З універсітэта – на працу. Студэнты вучацца будаваць кар’еру з нуля

15 Mar, 2018.

Пошук першага месца працы для многіх маладых спецыялістаў – сапраўднае выпрабаванне. Выяў­ля­­­ец­ца няўменне правільна скласці рэзюмэ, прэзентаваць сябе і, вядома, адсутнасць досведу. Як з   сумам жартуюць выпускнікі, а дзе гэты досвед узяць, калі без яго на працу не бяруць. Знайсці вый­сце прапануе цэнтр кар’еры БДУ, які праводзіць для студэнтаў практыкум «Пошук працы», дзе кожны ахвотнік можа не толькі атрымаць неабходныя для пабудовы кар’еры веды, але і прайсці рэальнае сумоўе, не выходзячы з аўдыторыі.

– Мы шукаем любыя шляхі ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, з працадаўцамі для таго, каб працаўладкаваць нашых студэнтаў, – распавядае намеснік начальніка ўпраўлення кадраў БДУ Вераніка Дабравольская. – Ідэя гэтага практыкума з’явілася дзякуючы  начальніку нашага ўпраўлення Наталлі Няпеўнай, якая заўсёды глядзіць наперад і разумее, што выпускнікам трэба дапамагаць, у тым ліку паказваць, як выбудоў­ваць свае адносіны з будучымі  працадаўцамі, з кампаніямі.

Практыкум складаецца з лекцыйных і практычных заняткаў, якія праводзіць запрошаны выкладчык Сяргей Бакулін, кіраўнік праекта kandidat.by, спецыяліст у галіне падбору персаналу. Ён дзеліцца з удзельнікамі актуальнай інфармацыяй пра рынак працы, распавядае пра каналы пошуку вакансій і нюансы таго, як скласці рэзюмэ, калі няма досведу працы:

– Працадаўца не заўсёды шукае чалавека з досведам, часта ён у пошуку супрацоўніка, які блізкі яму па духу, падыходзіць па нейкіх асабістых якасцях і гатовы працаваць над нейкай ідэяй ці праектам. Гэтым крытэрыям можа адпавя­даць і студэнт, таму я раю выпускнікам адгукацца на вакансіі, нават калі няма адпаведнага досведу працы, бо нават у гэтым выпадку можна паказаць сябе, – тлумачыць спецыяліст. – На працягу вучобы ва ўніверсітэце студэнты выконваюць шэраг праектаў, прычым досыць паспяхова, у іх ёсць нейкія напрацоўкі, якія самі студэнты не заўсёды ўспрымаюць як дасягненне, але насамрэч яны могуць быць вельмі важныя для працадаўцы, галоўнае – пісьменна падаць гэту інфармацыю. Студэнтам, у якіх сапраўды ўжо ёсць не­каторыя веды і кампетэнцыі, трэба вучыцца пахваліць сябе ў па­трэбны момант, падкрэсліць свае перавагі.

Пасля тэорыі студэнтам прапануюць перайсці да самай важнай часткі заняткаў – практыкі. Бо можна актыўна высылаць кампаніям рэзюмэ і нават атрымліваць запрашэнні на сумоўі, але ўсё адно чуць фразу «мы вам ператэлефануем».

– Часцей за ўсё адмовы быва­юць таму, што чалавек не ведае пэўных правілаў паводзін на сумоўі, не ўмее выгадна сябе прадставіць або не разумее, што іс­ну­юць вакансіі з нізкім парогам па­трабаванняў, таму на іх адгукаец­ца вельмі вялікая колькасць лю­дзей,  і тут трэба ўмець вылучыцца на  фоне іншых, – кажа Сяргей Бакулін.

На рэальных сумоўях, як правіла, ніхто не будзе тлумачыць прычыну адмовы і тым больш – разбіраць вашы памылкі. Таму, каб не набіваць гузоў раней часу, удзель­нікам прапануюць падрых­тавацца: да практычных заняткаў, напрык­лад, яны знаходзяць цікавыя для іх вакансіі і складаюць пад іх рэзюмэ, а наколькі яны адпавядаюць адзін аднаму, правярае выкладчык і паказвае на месцы, што патрабуюць карэкціроўкі.

Своеасаблівым іспытам для тых, хто засвоіў курс, з’яўляецца speed-meeting: HR-спецыяліст таго сегмента рынку працы, які адпавядае спецыяльнасці ўдзельнікаў, студэнт у якасці кандыдата, і пяць хвілін  на самапрэзентацыю – умовы мак­сімальна набліжаныя да рэальных. Унікальнасць такіх сумоўяў у тым, што ў выніку інтэрв’ю студэнт абавязкова атрымае зваротную сувязь ад спецыяліста. Даведацца, як гэта працуе, мы адправіліся на speed-meeting да студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Да іх, дарэчы, прыйшлі два рэкрутара – выдатная магчымасць пераканацца, што ў кожнага спецыяліста свае падыходы да правя­дзення інтэрв’ю, якія могуць залежаць нават ад карпаратыўнай  культуры кампаніі. З аўдыторыі пасля сумоўя з адным з рэкрутараў выходзіць студэнт 4 курса ФРКТ Аляксандр Міско:

– Сумоўе прайшло даволі прадуктыўна. Мне паказалі моманты ў рэзюмэ, якія трэба дапрацаваць, далі рэкамендацыі, у якіх напрамках я магу атрымаць дадатковыя веды, каб вырасці як спецыяліст, параілі падняць свой узровень     англійскай мовы. Мы з рэкрутарам абмяняліся кантактамі і дамовіліся, што праз чатыры месяцы ён даведаецца пра мае вынікі, – дзеліцца малады чалавек і займае чаргу на сумоўе да другога спецыяліста. У Аляксандра ёсць час, каб праана­лізаваць досвед папярэдняга інтэрв’ю і падкарэкціраваць сваю прэзентацыю. Вынік уражлівы – спрабуючы прайсці сумоўе ў другі раз, ён робіць уражанне на рэкрутара, і той гатовы разгледзець яго як кандыдата на пазіцыю Junior у кампанію:

– У выпадку з Аляксандрам у  мяне было адчуванне паўнавар­таснага сумоўя, таму што чалавек прыйшоў падрыхтаваны ва ўсіх адносінах. Мне вельмі спадабалася, як было структуравана рэзюмэ, яго было камфортна праглядаць падчас сумоўя, што важна, калі ўлічваць, што азнаёміцца з інфармацыяй загадзя не было магчымасці. Яшчэ малады чалавек адразу ж абмаляваў свае моцныя і слабыя бакі, выказаў жаданне, як ён, уласна, хоча развівацца і якія ў яго для гэта ўжо ёсць навыкі, а таксама здольнасці, што ён ужо вывучыў і ўмее, – каментуе Ірына Аніскевіч, спецыяліст па падборы персаналу кампаніі «ТПК-Софт». – Насамрэч,  я прыемна ўражана, таму што студэнты прыйшлі на сумоўе вель-мі падрыхтаваныя, упэўненыя, яны рознабакова развітыя, многія з іх разумеюць, куды хочуць рухацца, з чым хочуць працаваць, і ўжо маюць адпаведныя навыкі. Праўда, некаторыя дапускалі памылкі падчас інтэрв’ю, напэўна, блытала хваляванне: забывалі прадстаўляцца і адразу пачыналі казаць пра сябе, прыносілі з сабой рэзюмэ, але забывалі аддаць яго. Яшчэ адзначу такі момант, што не ўсе выпуск­-нікі вызначыліся, на якую менавіта вакансію яны прэтэндуюць. Калі спрабуеш канкрэтызаваць, адказваюць, што ім і тое цікава, і гэта, чакаюць, калі ім штосьці прапану­юць. На рэальным сумоўі такія рэчы ці наўрад ці спрацуюць, таму трэба выразна разумець, што ты шукаеш, чаго хочаш, што можаш для гэтага зрабіць і што можаш   даць кампаніі.

Практыкум ужо прайшлі сту­дэнты ФФСН, ФРКТ, эканамічнага і біялагічнага факультэтаў. І калі  пакуль не ўсе з іх атрымалі пра­пановы ад працадаўцаў, то ўсе са­праўды ведаюць, з чаго пачынаць пошук працы і пабудову сваёй кар’еры. Неўзабаве заняткі па працаўладкаванні распачнуць сту­дэнты гістарычнага факультэта і ФСК. Інфармацыю пра правядзенне практыкума на іншых факультэ-тах можна даведацца ў дэканатах.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: