Навукова-метадычная ўстанова БДУ «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека» – адзіная ў краіне ўстанова, якая распрацоўвае тэарэтычныя асновы і прыкладныя псіхафізіялагічныя метады псіхалогіі працы і прафарыентацыі моладзі. Унікальнасць дыягнастычных методык цэнтра прывяла да запатрабаванасці яго паслуг у краіне. Пра актуальнасць даследаванняў установы РЦПЧ і іх асаблівасці распавёў дырэктар Дзмітрый САГАЙДАК.
Напрамкі і паслугі
Мэтай дзейнасці ўстановы з’яўляецца правядзенне навуковай, метадычнай і ўкараняльнай працы, накіраванай на фарміраванне кваліфікаванага кадравага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь; распрацоўка і ўкараненне інфармацыйна-псіхалагічных тэхналогій у прафілізацыю адукацыі, атэстацыю кадраў і павышэнне бяспекі насельніцтва; распрацоўка малатанажных хімічных тэхналогій і арганізацыя вытворчасці арганічных і неарганічных імпартазамяшчальных злучэнняў для розных галін народнай гаспадаркі рэспублікі.
– Цэнтр аб’ядноўвае прафесіяналаў розных сфер. Тут працуюць псіхолагі, псіхафізіёлагі, праграмісты, інжынеры-электронікі – 14 супрацоўнікаў заняты ў падраздзяленнях установы, – распавядае дырэктар цэнтра Дзмітрый Сагайдак.
Запатрабаваная ў РЦПЧ паслуга – правядзенне прафарыентацыі. Так, цэнтр дапамагае многім школьнікам адказаць на пытанне, якую прафесію абраць. Для дыягностыкі навучэнцаў распрацаваны праграмна-метадычны комплекс «Псіхаэргатэст-Ш». Дадзенае тэсціраванне даследуе прыроджаныя задаткі чалавека, якія прадвызначаюць паспяховасць яго навучання. Па выніках дыягностыкі фарміруецца псіхалагічны пашпарт. У ім паказваюцца выяўленыя характарыстыкі асобы, пералік пераважных прафесій, рэкамендацыі па арганізацыі працоўнага дня і рэжыму адпачынку.
Падкрэсліваючы аўтарытэт цэнтра ў гэтай галіне, варта згадаць, што больш за 20 гадоў ён выконвае заданні па прафарыентацыі і прафілізацыі ў сістэме агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У 2004 годзе экспертны савет Міністэрства адукацыі рэкамендаваў праграмны комплекс «Псіхаэргатэст-Ш» да выкарыстання ў якасці дапаможнага праграмнага сродку для псіхолагаў адукацыйных устаноў.
Як лічыць дырэктар цэнтра, захаванне фізіялагічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу ў сучасных умовах працы заўсёды з’яўляецца актуальнай задачай. Для яе рашэння ў цэнтры былі распрацаваны трэнажоры: трэнажор «ИППО», падлогавая біястымулюючая трэнажорная прылада, кісцевы трэнажор. Яны могуць прымяняцца ў фізічнай культуры і спорце, а таксама пры посттраўматычнай рэабілітацыі.
Заказчыкі цэнтра
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўключыла РЦПЧ БДУ ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінантнае становішча на таварных рынках паслуг па псіхафізіялагічным тэсціраванні на рэспубліканскім узроўні.
– Цэнтр з’яўляецца адзіным у краіне распрацоўшчыкам інструментарыю і праграмных сродкаў псіхафізіялагічнай дыягностыкі, якія выяўляюць прыдатнасць асобы да высокаадказных відаў экстрэмальнай дзейнасці, – кажа Дзмітрый Ільіч.
Заказчыкамі цэнтра з’яўляюцца шматлікія міністэрствы краіны: па надзвычайных сітуацыях, абароны, унутраных спраў, эканомікі, юстыцыі, адукацыі, спорту і турызму. Шматгадовымі заказчыкамі былі Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Вышэйшы гаспадарчы суд, Дэпартамент па санацыі і банкруцтве, ДУ «Медыцынская служба грамадзянскай авіяцыі» і іншыя. Яшчэ ў 1998 г. кіраўнік дзяржавы асабіс-та азнаёміўся з магчымасцямі дыягнастычных псіхафізіялагічных сродкаў, распрацаваных у цэнтры, і даў указанне выкарыстоўваць гэтыя сродкі для вызначэння прафесійнай надзейнасці кадраў службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
– Мы больш за 20 гадоў распрацоўваем і прымяняем комплексы псіхафізіялагічнай дыягностыкі «Псіхаэргатэст», прызначаныя для выяўлення і вымярэння важных якасцяў для прафесій, звязаных з павышанай рызыкай. Даследуюцца прыроджаныя задаткі, сфарміраваныя здольнасці, набытыя навыкі. Аналізуецца шырокі набор характарыстык увагі і памяці, разумовай працаздольнасці, логікі мыслення, стрэсаўстойлівасці, пунктуальнасці і выканаўчасці, схільнасці да рызыкоўных дзеянняў у штатных і мадэльна-экстрэмальных сітуацыях. Па завяршэнні комплекснага псіхафізіялагічнага тэсціравання фарміруецца справаздача, якая ўтрымлівае як выйгрышныя, так і слабыя бакі падыспытнага, а таксама прафесійна-значныя фактары, якія ўплываюць на паспяховасць дзейнасці ці здольныя абцяжарыць яе, – каментуе дырэктар установы.
Гэта дазваляе кадравай службе ўстановы без штатнага псіхолага атрымаць усю неабходную інфармацыю для прыняцця кадравых рашэнняў. Да кожнай прафесіі падбіраліся свае ключы для выяўлення слабых і моцных бакоў. Прывядзём некаторыя з іх. Медыцынскай службай грамадзянскай авіяцыі для лётных і дыспетчарскіх спецыяльнасцяў выяўлялася ступень адказнасці, адэкватнасць дзеянняў у штатных рызыка-мажорных умовах. У тэсціраванні пажарнікаў-выратавальнікаў МНС вымяралася хуткасць і стабільнасць рэакцый на зрокавыя і слыхавыя сігналы рознай інтэнсіўнасці, устойлівасць, пераключальнасць і размеркаванне ўвагі. У службоўцаў унутраных войскаў МУС аналізавалася трываласць, аператыўнасць дзеянняў і адэкватнасць прыняцця рашэнняў, задаткі эмацыйнай ураўнаважанасці. Пры тэсціраванні антыкрызісных кіраўнікоў даследавалася ўстойлівасць да вострага і хранічнага стрэсу, здольнасць засвойваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, браць на сябе адказнасць, прымаць рашэнні ва ўмовах інфармацыйнай нявызначанасці. У работнікаў сістэмы правасуддзя вывучаліся задаткі сістэмнасці, планамернасці дзеянняў, устойлівасць да негатыўнага знешняга ўплыву, здольнасць прымаць рашэнні ва ўмовах цвёрдага знешняга прэсінгу і супрацьстаяння меркаванняў. У кіроўцаў грамадскага і прыватнага транспарту ацэньвалася верагоднасць безаварыйнай працы ва ўмовах інтэнсіўнай транспартнай нагрузкі.
Тэсціраванне кадраў
БелАЭС
Будаўніцтва АЭС патрабуе кадраў высокай прафесійнай надзейнасці ва ўсіх кірунках дзейнасці. Важна адзначыць, што ўпершыню на атамнай электрастанцыі, якую будуе расійская кампанія «Атомстройэкспорт» дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі «Росатом», падбор кадраў праводзіцца не расійскім, а беларускім псіхафізіялагічным інструментарыем.
Пастановай Савета Міністраў № 1043 ад 29 снежня 2017 г. РЦПЧ было вызначана правядзенне псіхафізіялагічных абследаванняў работнікаў, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Беларуская атамная электрастанцыя», у навукова-метадычнай установе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека».
У абгрунтаванні да дадзенай пастановы Саўміна Міністэрствам энергетыкі адзначана, што РЦПЧ з’яўляецца вядучай установай, якая ажыццяўляе практычную дзейнасць у сферы псіхалогіі працы ў экстрэмальных відах дзейнасці з высокай ступенню асабістай адказнасці. Таксама ў дакуменце паведамляецца, што беларускі псіхафізіялагічны дыягнастычны комплекс атрымаў ад расійскіх партнёраў шэраг станоўчых водгукаў на яго высокую інфарматыўнасць у сферы забеспячэння бяспекі атамнай энергетыкі.
Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека распрацаваў і перадаў дыягнастычны праграмны сродак «Псіха-Эргатэст-АЭС» у лабараторыю псіхафізіялагічнага забеспячэння БелАЭС. Дыягнастычны комплекс прызначаны для паглыбленай дыягностыкі работнікаў, якія забяспечваюць безаварыйную эксплуатацыю БелАЭС.
Комплекс складаецца з 20 тэстаў, дадзенае тэсціраванне займае 2,5–3 гадзіны. Перыядычнасць правядзення дыягностыкі залежыць ад пасады супрацоўніка. Для высокаадказных пасад аператыўнага персаналу блокавага шчыта кіравання дыягностыка абавязковая штогод, а для вышэйшых кіраўнікоў АЭС – адзін раз на 5 гадоў.
На выканальніцкіх пасадах работнікі праходзяць псіхафізіялагічную дыягностыку і пасля адпачынку ці бальнічнага. Гэта неабходна для таго, каб даведацца, ці вярнуўся супрацоўнік у тую форму, якая дазволіць яму кампетэнтна выконваць свае абавязкі. З дапамогай дадзенага комплексу было ўжо пратэсціравана каля 500 чалавек за апошнія 2 гады.
Алена ЛЯЎШЭНЯ