Бесперапынная адукацыя як стыль жыцця. Анастасія Майсеня пасля Каледжу Еўропы імкнецца ў аспірантуру БДУ

7 Mar, 2018.

Анастасія МАЙСЕНЯ, дыпламаваны юрыст, скончыла магістарскія праграмы ў БДУ і Каледжы Еўропы (Бельгія), валодае трыма замежнымі мовамі і не збіраецца спыняцца: у планах – паступленне ў аспірантуру БДУ. На сустрэчы з маладымі навукоўцамі ФМА яна распавяла пра досвед міжнароднага навучання і зносінаў.

«Валодаць англійскай –
не больш, чым норма»
– Калі я атрымлівала вышэйшую адукацыю, для мяне, асабліва на першых курсах, было важна наб-рацца не толькі прафесійных ведаў, але яшчэ і тых, якія не магла атрымаць ва ўніверсітэце, напрыклад, моўных, таму актыўна займалася самаадукацыяй. Так, з 19 гадоў пачала вучыць французскую мову, да гэтага мяне заахвоцілі  моладзевыя абмены, дзякуючы якім я наведала даволі шмат краін.
Я зразумела, што ведаць англійскую – гэта не больш, чым норма, а вось ведаць яшчэ нейкія мовы – гэта ўжо выдатна. Напрыклад, я была ў Бельгіі і жыла ў сям’і, дзе дзеці ў роўнай ступені валодалі галандскай, французскай і англійскай, і падумала: «А чаму я не магу?» Гэта мяне натхніла, я вывучыла французскую і нямецкую, што дазволіла, напрыклад, навучацца і стажыравацца ў іншых краінах, а галоўнае – мець зносіны з некаторымі замежнікамі на іх родных мовах.

«Магістратура –
для асобаснага росту»
– Я скончыла юрфак БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства», але мне не хацелася заставацца на першай ступені лесвіцы адукацыі, хацелася пайсці вышэй, таму паступіла ў магістратуру юрыдычнага факультэта. Для мяне гэта быў крок на шляху асобаснага развіцця, і гэтым разам ужо хацелася атрымаць спецыялізаваныя веды ў галіне права. Напрыклад, калі я вучылася на першай ступені, у мяне не было такіх прадметаў, як «міжнародны камерцыйны арбітраж» ці «міжнародны грамадзянскі працэс», таму магістратура па спецыяльнасці «прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці» дазволіла паглыбіцца ў гэтыя пытанні, набыць пэўныя важныя для практыкі веды.
Пасля магістратуры БДУ Анастасія паехала атрымліваць дыплом магістра ў Каледж Еўропы ў Бельгіі. Паспяхова прайшоўшы працэс падачы дакументаў, які     сама гераіня назвала даволі-такі простым, не толькі паступіла на  запаветную спецыяльнасць, але і атрымала стыпендыю:
– Я чалавек, які не перапыняе свайго развіцця, таму, вырашыў-шы, што ў Беларусі я гэты сектар ужо ведаю, паехала ў Еўропу даведвацца, як там. Мару паступіць  у навучальную ўстанову, якая называецца Каледж Еўропы, выношвала даўно, прываблівала магістарская праграма «еўрапейскае права». Каледж рыхтуе кадры, у прыват­насці, для Еўрапейскай камісіі, таму ў Брусэлі кожны ведае гэту навучальную ўстанову. Да-рэчы, у Еўропе дыплом магістра вельмі шануецца, у нас я такога не сустракала. Калі я як юрыст праглядала ў нас вакансіі, нідзе не бачыла, каб у патрабаваннях быў дыплом магістра, і нават не ўказваюць, што ён будзе перавагай.

«У Каледжы Еўропы
студэнты рыхтуюцца да лекцый»
– Падчас навучання ў каледжы  праходзіла абавязковыя курсы і на выбар, а яшчэ там ёсць міждыс­цыплінарныя курсы. Гэта значыць, што калі я юрыст, то абавязана ў кожным з семестраў узяць курс не па праве, а па сумежных дысцып­лінах, напрыклад, па палітыцы ці эканоміцы. Гэта дазваляе пашы­рыць прафесійны далягляд, і мне здаецца, што гэта правільна.
Што да формаў правядзення заняткаў, то іх некалькі: лекцыі, семінары і т’ютараты. На лекцыях звычайна прысутнічае ўвесь паток, гэта каля 100 чалавек, і ты ніяк не ўзаемадзейнічаеш з выкладчыкам. Да лекцыі трэба кожны раз рыхтавац­ца: прачытаць канспект выкладчыка, які можна купіць у спецыялізаваным кіёску. Можна, вядома, і не рыхтавацца, але тады не зразумееш, пра што ідзе гаворка. Працэс пабудаваны так, што ты па канспекце самастойна вывучаеш фабулу тэмы, а на лекцыі выкладчык тлумачыць нюансы: чаму быў пада­дзены такі іск, якія наступствы і г. д. За кожным выкладчыкам у кале­джы замацаваны асістэнт, які арганізоўвае т’ютараты. На гэтых занятках ён не дае ніякай новай інфармацыі, як выкладчык на лекцыі, але тлумачыць нейкія моманты, у групе ідзе абмеркаванне. Яшчэ адна форма – семінары, якія прахо­дзяць у малых групах і адрозніва­юцца ад лекцый інтэрактыўнасцю, прычым зносіны адбываюцца до­сыць нефармальна, за кошт таго, што ў англійскай няма формы «Вы».
Яшчэ адрозненне ў тым, што ў нас сярэдні бал лічыцца як ся­рэ­днеарыфметычнае ўсіх адзнак, а там інакш. У розных формаў працы розныя каэфіцыенты: у семінараў – 1, у лекцый – 1,5, а ў магістарскай працы самы высокі – 2, таму яе  важ­на напісаць добра.

«Выкладчык для мяне
меў ролю футбольных варот»
– У Каледжы Еўропы выкладчык ніколі не скажа, што твой адказ няправільны, там імкнуцца не на­шкодзіць самаацэнцы студэнта, прастымуляваць яго. На абмеркаваннях падчас семінараў выказваліся часам зусім недарэчныя версіі, але дыскусія ад гэтага не ста­навілася бяднейшай. Галоўнае – у кожнага ёсць права выказацца па тэме. Для мяне выкладчык там меў ролю футбольных варот. Студэнт павінен забіць гол у гэтыя вароты і сам зразумець, атрымалася ці не. Калі мяч адляцеў ад штангі, то ён вярнуўся на поле, і ўжо іншы студэнт спрабуе забіць гол, гэта значыць даць адказ на пытанне. Пры такім падыходзе чалавек сам разумее, ці ў правільным напрамку ён разважае, мне гэта ў іх сістэме вельмі падабаецца.

«Для нефармальнага
нэтворкінгу – у каледжа ўласны бар»
– У каледжы моцнае студэнцкае самакіраванне: было вельмі шмат усякіх ініцыятыў – пачынаючы ад эколагаў і заканчваючы дабрачыннасцю. Самі арганізоўвалі курсы замежных моў. Там ёсць культ лідарства, і ўсе імкнуліся запусціць свае ініцыятывы. Але з іншага боку – шмат каму гэта перашкодзіла   каледж скончыць, таму што людзі, якія вельмі глыбока сыходзілі ў сацыяльнае жыццё, проста забывалі пра вучобу. Яшчэ ў каледжа ёсць уласны бар, дзе кожны чацвер праходзіць барная ноч, а бармэнамі выступаюць самі студэнты. Наогул, там вельмі шмат увагі надаецца нэтворкінгу: як фармальнаму, так і нефармальнаму. І калі на семінарах мы разбіраліся з тым, што такое нэтворкінг і як правільна пабудаваць адносіны, то бар выступаў пляцоўкай для нефармальнага  нэтворкінгу, дзе людзі вучацца нават на сур’ёзныя тэмы размаўляць у нефармальным становішчы.

«Германія навучыла
шанаваць сутнасць»
– Праз некалькі месяцаў пасля таго, як я атрымала дыплом магістра Каледжа Еўропы, мяне адабралі на стажыроўку ў Бундэстаг Германіі працаваць у офісе дэпутата з Баварыі, якая займалася правамі жанчын, дзяцей, пенсіянераў. Пяць месяцаў я працавала як стажор, наведала выбарчую акругу, хадзіла на пасяджэнні камітэтаў, прысутнічала на канферэнцыі з палітыкамі. На мяне вельмі паўплывала стаў­ленне немцаў да жыцця. Напрыклад, мне запомнілася, як нават на пленарнае пасяджэнне дэпутаты ад больш левых партый нярэдка спакойна прыходзілі ў джынсах, гэта значыць, што там надаецца ўвага не твайму выгляду, а сутнасці: што ты робіш і як. Такія пры­клады пры­мушаюць задумацца: «А ці дазволена нам меркаваць пра кагосьці па знешнім выглядзе?»

«У Беларусі для сябе
я бачу перспектывы»
– Я вярнулася дадому, таму што зразумела, што на дадзеным этапе ў Беларусі ў мяне больш магчымасцяў рэалізаваць сябе. Мне цікавая навука, прыцягвае міжнароднае права, таму планую паступаць у  аспірантуру ФМА, гэта для мяне яшчэ адна прыступка ўгару. Не выключана, што буду выкладаць, узаемадзеянне са студэнтамі – гэта цікава. Я лічу, што беларусы вельмі разумныя і таленавітыя людзі, але нам часам бракуе ініцыятыўнасці  і досведу камунікацыі, таму я раю студэнтам выкарыстоўваць магчымасці, ездзіць па праграмах абмену. Гэта дазваляе атрымаць незаменны досвед, а яшчэ распавесці замежнікам пра Беларусь.

Валерыя БАНДАРЧЫК  

print

Вам таксама можа спадабацца: