Студэнцкія арганізацыі павіншавалі БДУ з Днём абаронцаў Айчыны

1 Mar, 2018.

У галоўным корпусе БДУ студэнцкія арганізацыі павіншавалі студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэту з Днём абаронцаў Айчыны. Святочная акцыя сабрала не толькі хлопцаў, якіх тут, на «мужчынскіх» спецыяльнасцях, шмат, але і дзяўчат!

Прафкам студэнтаў БДУ падрыхтаваў некалькі інтэрактыўных зон. Дзяўчаты-майстрыхі навучылі хутка і прыгожа пашыць арыгінальны гальштук-матылёк. І калі хлопцы з цікавасцю назіралі за руплівымі рухамі іголкі, дзяўчаты беглі падпісаць паштоўку, каб падараваць тату, сябру або закаханаму. Дызайн паштовак, дарэчы, быў падрыхтаваны спецыяльна да свята. Яны – адметная рыса прафкама, які звычайна на буйныя святы радуе студэнтаў новымі віншавальнымі паштоўкамі.

Непадалёк хлопцы спаборнічалі ў армрэстлінгу, паднімалі гіру, адказвалі на пытанні віктарыны. Прызы выдатныя: фірмовыя нататнікі і квіткі на пастаноўку «Дети Ванюшина» у Моладзевы тэатр. Пахваліцца перад камерай дасягненнямі ў конкурсах і прымерыць ваенны вобраз можна было ў тэматычнай фотазоне.

То тут, то там з’яўляліся дзяўчаткі-мімы з творчай студыі MiM-BSU, запрашаючы ў фэйс-арт-зону. Вялікая чарга хлопцаў хацела атрымаць каляровы малюнак на скуры! БРСМ БДУ віншаваў гасцей свята музычным канцэртам і цікавымі конкурсамі. Хлопцы павінны былі адказаць на няпростыя пытанні са «свету жанчын»: як выкарыстоўваць хайлайтар? ці трэба змываць фарбу з валасоў пасля афарбоўкі?.. Папулярнай была зона, дзе можна было атрымаць ваенны білет і прыняць прысягу. Цікава паспрабаваць сябе ў гэтай ролі і дзяўчатам! Шчаслівыя, яны дэманстравалі свой «білет» сябрам.

Свята атрымалася! Цяпер чакаем 8 сакавіка.

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Аліны Марціновіч і Андрэя Сабалевіча
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца: