Праект «Сафія»: у кожнага ёсць шанец стварыць шчаслівую сям’ю!

5 Mar, 2018.

На базе БДУ з 5 па 9 лютага прайшло экспрэс-навучанне па фарміраванні сямейных каштоўнасцяў і ўсвядомленага бацькоўства ў моладзі у межах рэспубліканскага праекта «Сафія».
Праект рэалізуецца моладзевым крылом Беларускага саюза жанчын сумесна з нашым універсітэтам, а асновай для выяўлення праблематыкі паслужыла маштабнае сацыялагічнае даследаванне сямейных каштоўнасцяў сярод 1190 студэнтаў БДУ, Гродзенскага дзяржаў­нага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Напрыклад, станоўча ў адносінах да фактычнага сужыцця ставяцца 60,9 % мінскіх студэнтаў БДУ, аборт лічыць забойствам 67,1 % з апытаных.
Сямейныя каштоўнасці ў Мінску адчувальна ніжэйшыя, чым у несталічных ВНУ, дзе праводзілася даследаванне. Няўжо інтэлектуальны патэнцыял нашых студэнтаў за­цямніў духоўны? Праект «Сафія» з дапамогай прафесійных лектараў, іх аргументацыі і навуковай базы прадставіў студэнтам пераканаў­чыя доказы таго, што сужыццё ў 85 % не прыводзіць да шлюбу, а нявіннасць (цэласнасць светапогляду) толькі ўмацоўвае адносіны.    
«Сафія» рыхтуе студэнтаў-лектараў, якія згодна з прынцыпам «роўны навучае роўнага» распавядаюць старэйшым школьнікам і гімназістам пра сямейныя каштоўнасці, сэнс жыцця, адрозненне кахання ад закаханасці, узаемапавагу, шлюб і традыцыі сям’і.

Першай удзельніцай праекта стала СШ № 111 г. Мінска. Студэнты БДУ ходзяць на кожны адкрыты ўрок у рамках праекта, каб павучыцца ў такіх дасведчаных лектараў, як куратара асветніцкага праекта «За жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» Алены Ярашэвіч і тэле- і радыёвядучай Алены Есінай. Дарэчы, яны выступілі і на экспрэс-навучанні ў фармаце адкрытых лекцый-гутарак. Патрапіць у праект можна студэнтам беларускіх ВНУ, а па сканчэнні навучання стаць лектарам, фатографам ці відэографам праекта. Пяць дзён экспрэс-навучання былі агульнымі, даведацца пра сямейныя каштоўнасці мог кожны.
Адкрытая форма зносін была абрана невыпадкова: як прызналіся слухачы праекта, атрыманая інфармацыя змяняе жыццё. Гэта і з’яўляецца яго мэтай – зрабіць сямейнае жыццё і адносіны гарма­нічнымі. У большасці сваёй гэтыя важныя веды не дайшлі да нас ад мам, а да іх ад бабуль…

І ўсяго за тыдзень праекта дзяўчаты са слязамі на вачах дзякавалі лектарам за тое, што паказалі фільмы і распавялі на словах: аборт – гэта самае сапраўднае забойства, калі мы адбіраем права на жыццё, якое нам не належыць, а сужыццё – не каханне, а часовыя адносіны.

Перад слухачамі праекта выступалі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў і іерэй Яўген Фісенкін, дацэнт кафедры нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання БДЭУ Ганна Яшчук, журналіст, радыёвядучая, каардынатар міжнароднага фэсту ў абарону жыцця і сям’і «Далонька» Алена Есіна. Экспертамі выступілі супрацоўнікі БДУ: выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ Дзмітрый Нікановіч, псіхолаг і начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю ў МДЭІ імя Сахарава Таццяна Баршчэўская, супрацоўніца Псіхалагічнай службы БДУ Аліна Пешкур. Куратарам праекта выступае начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Наталля Капацэвіч.

Водгукі па выніках
навучання:
Вольга Дайновіч, 3 курс, юрыдычны факультэт:
– Тыдзень праекта настолькі на мяне паўплываў! Чалавек, вядома, задумваецца пра каханне, пра сэнс жыцця. Але іншая справа, калі ты слухаеш спецыялістаў, розныя пункты гледжання, пачынаеш фундаментальна разбірацца з гэтым. Лекцыя пра нявіннасць перавярнула маё ўяўленне, я зразумела, што гэта каштоўна для мяне, хоць раней думала па-іншаму.

Марына, 2 курс, БДУ:
– Праект атрымаўся ўражлівым. Дзякуй вам вялікае за арганізацыю такога выдатнага мерапрыемства! Праект ахапіў, магчыма, самыя спрэчныя і цікавыя для моладзі тэмы, пра якія не кажуць у школе ці ва ўніверсітэце. Менавіта ў гэтым каштоўнасць «Сафіі». Асабліва цікавым быў занятак, прысвечаны дашлюбным адносінам і каханню, і апошні, пра сям’ю і жаноцкасць. Спікеры вельмі далікатна нагадалі пра вечныя каштоўнасці, пад­штур­хнулі да некаторых разважанняў на гэту тэму. Ехала дахаты і думала: «А яны сапраўды маюць рацыю… Я ўжо і забылася пра тое, што варта шанаваць сябе для таго, каб мяне мог шанаваць і паважаць хтосьці іншы. Як жа я магла забыцца пра ўсё гэта?» Уражанні ад праекта проста найлепшыя. Вочы як быццам ізноў адкрыліся. Дзякуй вам за праект! Не спыняйцеся на дасягнутым.
Удзел у праекце прынялі і студэнты іншых ВНУ. Яны таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Цімафей Бекішаў, 4 курс, БНТУ:
– Праект «Сафія» вельмі сур’ёзна паўплываў на маё жыццё, раней я думаў, што сям’я – гэта не так складана, як можа здацца. Пасля лекцый я зразумеў: каб стварыць сапраўды шчаслівую сям’ю, неабходна шмат працаваць, пераадольваць перашкоды, прыйсці да ўзаемнай згоды і даверу. Вырашыў для сябе, што сужыцця  ў маіх адносінах не будзе, бо гэта шлях у нікуды – тое, што даецца без высілкаў, не шануецца. Толькі цяпер я ўсвядоміў, наколькі жудасныя аборты. Гэтыя пяць дзён праляцелі вельмі хутка, эмацыйна, цікава і прымусілі мяне задумацца над сваім жыццём, пераасэнса­ваць некаторыя жыццёвыя прынцыпы, абудзілі жаданне развівацца далей і стварыць сваю шчаслівую сям’ю, прыйсці да кахання. Я вель­мі рады, што існуюць такія пісь­менныя, добрыя, адказныя, піль­ныя і неабыякавыя людзі! Я пра­цягну ўдзел у праекце, каб большая колькасць людзей задумалася, як і я, пра такія глабальныя рэчы,  як сэнс жыцця, сям’я.Ева Тарасава, 6 курс, БДМУ:
– Праект вельмі моцны! Важны і вельмі патрэбны. Мне спадабалася, што лектары пакідалі за намі права выбару. Ніхто не імкнуўся навязваць сваё «правільнае» меркаванне. Гэта дапамагала заставацца шчырымі, не баяцца пытаць, шукаць адказы  на пытанні. Яшчэ мне спадабалася, што не было асуджэння   і ў любых пытаннях заўсёды зас­тавалася надзея, што не ўсё страчана. Ва ўсіх ёсць магчымасць стварыць шчаслівую сям’ю.
Ганна Корда, 2 курс, БДЭУ:
– Гэта было вельмі пазнавальна. Раней я задавала сама сабе пытанні, і вельмі цяжка было знайсці адказы, а з дапамогай праекта «Са­фія» я адказала на шматлікія з іх і стала больш упэўненай, перакананай, што раблю ўсё правільна.
У далейшым навучанне пройдзе па абраных студэнтамі спецыялі­зацыях: асобна будуць рыхтаваць лектараў, фатографаў і відэографаў. А зусім хутка студэнты правядуць свае першыя ўрокі пра «добрае, цудоўнае і вечнае» перад школьнікамі, зробяць жывыя фота   і відэа з сустрэч.

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца: