Падышоў да канца яшчэ адзін сезон у Студэнцкім гарадку БДУ. 2017 год быў вельмі прадуктыўным, насычаным і цікавым.
Сумесна з супрацоўнікамі цэнтра метадычнага забеспячэння рэалізацыі моладзевай палітыкі, які займаецца выхаваўчай і ідэалагічнай работай у Студэнцкім гарадку БДУ, і каардынацыйным саветам органаў студэнцкага самакіравання студгарадка, а таксама дзякуючы суладнай працы педагагічных работнікаў інтэрнатаў было арганізавана больш за 280 культурна-забаўляльных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 25 тысяч студэнтаў. Найбуйнейшымі з іх з’яўляюцца мерапрыемствы ў рамках фестывалю студэнцкай творчасці, а менавіта конкурс студэнцкай песні «Сярэбраныя струны», шоу-конкурс «Міс Вясна», кулінарны конкурс, інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?», ваенна-палявая гульня-сутычка «Франтавыя лісты», прымеркаваная да 72-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, і многія іншыя. Таксама былі арганізаваны буйныя мерапрыемствы – «Восеньскі фотакрос», дабрачынная акцыя «Годнае дзяцінства», міжуніверсітэцкая квэст-гульня, прысвечаная 40-годдзю Маскоўскага раёна Мінска, «Мой горад», рознага роду спартыўныя спаборніцтвы ў рамках круглагадовай спартакіяды інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДУ.
Мэты студэнцкага актыву
Выдатнай магчымасцю для самарэалізацыі, развіцця лідарскіх якасцяў і арганізатарскіх здольнасцяў стала правядзенне ў 2017 годзе выязнога адукацыйнага форуму актыву студгарадка «У інтарэсах студэнтаў. На карысць інтэрната».
Сярод значных мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню, якія праводзяцца на базе Студэнцкага гарадка БДУ, варта адзначыць арганізацыю засялення і размяшчэння ўдзельнікаў Рэспубліканскага педагагічнага савета, а таксама правядзенне рэспубліканскага метадычнага семінара «Удасканаленне нарматыўнай прававой базы па прапанаванні інтэрната ва ўстановах вышэйшай адукацыі». На семінары былі разгледжаны пытанні ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў інтэрнатах, у тым ліку падрыхтоўка і абмеркаванне праекта Палажэння аб парадку прапанавання жылых памяшканняў (іх частак), валодання і карыстання імі ў інтэрнатах, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржаўных устаноў адукацыі. Таксама адбылася праца школы студэнцкага актыву, дзе прадстаўнікі студэнцкага самакіравання ў фармаце адкрытага дыялогу змаглі абмеркаваць пытанні міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва.
Перамогі на раённых
аглядах-конкурсах
У цэлым, праца Студэнцкага гарадка не засталася незаўважанай і прынесла плён.
Улетку 2017 года інтэрнат № 3 заняў ганаровае 2 месца ў раённым аглядзе-конкурсе «Найлепшае добраўпарадкаванне і кветкавае афармленне тэрыторый інтэрнатаў». У канцы снежня былі падведзеныя вынікі раённага агляду-конкурсу на найлепшае навагодняе і каляднае афармленне інтэрнатаў Ленінскага раёна г. Мінска. У намінацыі «Пад бой курантаў» ганаровае 3 месца заняў інтэрнат № 6 БДУ. У намінацыі «Найлепшая навагодняя ёлка» 2 месца ў інтэрната № 2 БДУ, а перамогу атрымаў інтэрнат № 7 БДУ!
Інтэрнат № 8 для работнікаў БДУ таксама не застаўся ўбаку і намаганнямі супрацоўнікаў, якія пражываюць у дадзеным інтэрнаце, заняў першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе ў намінацыі «Найлепшае грамадскае самакіраванне».
Сёння актыўна ідзе падрыхтоў-ка інтэрната №11 БДУ да правядзення Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. У лістападзе інтэрнат заняў 3 месца ў раённым аглядзе-конкурсе на найлепшы інтэрнат 2017 года!
Для студэнтаў пачаўся другі семестр. Жыццё студэнцкага гарадка зноў бурліць радасцю і ініцыятывамі сваіх маладых жыхароў.
Ганна ГАМОРЫНА