла Яўгенія Адольфаўна ў Маскве ў 1940 годзе.
У Фундаментальнай бібліятэцы БДУ не забываюць пра сваю першую загадчыцу. Яна, безумоўна, была яркай, адукаванай і таленавітай асобай. Хоць яе працоўны стаж у БДУ не быў доўгім, але дзякуючы яе намаганням была створана і пачала сваю дзейнасць першая ўніверсітэцкая бібліятэка на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Дзеля ўшанавання памяці Я. Гурвіч у Электроннай бібліятэцы БДУ пачата праца па стварэнні калекцыі дакументаў пра яе жыццё і дзейнасць. Калекцыя ўтрымлівае копіі дакументаў з асабістай справы Я. Гурвіч, атрыманыя з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі, а таксама апублікаваныя ўспаміны і лісты. Калекцыя даступная па спасылцы
Уладзімір КУЛАЖАНКА,
дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ