5 красавіка ў Ліцэі БДУ абралі найлепшую пару студэнцкага гарадка. Пра тое, як рыхтаваліся ўдзельнікі, і як былі прыдуманы самыя вар’яцкія строі, распавядзе вам газета “Універсітэт”.
Конкурс “Зорная пара” не праводзіўся ўжо два гады, таму ўсім не цярпелася абраць найлепшую пару студэнцкага гарадка. Маладыя людзі пачалі рыхтавацца да шоу ўжо ў лютым. Канкурсанты праходзілі анкетаванне, пабывалі на трэнінгу ад Псіхалагічнай службы БДУ, вучыліся дэфіляваць і рыхтавалі творчыя нумары. Амаль 2 месяцы пары разам з куратарамі і групамі падтрымкі днямі і начамі прадумвалі вобразы для фотасесій і дэфіле, шукалі ў суседзяў рэквізіт, сшывалі і склейвалі мноства дэталяў для вобразаў.
Удзельнікі прынялі ўдзел у фотасесіі, тэмай якой стаў кінематограф. Кожнай з пар трэба было стварыць вобраз герояў аднаго з жанраў кіно. Канкурсанты пераўвасабляліся ў акцёраў Балівуда, у герояў фільма “Гарачыя танцы”, у небяспечных разбойнікаў з вестэрна, у чароўных Артура Мілера і Мэрылін Манро, у жудасных персанажаў з фільма “ЯНО”, у забаўных Сямёна Гарбункова і яго жонку Надзю з камедыі “Брыльянтавая рука”, высакародных Канстанцыю і д’Артаньяна, у мілых герояў м’юзікла. Больш за ўсіх здзівіла пара з інтэрната № 11, якія пераўвасобіліся ў Джэйка і Нэйціры з фільма “Аватар”, для гэтага ім прыйшлося некалькі гадзін наносіць на сябе сінюю фарбу.
Грамадская інфармацыйная служба знаёміла студэнтаў з удзельнікамі на старонцы конкурсу “Укантакце” і вяла відэадзённік мерапрыемства. Усе ахвотнікі маглі даведацца, як рыхтуюцца студэнты. Кожная пара дала інтэрв’ю карэспандэнтам ГІС і распавяла, што яны даведаліся адзін пра аднаго і пра сябе падчас падрыхтоўкі да конкурсу. Таксама ўсе інтэрнаты запусцілі флэшмоб у падтрымку сваіх пар. Студэнты знялі і змантавалі відэа. Ва ўсіх яны атрымаліся розныя: вясёлыя і смешныя, лірычныя і рамантычныя. На старонцы мерапрыемства “Укантакце” было запушчана анлайн-галасаванне. Больш за 10 тысяч чалавек аддалі свой голас за ўпадабаную імі пару. Пераможцаў намінацыі абвясцілі на конкурсе.
Нарэшце, надышоў дзень шоу, якога так баяліся і чакалі ўдзельнікі і іх сябры. У Ліцэі БДУ ўжо за некалькі гадзін да пачатку конкурсу было шумна і шматлюдна. Пары прыхарошваліся, пераапраналіся і спрабавалі хоць бы ўяўна паўтарыць творчы нумар. Раз-пораз былі чутныя ўказанні, куды пераставіць святло і дзе павінен быць рэквізіт. Вакол дзяўчат заўсёды былі сяброўкі, гатовыя ў любы момант у чатыры рукі перарабіць прычоску, расправіць сукенку, дапамагчы візажыстам і, калі спатрэбіцца, дастаць з неба зорку. Хлопцы, як правіла, перажывалі сваё хваляванне ў адзіноце. Падтрымаць многіх удзельнікаў з розных гарадоў з’ехаліся бацькі.