З пярсцёнкам не толькі ў ЗАГС, але і на Дзень роднай мовы

26 Feb, 2018.

Зраніцы 21 лютага ў Інстытуце журналістыкі было вельмі ажыўлена. Адусюль гучала музыка, чуліся жарты, звонка разліваўся смех. Гэта вясёлыя дзяўчаты ў вышыванках сустракалі “насельнікаў” факультэта. “Абмяняю беларускае слоўка на абдымашкі”, — чыталася на вялікім плакаце, які прыгажуні трымалі над галавой. Акрамя шчырых усмешак і абаяльнасці дзяўчаты дарылі ранішнім наведвальнікам установы стужкі з нацыянальнымі ўзорамі, цытаты вядомых беларускіх дзеячаў, а таксама салодкія пачастункі.

Сёлета Дзень роднай мовы святкуецца на факультэце восьмы раз. За гэты час “Дзень роднай мовы на Кальварыйскай” паспеў стаць адным з пераможцаў конкурса “Лепшы моладзевы праект” і расказаць пра сябе далёка за межамі Інстытута журналістыкі. Мінулыя гады слоганамі свята былі словы: “Мова родная – мова модная!”,“Скажы сваё слова”, “Прыслухайся да мовы”, “Абяры свой сімвал” і іншыя. Дзень роднай мовы – 2018 прайшоў пад дэвізам “Заручыся з мовай”, асімвалам мерапрыемства выступіў пярсцёнак. Гэта было зроблена арганізатарамі нездарма: тэматыка мерапрыемства чырвонай лініяй праходзіла праз увесь святочны дзень.

Першым адпраўным пунктам у набліжэнні да мовы стаў слоўнікавы дыктант, дзе кожны змог праверыць свой узровень валодання арфаграфіяй роднай мовы. Як бы вы замянілі адным словам рускія словазлучэнні “анютины глазки”і “летучая мышь”? А як бы пераклалі сказ “Гарри Поттер живет в Манчестере”? Так адразу і не адкажаш, праўда? Але прысутныя справіліся з прапанаванымі заданнямі. А тром студэнам, якія напісалі дыктоўку лепш за ўсіх, на вечарыне ўручылі спецыяльны сертыфікат ад кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. 

Паспаборнічаць паміж сабой студэнты змаглі не толькі ў правільным напісанні родных слоў, але і ў вырабе сімвала свята. На майстар-класе Паліны Даўгіленка “Лепш, чым у дачкі мамінай сяброўкі” з дапамогай падручных рэчаў маладыя людзі зрабілі сабе пярсцёнкі. Гэтым чынам хлопцы і дзяўчаты зрабілі яшчэ адзін крок, каб “заручыцца” з мовай.

Прыемным сюрпрызам для студэнтаў і гасцей факультэта журналістыкі стала сустрэча з вядомым беларускім паэтам Віктарам Жыбулем, кніга  якога “Тазік беларускі” з моманту свайго выхада ў свет адзначыла дваццацігоддзе. Аўтар чытаў сваім слухачам вершы, расказваў ім пра крыніцы натхнення, захапленні ў музыцы, любімых паэтаў і акцёраў кіно.

“Я не люблю чытаць свае вершы з паперкі, бо яна робіцца нейкай мяжой паміж мной і аўдыторыяй”, — зазначыў Віктар Жыбуль.

Традыцыйным мерапрыемствам на журфаку з’яўляецца  і “Лад жыцця” — дыялог выкладчыкаў са студэнтамі, у межах якога старэйшыя таварышы дзеляцца з малодшымі вопытам шчаслівага сямейнага жыцця, расказваюць цікавыя гісторыі і даюць парады. Па словах студэнтаў, такія сустрэчы — нагода, каб з новага боку адкрыць для сябе любімых выкладчыкаў. Сёлета сакрэтамі з аўдыторыяй дзяліліся намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Фёдар Драбеня і старэйшы выкладчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Алена Смірнова.

«Сама я не мінчанка, а, гэтак мовіць, “панаехалі” –  з Салігорска. Муж гэтаксама з “панаехалі” — горада Петрыкаў. Да знаёмства мы жылі ў адным інтэрнаце, але адзін аднаго не ведалі. Пазнаёміліся на сайце знаёмстваў і адразу стэлефанаваліся і сустрэліся. Калі сустракаеш “свайго” чалавека, адчуваеш гэта адразу, — падзялілася Алена Аляксанраўна. А Фёдар Валянцінавіч расказаў пра сямейную традыцыю (лепка гаршка) і сямейны рэкорд (825 белых грыбоў за адзін дзень).

Кладзезем ведаў і добрых уражанняў сталі святочныя лекцыі ад кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Лекцыю “Мова — крыніца жыцця” правёў загадчык кафедры прафесар Віктар Іўчанкаў. Віктар Іванавіч адзначыў актуальнасць беларускай мовы, а таксама расказаў пра асаблівасці яе ўжывання ў сацыяльных сетках. А з гісторыяй ткацтва і вышыўкі вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці гасцей свята пазнаёміла імпрэза дацэнта кафедры Ліліі Шасцярнёвай. Прысутныя даведаліся пра віды рушнікоў, пазнаёміліся з элементамі нацыянальнага жаночага адзення, паслухалі народныя песні, а таксама паказалі свае веды ў віктарынах і атрымалі майстар-клас па выкананні полькі ад студэнткі Анастасіі Рудзскай. З вершам Сяргея Грахоўскага “Як я жыў без цябе” ў дзявочы сэрцах Інстытута журналістыкі трывала пасяліўся Генадзь Барадун.  А салодкім завяршэннем лекцыі сталі салодкія імбірныя пернікі ўласнай вытворчасці.

Традыцыйны “Лад жыцця” стаў дадатковай кропкай узаемадзеяння студэнтаў з выкладчыкамі. Дыялог са сваімі старэйшымі калегамі студэнты вялі ў межах гульні “Хмарачос”. Гульня, якая замяніла мінулагодні “Капялюш”, утрымлівала ў сабе некалькі этапаў: “Кракадзіл”, “Угадай мелодыю” і “Асацыяцыі”. У асацыяцыях патрэбна было без ужывання аднакарэнных словаў расказаць пра пэўную з’яву ці прадмет, звязаную з вяселлем, у “Кракадзіле” — паказаць іх. А здагадацца пра назву пэўнай мелодыі патрэбна было, пераклаўшы яе на рускую мову, пасля таго, як нехта з каманды праспявае яе па-беларску. Каманда “Хмарачосікі” (выкладчыкаў) з адрывам у восем балаў перамагла каманду “Іпатэка”(студэнтаў). “Як карабель назавеш, так ён і паплыве. Ці не паплыве, як у нашым выпадку”, — жартавалі маладыя людзі.

Разыходзіліся з “Хмарачоса” ў добрым гуморы: наперадзе гасцей Дня роднай мовы на Кальварыйскай чакаў заключны этап — вечарына-заручыны. Прысутных сустракала жвавая бабуська ў каляровай хустцы і прыгожым народным строі — свацця, як высветлілася пасля. Яна расказала гасцям гісторыю знаёмства галоўных персанажаў вечара — маладых Ягора і Паліны, а пасля запрасіла ўсіх прысутных да іх на вяселле. Для таго, каб туды трапіць, хлопцы прыбіралі дзяўчат у конкурсе прычосах, а пасля выбіралі сабе суджаных у гульнях “Пярсцёнак” і “Ручаёк”. Сёлета сярод удзельнікаў імпрэзы былі і выпускнікі журфака – у мінулым – арганізатары Дня роднай мовы, і студэнты іншых факультэтаў. На заручыны на Кальварыйскай прыйўшлі нават госці з БДПУ імя Максіма Танка.

Перад тым, як пачаць вяселле патрэбна было правесці вынікі дня — кафедра стылістыкі і літаратурнага рэдагавання назвала пераможцаў у штогадовай алімпіядзе для студэнтаў. Сёлета маладым людзям для напісаня сваіх творчых прац было прапанавана чатыры тэмы:“ Ода любімаму беларускаму паэту”, “Кампліменты па-беларуску”, “З нагоды юбілею мне хочацца сказаць…” і “Маёй малой радзіме прысвячаецца”. У сваіх творах студэнты змаглі ў любым жанры выказацца на тую ці іншую тэму. Сертыфікаты і падарункі ад кафедры атрымалі трынаццаць чалавек.

Як і кожная маладая сям’я, Ягор і Паліна павінны былі вызначыцца з тым, хто будзе гаспадарыць у хаце. А як жа гэта зрабіць без дапамогі каравая? Пакуль маладыя адламвалі ад яго кавалкі, свацця расказвала прысутным пра правілы прыгатавання бяссменнага вясельнага атрыбута. Паколькі Ягор і Паліна атрымалі роўныя часткі каравая, старая прапанавала ім вырашыць спрэчку з дапамогай рушніка. Маўляў, хто першы на яго стане, той і будзе галоўным ў сям’і. Ні хлопец, ні дзяўчына не хацелі саступаць — прыйшлося брацца за справу сябрам жаніха і нявесты. Дзяўчаты вырашылі ператанцаваць хлопцаў, хлопцы хацелі паказаць сябе перад дзяўчатамі. У выніку імправізаваныхспаборніцтваў маладыя разам крочылі на рушнік.

Для маладых і іх гасцей выступілі Алена Карбоўская з песняй “Новы дзень” і спявачка Ліса з песняй уласнага сачынення “Каханне”, пасля чаго запрошаныя вырашылі пагадаць. У гульнях “Прарок” і “Калыска” моладзь назычыла Ягору і Паліне шчасця і “добрай здачы экзаменаў”. Затым “свякрыў” правяла старажытны абрад — зняла вэлюм з галавы нявесты, змяніўшы яго на хустку ­— гэткім чынам прымаючы яе ў сям’ю. Гэта частка перайшла ў “вясельнае застолле” з квасам і дранікамі.

“Галоўны інгрыдыент у прыгатаанні дранікаў — гэта любоў да беларускай кухні!”, — прызналіся арганізатары вечарыны. Прысутныя частаваліся традыцыйным блюдам беларускай кухні пад віншавальныя словы вядучай-свацці, затым спявалі песні, водзячы карагод. А кропку ў святкаванні Дня роднай мовы-2018 паставіла выступленне гурта “HandmadE”.

— Ужо з самай раніцы было атмасферна і ўтульна, з парога адчувалася, што на журфаку сапраўднае свята, — падзялілася пераможца фотаконкурсу “ад маладых” Ірына Лукашык. —Асаблівай ўвагі заслугоўвае прграма мерапрыемстваў. Цікава і ў той жа час незвычайна было паслухаць аб жыцці Ф. В. Драбені, паспрабаваць сябе ў ролі майстра па вырабу пярсцёнкаў, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і нават даведацца нешта новае. Дзень роднай мовы пакінуў толькі лепшыя і прыемныя ўспаміны.

— Дзень роднай мовы без перабольшвання быў шчаслівым для мяне, — зазначыла Паліна Забэла, якая ў ліку трох студэнтаў лепш за ўсіх на факультэце справілася са слоўнікавым дыктантам. — Мне спадабалася ўсё: ад раніцы да вечара. Пачынаючы з таго, як старастат сустракаў сваіх з абдымкамі і ўсмешкамі і заканчваючы гуртам Handmade, з якім спявалі нават тыя, хто бачыў іх упершыню. Найбольш мне запомнілася вечарына і гульні, бо мы смяяліся з саміх сябе і пелі ў карагодзе песні. Усё гэта стварыла атмасферу роднасці і адзінства. І я хачу сказаць “дзякуй” старастату і ўсім, хто дапамагаў стварыць гэты дзень.

“Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”, — падкрэсліваў некалі Якуб Колас. І ў гэтым сваіх гасцей сёлета чарговы раз пераканаў тандэм выкладчыкаў і студэнтаў Інстытута журналістыкі, якія на доўгі час заручыліся з мовай.

Ірына ІВАШКА.

Фота Валерыі Козіч

print

Вам таксама можа спадабацца: