Прафесар Ларыса Цітарэнка і парадоксы сучаснай сацыялогіі

27 Mar, 2018.

11 сакавіка вядомы беларускі вучоны, доктар сацыялагічных навук, прафесар кафедры сацыялогіі ФФСН Ларыса Цітарэнка адзначыла юбілей.

За яе плячыма вялікі шлях у навуцы і, па сутнасці, сусветнае прызнанне. Л. Р. Цітарэнка з’яўляецца ганаровым членам Міжнароднага таварыства адукацыі, мае заахвочванні ад Міжнароднай сацыялагічнай асацыяцыі, Міжнароднага інстытута сацыялогіі. Член рэдкалегіі і эксперт міжнародных      часопісаў Social Space, Nationa­lities, Wagadu, Limes, International Sociology, італьянскага серыйнага выдання Studies on Europe and on the Global Society, расійскага    «Часопіса сацыялогіі і сацыяльнай антрапалогіі», украінскага часопіса «Соціологічні студії»  і рэдкалегіі маніторынгу Інстытута сацыялогіі НАН Украіны, а таксама навуко­вага часопіса БДУ «Сацыялогія». Ларыса Рыгораўна – лаўрэат навуковай прэміі імя У. І. Пічэты (2009), заслужаны работнік БДУ (2013).

Сфера навуковых інтарэсаў прафесара Л. Р. Цітарэнкі ўключае шмат сацыяльных праблем: моладзь, праца, выхаванне і аду­кацыя, каштоўнасці, экалогія, гендарная роўнасць, мадэрнізацыя і грамадзянская супольнасць. Тэмы даследаванняў таксама тычацца посткамуністычнай трансфармацыі, фарміравання грамадскай думкі, нацыянальнай ідэнтычнасці. Праблемамі пра­цоўнай сферы займаецца з са­вецкага часу.

Л. Р. Цітарэнка мае вялікі досвед навуковай і педагагічнай працы за мяжой. Выкладала сацыялогію ў ЗША (1998–2000, 2006), Польшчы (2003–2005), Фінляндыі (2011–2012), больш за дзесяць гадоў дыстанцыйна вяла курс па сацыяльным кантролі на англій­скай мове, сумесна з амерыканскім калегам прафесарам К. В. Літлам (SUNY). Ёю падрыхтаваны   і апублікаваны аўтарскія курсы лекцый: «Гендарная сацыялогія», «Сацыялогія грамадскай думкі», «Сучасная заходняя сацыялогія», яна суаўтар падручнікаў, слоў­ні­каў, энцыклапедый па сацыялогіі  ў Расіі і Беларусі. У 2000 г. выс­тупала на навуковай секцыі пра жаночае лідарства Спецыяльнай сесіі ААН у Нью-Ёрку (даклад апублікаваны на англійскай мове асобным выданнем).

Прафесар Л. Р. Цітарэнка ак­тыўна працуе ў навуцы. У савецкі час – лаўрэат Філасофскага тава­рыства СССР за найлепшую працу сярод маладых навукоўцаў, стыпендыят імя К. Маркса. У пост­савецкі час двойчы атрымлівала   стыпендыю Фулбрайта для да­с­ле­даванняў у ЗША (1996, 2016), удзельнік міжнародных даследчых праектаў па Еўрапейскіх даследаваннях каштоўнасцяў, сацыялогіі працы, сацыялогіі моладзі, якасці жыцця, постсавецкай трансфар­мацыі, экалогіі, міграцыі і інш. Выканаўца і кіраўнік міжнародных і рэспубліканскіх навуковых праектаў, якія ажыццяўляліся па праг­раме INTAS, фонду «Капернік», 7-й Рамачнай праграме ЕС (FP-7), праектаў БРФФД, праектаў Міжна­роднай фінансавай карпарацыі, Міжнароднага фонду электараль­ных даследаванняў, ЮНФПА, ЮНІСЕФ, Еўрапейскага парла­мента, Міністэрства адукацыі і НАН Бе­ларусі. З’яўляецца нацыяналь­ным каардынатарам па сувязях бела­рускіх навукоўцаў у галіне сацы­яльных і гуманітарных навук з заходнімі навукоўцамі ў прагра­ме Еўрасаюза «Гарызонт 2020», удзель­нік чатырох праектаў па гэтай праграме (з 2008 г.).

Прафесар Л. Р. Цітарэнка – аўтар (суаўтар) больш чым 600 навуковых і навучальна-метадычных прац, выдадзеных на дзевяці мовах, у тым ліку 12 навучальных  дапаможнікаў і 20 манаграфій. Апошнія па часе – сумесная ма­на­графія з А. А. Здравамыславай Sociology in Russia (Palgrave, 2017), і літаральна да юбілею ў БДУ выходзіць новая манаграфія Л. Р. Цітарэнкі «Парадоксы і павароты сучаснай сацыялогіі».

Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара Л. Г. Цітарэнкі абаронены 14 кандыдацкіх дысертацый па сацыялагічных навуках. У рамках праграмы «Эразмус» выкладала студэнтам і магістрам у Фінляндыі  і Турцыі. Выступала з лекцыямі ў шматлікіх краінах.

Віншуем!

Аляксандр ДАНІЛАЎ,
загадчык кафедры сацыялогіі

print

Вам таксама можа спадабацца: