У межах праекта “Асобы БДУ” прапануем вашай увазе інтэрв’ю з камендантам галоўнага корпуса БДУ Ірынай КЛІМОВІЧ.
– Ірына Іванаўна, добры дзень! Хацелася б пачаць нашу гутарку з гісторыі Вашай сям’і. У большасці выпадкаў менавіта сям’я скіроўвае дзяцей у прафесію, закладвае жыццёвыя прынцыпы. Распавядзіце трохі пра бацькоў, пра тое, як пачынаўся Ваш прафесійны шлях?
– Нарадзілася я ў Мінску, бацькі ў мяне таксама карэнныя мінчукі. Жылі ў прыватным сектары на бульвары Шаўчэнкі. У нас звычайная сям’я: тата прапрацаваў 45 гадоў на фабрыцы імя Фрунзэ (цяпер ЗАТ “Мілавіца”), быў брыгадзірам слесараў-рамонтнікаў; мама працавала брыгадзірам на бісквітнай фабрыцы (цяпер кандытарская фабрыка “Слодыч”). Магчыма, гэта таксама паўплывала на выбар маёй прафесіі, яшчэ ў 9 класе, памятаю, падчас вытворчай практыкі я была адзінай дзяўчынай, якая запісалася на спецыяльнасць чарцёжніка, менавіта тады прыняла рашэнне атрымаць тэхнічную адукацыю.
Скончыла БПІ (БНТУ), факультэт ліцейнай вытворчасці чорных і каляровых металаў. У мяне па жыцці тэхнічны склад, люблю машыны, гадзіннікавыя механізмы, мне цікава штосьці разбіраць і збіраць. Па размеркаванні працавала на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава ў канструктарскім бюро. У 90-я гг. усюды было скарачэнне, і з таго часу я стала працаваць на адміністрацыйных пасадах, працаваць з людзьмі: у турыстычнай сферы, на швейнай вытворчасці, у ЖРЭА (аддзел зваротаў грамадзян). І ў 2012 г. мне прапанавалі працу каменданта галоўнага корпуса БДУ, на роздум далі 2 гадзіны, я пагадзілася.
– У працы Вам даводзіцца ўзаемадзейнічаць з многімі людзьмі, у тым ліку і кіраваць мужчынамі. Ці цяжка знаходзіць з імі агульную мову, і ці заўсёды яны Вас слухаюць?
– Так, гэта праўда. Мая праца наўпрост звязана з людзьмі, і трэба да кожнага знайсці падыход. Калі я толькі прыйшла ў БДУ, мяне вельмі падтрымаў на першых этапах Віктар Іванавіч Ільяшэнка (начальнік гаспадарчай службы карпусоў), за што я яму вельмі ўдзячная. Ён казаў: “Вы будзеце тварам БДУ”. Што да працы з мужчынамі, то з імі заўсёды лягчэй знаходзіць агульную мову, мяне па жыцці атачаюць мужчыны, да прыкладу, мой муж і два сына.
– У колькі пачынаецца і заканчваецца дзень у каменданта галоўнага корпуса БДУ?
– Афіцыйна час працы з 8.30 да 17.15, але часам бывае ненармаваны графік, таму што заўсёды ёсць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў галоўным корпусе – заўсёды імкнуся дапамагчы ў арганізацыі. Вядома, і штат у мяне не маленькі: 32 прыбіральшчыцы, 8 гардэробшчыц, 2 сталяры, калі раптам нейкія жыццёвыя сітуацыі, трэба ўмець правільна і своечасова скаардынаваць працу.
Заўсёды адказна ставімся да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, імкнёмся ўсё падрыхтаваць і ўсім неабходным забяспечыць – мерапрыемства сур’ёзнае, даводзіцца і затрымацца на працы, каб усё было прыгожа і на высокім узроўні.
– Вы ўжо казалі, што ў Вас два сыны. Як Вы бачыце станаўленне студэнтаў, маладых людзей у жыцці, што ўплывае на выхаванне сапраўдных мужчын?
– Мы, мамы, любім сваіх дзяцей і парой вельмі іх песцім – мужчына павінен набіць сваіх гузоў. У наш час маладыя людзі цяжка паддаюцца выхаванню. Як кажуць, “трэба спачатку выхаваць сябе, тады не давядзецца выхоўваць дзяцей”. Калі ёсць упэўнены мужчына ў сям’і, то і дзеці растуць упэўненымі ў сабе і ў сваіх сілах. Трэба дазваляць ім сябе адчуваць мужчынамі.
– А чым займаюцца Вашы сыны? І якія ў Вас ёсць сямейныя традыцыі?
– Старэйшы сын юрыст, а малодшы цяпер у войску. З самага дзяцінства хлопчыкі займаліся спортам. Малодшы вучыўся ў школе алімпійскага рэзерву, займаўся плаваннем і атрымліваў перамогі, медалі і цяпер упрыгожваюць наш дом. Пасля войска плануе працягваць навучанне.
З традыцый магу адзначыць, што кожную суботу мы з сястрой наведваем сваіх бацькоў, яны нас чакаюць і рыхтуюць ежу дзяцінства, тое, што мы з сястрой елі, калі былі маленькімі. Гэта наш бацькоўскі дзень. З мужам і сынамі часта ездзім на дачу, у мужа ёсць сад, ён любіць ім займацца, а мы яму ў гэтым дапамагаем.
– Што да спорту, якое Ваша стаўленне?
– Спорт я люблю. Яшчэ ў дзяцінстве я займалася па прыкладзе сваёй старэйшай сястры мастацкай гімнастыкай, стала кандыдатам у майстры спорту.
Калі я вучылася ва ўніверсітэце, то была салісткай народнага ансамбля танца “Дружба”, наведалі з калектывам фэст моладзі і студэнтаў на ВДНХ, фэст у Прыбалтыцы. Жаданне танчыць засталося і цяпер.
Я халерык, мне заўсёды трэба чымсьці займацца. На сёння наведваю басейн у комплексе “Універсітэцкі” і заняткі па ЛФК. Для мяне гэта разрадка і магчымасць падтрымліваць выдатны настрой. Праца цяжкая, а мы ж траціну сутак праводзім на працы, таму трэба дзесьці чэрпаць сілы і энергію.
– Якія ёсць у Вас захапленні, хобі?
– Мне падабаецца вышываць – гэта адзін са спосабаў заспакаення, таксама малюю, але па нумарах, увесь дом упрыгожаны карцінамі. У маім кабінеце знаходзяцца карціны маіх сяброў з Браслава, яны мастакі-рэстаўратары, а вось карціна з малюнкам касцёла святых Сымона і Алены, мне падарыў У. М. Макарэвіч (начальнік упраўлення па справах культуры), ён ведае, што я каталіцкага веравызнання, часта хаджу ў гэты касцёл. І прытрымваюся простых правілаў: не крыўдзіць людзей, а таксама, як пісаў М. Астроўскі: “Самае дарагое ў чалавека – гэта жыццё. Яна даецца яму адзін раз, і пражыць яе трэба так, каб не было пакутліва сорамна за бязмэтна пражытыя гады…”. Карціна з восеньскім пейзажам насупраць працоўнага месца – гэта мая стыхія. Я нарадзілася ўвосень і люблю яркія фарбы.
А яшчэ я захапляюся тэатрам, наведваю ўсе концэрты, якія арганізоўвае ўніверсітэт, мне сімпатычныя студэнцкія мерапрыемствы: КВЗ, капуснік і г. д. Я імкнуся камунікаваць з моладдзю, разумець іх жарты, бо тады і сама пачуваюся сучаснай.
– Ірына Іванаўна, Вы такая яркая, душэўная, а ці любіце падарожнічаць, якія месцы наведалі?
– Вельмі люблю, падчас адпачынку выязджаю ў Еўропу аўтобуснымі турамі, падкрэслю, менавіта аўтобусамі, мне падабаецца кожны дзень спыняцца ў новым горадзе, запомніліся вандраванні ў Грэцыю, Чарнагорыю, Іспанію. Калі казаць пра горад, які мне запаў у душу, то гэта нямецкі горад Бамберг, маленькая казка.
Але больш за ўсё я люблю падарожнічаць па Беларусі, выязджаю ў санаторыі ў розных абласцях нашай краіны, калі размаўляю з расіянамі, то часта бачу іх захапленне нашымі пейзажамі, гістарычнымі каштоўнасцямі, і разумею, наколькі выдатная краіна, у якой я жыву.
Браслаўскія азёры пакінулі незабыўныя ўражанні, на возеры Укля я паспрабавала сябе ў рыбнай лоўлі, люблю збіраць ягады і грыбы, атрымліваць асалоду ад мернасці.
– Якія кнігі любіце чытаць, што можаце парэкамендаваць студэнтам?
– Класіка – яна неацэнная! Можна чытаць і знаходзіць штосьці новае для сябе.
– БДУ на сёння – гэта маё жыццё. Я ганаруся, што я тут працую. Усе, хто мяне ведае, кажуць, што я на сваім месцы, гэта маё.
– Што Вам дапамагае кожны дзень у працы, у зносінах з людзьмі? Вашы пажаданні студэнтам.
– Усмешка – гэта мой важны інструмент. Усмешка абяззбройвае, трэба настройваць сябе на пазітыў, і твой уласны стан будзе перадавацца навакольным людзям. Я аптыміст па жыцці, і, калі штосьці здараецца непрыемнае, кажу сама сабе, што “і гэта пройдзе”. З усяго негатыву, які можа сустракацца на жыццёвым шляху, трэба вышукваць станоўчыя моманты. Жадаю ўсім студэнтам ганарыцца тым, што яны з’яўляюцца студэнтамі БДУ, кахання і дабрыні да сябе і да людзей, жадаю радавацца кожнаму дню.
Кацярына ШЭЙКО