Пачатак вясны для ўсёй юрыдычнай супольнасці Беларусі і для юрыдычнага факультэта БДУ па традыцыі адзначаецца правядзеннем самага маштабнага спаборніцтва сярод студэнтаў прававых спецыяльнасцяў з усіх устаноў вышэйшай адукацыі краіны. 2 сакавіка юрыдычны факультэт БДУ з гонарам адчыніў свае дзверы партнёрам, гасцям і ўдзельнікам вочных тураў Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды– 2018, вядучым араганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
За выхад у вочныя туры змагалася 15 УВА (18 каманд і 124 iндывiдуальныя ўдзельнiкі). Права на ўдзел у фінальных спаборніцтвах Алімпіяды–2018 атрымалі 12 каманд і 52 індывідуалы.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпіяды–2018 быў традыцыйна прадстаўлены відэаролік, што адлюстраваў развіццё алімпіяднага руху на працягу 14 гадоў. Мерапрыемства адкрыў дэкан юрыдычнага факультэта прафесар Сяргей Балашэнка:
«Гэтая студэнцкая алімпіяда чатырнаццатая ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Наступная будзе юбілейнай, таму трэба будзе рыхтавацца яшчэ лепш і старанней. De jure у нас ужо надышла вясна, але de facto яна надыдзе толькі пасля Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды! І можаце быць упэўненыя, скончыцца алімпіяда – прыйдзе вясна!»
Прафесар Вольга Чупрыс, прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях, адзначыла: «Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда ўжо 14 гадоў з’яўляецца прыкладам пераходу ад звычайнай трансляцыі ведаў да творчага, індывідуальнага і нестандартнага мыслення. Юрыдычная алімпіяда – адно з самых значных мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі. Беларуская адукацыя ідзе па правільным шляху, па шляху, арыентаваным на моладзь, па шляху самарэалізацыі і развіцця творчых здольнасцяў».Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, заўважыў: «Тут сабраліся тыя, хто жыве правам, разумее яго філасофію, тыя, хто будзе папулярызаваць прафесію юрыста ў будучыні. Жадаю поспехаў як удзельнікам, так і журы. Пераможаных не будзе, таму што кожны здабудзе званне!»
Мікалай Старавойтаў, намеснік міністра юстыцыі Беларусі, у першую чаргу адзначыў важнасць работы журы: «Ім, можа, нават складаней, чым вам, удзельнікам, таму што выбраць пераможцаў не так проста. Спадзяюся, што вы ўзброіліся ведамі, і жадаю праявіць сябе толькі з найлепшага боку!»
Вячаслаў Абрамаў, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, сказаў: «Хочацца павіншаваць з пачаткам цікавага і яркага этапу студэнцкага жыцця. Вы ўсе чакалі гэтага і рыхтаваліся на працягу года. Сёння і заўтра вы атрымаеце своеасаблівы вопыт і ўразіце сваімі ведамі журы. Жадаю ўсім складаных задач і цікавых рашэнняў».
Дзяніс Туравец, кіруючы партнёр адвакацкага бюро «Ягораў, Пугінскі, Афанасьеў і партнёры», таксама выступіў з прамовай: «Мы даўно сочым за правядзеннем юрыдычнай алімпіяды, таму можам сказаць, што вы павінны прызвычаіцца глядзець на ўсё з аптымізмам і прыняць удзел у алімпіядзе за новую магчымасць паказаць сябе. Жадаю вам упэўненасці, запалу і куражу».
Сяргей Каліноўскі, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў: «У першую чаргу хачу сказаць, што вы ўсе пераможцы, таму што прайшлі ў вочны тур. Дакажыце самі сабе, што вы можаце дасягнуць поспехаў у рэальных абставінах. І хачу параіць: калі ў вас ёсць добрыя доказы, бярыце фактамі; калі разумееце нормы закона, то карыстайцеся імі; а калі няма ні таго, ні другога, то бярыце голасам».
Сутнасць заданняў
У вочных турах індывідуальным удзельнікам было прапанавана падрыхтаваць 2 праекты правапрымяняльных актаў; адказ на ліст грамадзяніна; экспертнае заключэнне праекта нарматыўнага прававога акта; тэставае заданне.
У камадных спаборніцтвах трэба было выканаць наступныя заданні: аналіз казусу і падрыхтоўка прэзентацыі пазіцыі па грамадзянскай (гаспадарчай) справе ў судзе другой інстанцыі; падрыхтоўка экспертнага заключэння праекта нарматыўнага прававога акта; падрыхтоўка 2 праектаў правапрымяняльных актаў; інтэрв’юіраванне і падрыхтоўка пісьмовай кансультацыі натарыуса на беларускай мове (спецыялізаваны конкурс Беларускай натарыяльнай палаты); прэзентацыя пазіцыі па грамадзянскай (эканамічнай) справе ў судзе; падрыхтоўка пісьмовай кансультацыі натарыуса (спецыялізаваны конкурс Беларускай натарыяльнай палаты); адказ на ліст грамадзяніна (спецыялізаваны конкурс Беларускай натарыяльнай палаты).
Карыстацца сродкамі электроннай сувязі было строга забаронена. За гэтым сачылі выкладчыкі і студэнты з арганізацыйнага камітэта.
Журы складалася з 2 калегій: па грамадзянскіх і па крымінальных справах. Узначаліў журы конкурсу Валерый Калінковіч, першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.Конкурсная праграма першага дня завяршылася ў 18.30. А ўжо 3 сакавіка ў 9.00 журы абвясціла 16 удзельнікаў-фіналістаў індывідуальнага заліку і 6 фіналістаў каманднага заліку.
У фінальным туры ўдзельнікі павінны былі на падставе аналізу казуса прэзентаваць пазіцыю па грамадзянскай (для індывідуалаў) і крымінальнай (для каманд) справе.
На ўрачыстым закрыцці з прамовай выступіў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч: «Праводзіць юрыдычную алімпіяду стала традыцыяй. Усе студэнты юрыдычных спецыяльнасцяў, якія праявілі сябе падчас алімпіяды, цяпер працуюць у Следчым камітэце, Генеральнай пракуратуры і судах. І гэта радуе, таму што найлепшыя з лепшых знаходзяць сваё прызванне ў адпаведнасці з іх прафесіяй. Канешне, шмат працы ў правядзенне алімпіяды ўкладзена арганізацыйным камітэтам, старшынёй якога з’яўляецца дэкан юрыдычнага факультэта, доктар юрыдычных навук, прафесар Сяргей Аляксандравіч Балашэнка».
Валерый Міцкевіч ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагародзіў Сяргея Балашэнку Ганаровай граматай за шматгадовую арганізацыю Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды і актыўнае ўкараненне інавацыйных і практыка-арыентаваных тэхналогій у адукацыйны працэс.
Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі, дадаў: «Гэтыя 2 дні алімпіяды былі напружанымі з пункта погляду эмоцый і інтэлектуальнай дзейнасці. Мне хочацца павіншаваць усіх з перамогай, таму што, нягледзячы на ваша месца ў рэйтынгу, вы ўсе набылі вялікі вопыт».
Пераможцы
У індывідуальным заліку Алімпіяды–2018 месцы размеркаваліся наступным чынам:
1 месца – Слінько Кацярына (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь).
2 месца – Супрун Святлана (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны).
3 месца – Глухаў Аляксей (БДУ); Чарнякова Кацярына (БДУ); Паторская Алена (БДУ).У камандным заліку Алімпіяды–2018 пераможцамі сталі:
1 месца – «Авангард Феміды» (БДУ).
2 месца – «Купалаўцы» (ГрДУ імя Я. Купалы).
3 месца – «Дума» (БДУ); «Акадэміус» (АКПРБ).У спецыялізаваным конкурсе Беларускай натарыяльнай палаты перамаглі:
1. «Купалаўцы» – ГрДУ імя Я. Купалы.
2. «Авангард Феміды» – БДУ.
3. VitaVinatus – БІП – Інстытут правазнаўства.
Усе пераможцы алімпіяды адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі, узнагароджаны каштоўнымі прызамі, а таксама будуць уключаны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Таксама пераможцы былі адзначаны спецыяльнымі прызамі партнёраў: ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў», Генеральнай пракуратуры Беларусі, Вярхоўнага Суда РБ, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, ТАА «Юрспектр», АБ «Сысуеў, Бондар, Храпуцкі СБХ». Традыцыйна партнёры ўручылі некаторым удзельнікам сертыфікаты на праходжанне месячнай аплочваемай стажыроўкі.
Меркаванні
На працягу ўсяго мерапрыемства госці і партнёры выказвалі меркаванні наконт правядзення алімпіяды.
Сяргей Аземша, намеснік старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр юстыцыі, запэўніў, што ўсе ўдзельнікі алімпіяды – мэтанакіраваныя людзі, у якіх атрымаецца рэалізаваць свае здольнасці і веды ў юрыдычнай сферы.
Андрэй Рашчупкін, першы намеснік генеральнага дырэктара замежнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыс Беларусь»: «Удзел у алімпіядзе – гэта не проста пачатак, гэта ўжо крок наперад. Безумоўна, і камандам, і індывідуалам яшчэ ёсць над чым працаваць. Мы ўпэўнены, што ў наступным годзе ўсе ўдзельнікі максімальна папрацуюць над сваімі недахопамі і пакажуць лепшыя вынікі. Поспехаў!» Андрэй Валянцінавіч таксама адзначыў некаторыя складанасці ў прапанаваных удзельнікам казусах і ўручыў дэкану юрыдычнага факультэта сертыфікат на замацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Сяргей Балашэнка падзякаваў арганізацыйнаму камітэту алімпіяды ў асобах намесніка дэкана юрфака Андрэя Шыдлоўскага і загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Сяргея Калініна, выкладчыкам, студэнтам, членам журы і партнёрам мерапрыемства.
Пасля ўрачыстай цырымоніі закрыцця абсалютныя пераможцы каманднага заліку, удзельнікі каманды юрыдычнага факультэта БДУ «Авангард Феміды», падзяліліся сваімі ўражаннямі:
– Усе тыя моманты, калі меркаванні разыходзіліся, калі спрачаліся па кожнай дробязі ў вырашэнні любой задачы, калі рыхтаваліся да позняга вечара, усё гэта – не дарма. Неабходна было паказаць, што юрыдычны факультэт БДУ – найлепшае месца для таго, каб стаяць сапраўдным юрыстам, і мы гэта зрабілі!» – сказаў капітан каманды Уладзіслаў Каломенскі.
«Калі нас аб’явілі пераможцамі, то мы адчулі эмацыйны катарсіс, – дадае Ірына Дзямідзік. – Мы ўдзячны выкладчыкам за іх дапамогу ў падрыхтоўцы да алімпіяды. А сакрэт нашай зладжанай ка-манднай гульні просты: нам падабалася ўдзельнічаць і рыхтавацца да алімпіяды. Мы не разгубіліся і правільна размеркавалі ролі, кожны змог паказаць свае моцныя бакі. «Авангард Феміды» – прыклад падтрымкі, працавітасці і суладнай працы!»
Беларуская студэнцая юрыдычная алімпіяда – гэта не толькі захапляльнае спаборніцтва найлепшых студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцяў, але і вялікі крок наперад да прафесійнага поспеху, да магчымасці пракласці свой кар’ерны шлях у юрыспрудэнцыі.
Арганізацыйны камітэт, госці і партнёры алімпіяды ад шчырага сэрца віншуюць усіх пераможцаў! Мы ганарымся вашымі талентамі і дасягненнямі. Няхай вашы зоркі, запаленыя сёння на юрыдычным небасхіле, гараць доўга і ярка!
Матэрыял падрыхтавалі Андрэй ШЫДЛОЎСКІ, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта,
Аляксандр ФЕДАРОВІЧ, старшыня каардынацыйнай групы студэнцкага актыву юрфака