Студэнтам у Парыжы даюцца зніжкі практычна на ўсё. Студэнтка БДУ пра стажыроўку ў Францыі

6 Feb, 2018.

У межах праекта “Магчымасці з БДУ” пра сваю стажыроўку ў Францыю распавяла студэнтка філалагічнага факультэта Ганна Новікава.

–Ганна, добры дзень! Распавядзіце, дзе Вы праходзілі навучанне, які менавіта горад, краіна, навучальная ўстанова?

–Добры дзень! Я праходзіла стажыроўку c лютага па ліпень у 2016 года ў Францыі, г. Парыж, у Інстытуце ўсходніх моў і цывілізацый (INaLCO), які ўваходзіць у аб’яднанне ўніверсітэтаў Сарбоны (Sorbonne Paris cité).

–Што гэта была за праграма?

Стажыроўка была арганізавана як праграма абмену паміж студэнтамі БДУ і INaLCO. Мне прапанавалі паехаць ад кафедры раманскага мовазнаўства. Умовы былі досыць простыя: сярэдні бал з’яўляецца перавагай пры ўдзеле ў конкурсе кандыдатаў на паездку, ён павінен быць даволі высокі (8–9 балаў), веды французскай мовы і жаданне, вядома. Я была першай удзельніцай гэтай праграмы з беларускага боку.

–Як Вы афармлялі ўсе дакументы, распавядзіце паэтапна.

–Для афармлення дакументаў патрэбныя: матывацыйны ліст, запрашэнне ад універсітэта, віза, падпісаная дамова на стажыроўку ў рэктараце. Афармленне кожнага з гэтых дакументаў патрабуе індывідуальнага набору папер, якія падаюцца на запыт ад французскага боку, візавага аддзела і міжнароднага аддзела БДУ. На момант маёй стажыроўкі адзінага пераліку ўсіх дакументаў на сайце не было. Не ведаю, ці змянілася сітуацыя цяпер.

Этап падрыхтоўкі дакументаў для мяне стаў нялёгкім, як у нас, так і ў Францыі. Спачатку афармляюцца дакументы для таго, каб французскі бок даслаў запрашэнне з подпісамі ў дэканаце і міжнародным аддзеле, у вельмі сціслыя тэрміны. Затым афармляецца загад ад універсітэта (ізноў запаўненне формаў і подпісаў) – і сама віза. Гэта быў велізарны досвед для мяне, які будаваўся на пераадоленні цяжкасцяў ужо з першых імгненняў.

–Падзяліцеся ўражаннямі пра тое, як упершыню патрапілі ва ўніверсітэт, у якім праходзіла навучанне?

–Я прыляцела з велізарным багажом вагай у 26 кг і ў адзіноце падарожнічала з ім па Парыжы пад лёгкім зімовым дожджыкам, афармляючы дакументы і адначасова спрабуючы лавіць таксі, каб даехаць да свайго жылля. Я жыла на поўначы Парыжа паблізу ўзгорка Манмартр, месца, дзе жылі і стваралі Рэнуар, ван Гог, Тулуз-Латрэк, Пікасо і шматлікія-шматлікія іншыя. Прыйшлося прывыкаць да шалёнага рытму Парыжа, горада, дзе толькі метро 14 галін, у якім усё ж прыйшлося разабрацца, каб даехаць да ўніверсітэта.

Універсітэт – выдатны новы сяміпавярховы корпус з шыкоўнымі аўдыторыямі. Ва ўсіх аўдыторыях мікрафоны, праектары і г. д. У Іналько вывучаюць 96 моў, сярод якіх, дарэчы, ёсць беларуская. Мне было дазволена хадзіць на ўсё, што я захачу: “Хоць на персідскую ідзіце, мадэмуазель”, – сказала мне адміністрацыя. Паколькі ў гэтым універсітэце рыхтуюць перакладчыкаў з французскай мовы на рускую, я запісалася на разнастайныя курсы перакладаў (юрыдычны, эканамічны, пераклад прэсы, літаратурны і г. д.), таксама я наведвала курсы літаратуры і цэлую серыю прадметаў французскай мовы для замежнікаў. На гэтыя прадметы са мной хадзілі італьянцы, іспанцы, немцы, кітайцы і многія іншыя, было цікава.

–А ці магчыма падарожнічаць падчас стажыроўкі, калі так, то што Вы наведалі?

–За паўгода знаходжання ў Францыі мне ўдалося павандраваць як па гэтай выдатнай краіне, так і за яе межамі, пабываць у Амстэрдаме, Ратэрдаме і Брусэлі. Усё гэта цалкам рэальна, галоўнае – проста захацець.

–Якое жыццё студэнта ў Францыі?

–Студэнтам у Парыжы даюцца зніжкі практычна на ўсё. Напрыклад, аплата праезду абыходзіцца ў 2 два разы танней, у крамах адзення стандартна 10–15 працэнтаў зніжка, ва ўніверсітэцкіх сталовых любы паўнавартасны абед 3 еўра, тыя ж музеі бясплатна.

Мне выдалі студэнцкі, па якім можна было бясплатна наведаць усе дзяржаўныя музеі Парыжа і рэгіёна Іль-дэ-Франс (Луўр, Версальскі палац, назіральную пляцоўку Трыумфальнай аркі і яшчэ каля 90 музеяў Парыжа).

–Мэта вашай стажыроўкі была дасягнута?

–У выніку стажыроўкі я палепшыла веды французскай мовы і пазнаёмілася з асаблівасцямі культуры Францыі. Узровень французскай паляпшаецца адназначна, асабліва калі на гэтай мове адкрываеш рахунак у банку, афармляеш страхоўкі і г. д. Плюс самі зносіны з французамі непазбежныя. Яны ўсе вельмі таварыскія і мілыя. І любыя дробязі, звязаныя з афармленнем дакументаў, проста гаснуць, калі шпацыруеш па набярэжнай Сены міма Луўра, гледзячы здалёку, як мільгаціць Эйфелева вежа. Таму з упэўненасцю магу сказаць: мэта дасягнута!

–Што для Вас БДУ? Якія планы на будучыню?

–БДУ для мяне – гэта велізарная колькасць магчымасцяў, якія дапамагаюць мне ўдасканальваць здольнасці і навыкі, а філфак за ўсе гэтыя гады стаў сям’ёй. Гэта стажыроўка ажыццявілася дзякуючы падтрымцы і дапамозе выкладчыкаў з кафедры раманскага мовазнаўства. У будучыні я хачу працягваць працаваць з французскай мовай у якасці перакладчыка. Пасля праграмы я пачуваюся больш упэўнена, і мае веды французскай значна палепшыліся.

Гутарыла Кацярына ШАЙКО

print

Вам таксама можа спадабацца: