У рамках працы грамадскай камісіі па кантролі за якасцю харчавання БДУ былі абмеркаваны вынікі вывучэння меркавання студэнтаў па задаволенасці арганізацыяй харчавання і працай аб’ектаў харчавання (сталовыя, буфеты, кіёскі, кафетэрыі) РВУП «Камбінат грамадскага харчавання БДУ».
На працягу студзеня–лютага 2018 года былі праведзены маніторынгі пасродкам: анлайнапытанняў (інтэрнэт-рэсурсы), анкетных апытанняў, уключанага і няўключанага назіранняў, рэспандэнтамі якіх выступілі навучэнцы БДУ. Асноўныя крытэрыі ацэнкі: асартыментны пералік (1-я, 2-я, дыетычныя стравы і інш.), цана/кошт і якасць страў, сталовыя прыборы, посуд, порцыі, праца персаналу, культура абслугоўвання, графік/рэжым працы аб’екта харчавання і інш.
Прапановы і заўвагі, якія паступілі ад навучэнцаў, былі прааналізаваны і агучаны на камісіі.
Па выніках пасяджэння 6 сакавіка ў фармаце адкрытага дыялогу адбылася сустрэча прафсаюзнага актыву: старшыняў прафбюро і адказных за дадзены напрамак у навучальных падраздзяленнях БДУ з дырэктарам РВУП «КГХ БДУ» Жаннай Варанкевіч.
Па бягучай працы сталовых і буфетаў РВУП «КГХ БДУ» былі прыняты наступныя рашэнні:
• на ўсіх аб’ектах харчавання ў меню з’явіцца садавіна;
• у буфетах біялагічнага і гістарычнага факультэтаў у асартыментны пералік будуць уведзены супы;
• у буфетах ФРКТ і біялагічнага факультэтаў будуць уведзены пластыкавыя кантэйнеры для ежы;
• у сталовай ФРКТ павялічыцца асартымент гарніраў і салатаў;
• на гістарычным факультэце будзе працягнуты рэжым працы буфета да 17:00;
• на факультэце міжнародных адносін будзе павялічаны асартымент страў;
• на залах у буфеце біялагічнага і юрыдычнага факультэтаў усталююць бойлеры для нагрэву вады;
• у сталовай № 9 з персаналам будзе прапрацавана пытанне па павелічэнні страў у другой палове дня, штат укамплектаваны, пытанне ў абслугоўванні будзе вырашана.
Паводле інфармацыі прафкама студэнтаў БДУ