Прафесар Васіль Сцяпанаў – яркі прыклад служэння грамадству

28 Mar, 2018.

Да 115-годдзя з дня нараджэння прафесара Васіля Сцяпанава, загадчыка кафедры філасофіі (1947–1979), прарэктара па навуковай рабоце БДУ (1962–1967)

Няўмольны бег часу, і застаецца ўсё менш тых людзей, хто асабіста ведаў В. І. Сцяпа­нава і каго ўводзіў ён у свет філасофіі.  Аўтар гэтых радкоў меў гонар вучыцца ў Васіля Іванавіча ў аспірантуры (1968–1971), затым працаваць на яго кафедры, быць намеснікам па навуковай рабоце.

Васіль Іванавіч нарадзіўся 13 сакавіка 1903 г. у сяле Залатое Саратаўскай вобласці  ў сялянскай сям’і. З юнацкіх гадоў ён звязаў сваё жыццё з камсамолам, партыяй баль­шавікоў. Захоплена прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю і абараняў яе ідэалы на франтах Грамадзянскай вайны. З 1924 г. ён у    шэ­рагах кампартыі, у 1929 г. накіроўваецца на вучобу ў Акадэмію камуністычнага вы­ха­вання імя Н. К. Крупскай, дзе атрымаў філасоф­скую адукацыю, якую працягнуў у аспірантуры акадэміі. У 1935 г. В. І. Сцяпанаў абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную даследаванню светапогляду М. Г. Чарнышэўскага.

З 1935 г. В. І. Сцяпанаў загадчык кафед­ры філасофіі, дэкан гістарычнага факуль­тэта і прарэктар па навуковай рабоце Сталінградскага педінстытута. Да 1944 г. на выкладчыцкай працы ў Вышэйшым ваенным зенітным вучылішчы, затым у дзейным войску – лектар палітаддзела 1-й Гвар­дзейскай танкавай арміі, удзельнічае ў вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі, у Берлінскай аперацыі. За баявыя заслугі адз­начаны ордэнам Чырвонай Зоркі і баявымі медалямі. У паваенны час служба працяг­валася ў Групе савецкіх войскаў у Германіі.

У 1947 г. па ініцыятыве сакратара ЦК КП(б)Б, філосафа, члена-карэспандэнта  АН СССР М. Т. Іаўчука Васіль Іванавіч быў дэмабілізаваны з арміі і пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе ўзначаліў агульнаўніверсітэцкую кафедру філасофіі, якой кіраваў да мая 1979 г. В. І. Сцяпанаў зрабіў значны ўнёсак у падрых­тоўку філасофскіх кадраў і развіццё філа­софіі ў Беларусі. Ім былі напісаны цікавыя для свайго часу працы па філасофскіх перакананнях М. В. Ламаносава, рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў (В. Бялінскага, А. Герцэна, М. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага). Пры яго ўдзеле была апублікавана ў Маскве калектыўная манаграфія беларускіх філосафаў пад назвай «Пра «Філасофскія сшыткі» У. І. Леніна» (1959). Высокую ацэнку філасофскай грамадскасці атрымлівае і мана­графія Васіля Іванавіча «Філасофскія і сацыялагічныя погляды В. Р. Бялінскага» (1959), па матэрыялах якой у 1960 г. ён абараняе доктарскую дысертацыю. У 1961 г. яму было прысвоена званне прафесара.

 

Васіль Сцяпанаў з выкладчыкамі кафедры філасофіі прыродазнаўчых факультэтаў каля стэлы БДУ (1974 г.)

З 1962 па 1967 гг. прафесар В. І. Сцяпанаў – прарэктар па навуковай рабоце БДУ. Ён з’яўляўся членам камітэта па Ленінскіх прэміях у галіне навукі і тэхнікі пры Савеце Міністраў СССР (1962–1966), членам рэдкалегіі часопісаў «Камуніст Беларусі», «Веснік БДУ, серыя III», членам рэдакцыйнага савета 12-томнай «Беларускай савецкай энцыклапедыі». Быў заўсёды цікавы і запатрабаваны як выдатны лектар таварыства «Веды», нягледзячы на вялікую занятасць увесь час выступаў сярод насельніцтва і ў працоўных калектывах рэспублікі.

Цесныя і плённыя адносіны звязвалі Васіля Іванавіча з Інстытутам філасофіі і  права АН БССР, дзе ажыццяўляў навуковае кіраўніцтва аспірантаў. Пры яго ўдзеле выдадзены сумесныя працы выкладчыкаў узначаленай ім кафедры і супрацоўнікаў інстытута: «Дыялектычны матэрыялізм як метадалогія прыродазнаўчанавуковага пазнання» (1965); «Сацыяльныя змены працоўнага класа Беларусі» (1965); «Структура савецкай інтэлігенцыі» (1970) і інш. У 1967 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Пад кіраўніцтвам В. І. Сцяпанава ўніверсітэцкай кафедрай філасофіі былі напісаны буйныя манаграфіі. Сярод іх асаблівае месца займае праца «Пытанні дыялектычнага матэрыялізму» (1976). Высокую ацэнку савецкіх філосафаў атрымала яго праца сумесна   з філосафамі Енскага ўніверсітэта (ГДР). Васіль Іванавіч быў адным з аўтараў кнігі «Грамадства супраць чалавека: Крытыка антыгуманнай сутнасці сучаснага капіталізму» (1983), якая была выдадзена ўжо пасля яго смерці.

Прафесар В. І. Сцяпанаў – аўтар больш чым 100 навуковых прац. Пад яго кіраў­ніцтвам падрыхтаваны 4 доктарскія і больш за 30 кандыдацкіх дысертацый. Яго вучні     Д. І. Шыраканаў і Я. М. Бабосаў сталі акадэмікамі НАН Беларусі, а В. С. Сцёпін – акадэмікам РАН. Дактарамі навук сталі і  многія супрацоўнікі кафедры філасофіі – Р. А. Левін, М. І. Жукаў, Ю. А. Гусеў, А. А. Міхайлаў, Я. В. Петушкова, П. С. Карака, Л. А. Гуцаленка, М. І. Вішнеўскі і інш.

Прафесар Васіль Сцяпанаў сярод супрацоўнікаў кафедры філасофіі і слухачоў ІПК пры БДУ (1974 г.)

Выпускнікі філасофскага аддзялення канца 1960-х – першай паловы 1970-х гг. А. І. Зелянкоў, Т. І. Адула, А. М. Байчораў, Т. П. Кароткая, С. П. Вінакурава, У. К. Лукашэвіч, Я. С. Яскевіч, Л. Ф. Кузняцова сталі дактарамі філасофскіх навук, некаторыя   ўзначалілі кафедры ў ВНУ краіны.
Асабліва ставіўся Васіль Іванавіч да філасофскіх праблем прыродазнаўства. У аспірантуру кафедры былі прыняты выпускнікі прыродазнаўчых факультэтаў (А. А. Дудко, П. С. Карака, Н. К. Кісель, М. І. Вішнеўскі,  А. І. Янчук). У наш час прафесар П. С. Карака, дацэнты А. А. Дудко, Н. К. Кісель і А. І. Янчук з’яўляюцца выкладчыкамі кафедры філасофіі і метадалогіі навукі. Прафесар Вішнеўскі доўгія гады быў першым прарэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а цяпер з’яўляецца загадчыкам кафедры філасофіі дадзенай ВНУ. Васіль Іванавіч сябраваў з акадэмікамі М. А. Ельяшэвічам, П. Ф. Ракіцкім і інш. Прадстаўнікі прыродазнаўчых навук часта выступалі з дакладамі на кафедры філасофіі.

За плённую навуковую дзейнасць і пад­рыхтоўку навуковых кадраў у 1977 г. В. І. Сцяпанаву прысвоена званне заслужанага  дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджваўся ор­дэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай рэвалюцыі, шасцю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Дасведчаны педагог, даследчык і выхавальнік моладзі прафесар Васіль Іванавіч Сцяпанаў увасабляў у сабе найлепшыя якасці навукоўца. Ён валодаў велізарнымі ведамі не толькі ў галіне філасофіі, але і ў іншых галінах навукі і культуры. Асаблівую цікавасць выяўляў да мастацкай літаратуры, уважліва сачыў за творчасцю многіх айчынных літаратараў. Актыўна дзяліўся са сваімі слухачамі і суразмоўцамі асабістым разуменнем сацыяльных, эканамічных і куль­турных працэсаў краіны і сусветных праблем. Яго працавітасць, прынцыповасць, сціпласць, высокія маральныя рысы чалавека і грамадзяніна – яркі прыклад служэння грамадству.

Памёр В. І. Сцяпанаў на 77 годзе жыцця 22 мая 1979 г. Памяць пра яго як буйнога    вучонага, клапатлівага выхавальніка і па­трыёта сваёй краіны захоўваецца ў сэрцах усіх, хто меў гонар слухаць яго лекцыі, атрымліваў парады па даследаваннях і проста размаўляў з ім.

Прафесар Пётр КАРАКА,
доктар філасофскіх навук

print

Вам таксама можа спадабацца: