Майстэрства ў простым. Студэнты БДУ распавялі пра навуку “на пальцах”

27 Apr, 2018.

12 красавіка ў сценах геаграфічнага факультэта БДУ прайшла фінальная канферэнцыя і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу навукова-даследчых работ «Навука на пальцах». ССЯА БДУ даў магчымасць студэнтам з усіх факультэтаў прадставіць працы ў абсалютна розных напрамках.

«Навука на пальцах» – гэта незвычайная студэнцкая канферэнцыя, дзе кожны можа выступіць перад аўдыторыяй аднадумцаў са сваёй навуковай працай або даведацца нешта новае.

– Праект з’явіўся ў 2014 годзе. Ініцыятарамі сталі студэнты, якія былі зацікаўлены ў стварэнні но­вага фармату канферэнцыі. Асаблі­васць дадзенай канферэнцыі – прастата і зразумеласць выкладу, магчымасць прадстаўлення абсалютна розных тэм, у адрозненне ад звычайнай навуковай канферэнцыі са складанымі тэрмінамі. У нашым праекце больш робіцца ўпор на харызму выступоўца і падачу матэрыялу, – падзялілася са мной Таццяна Жлутко, старшыня ССЯА эканамічнага факультэта і па сумяшчальніцтве кіраўнік праекта «Навука на пальцах».

У гэтым годзе фіналістамі конкурсу сталі восем студэнтаў, аднак некаторыя прадставілі адразу некалькі прац.

Марыя Краўчанка, студэнтка юрыдычнага каледжа, выступіла з дзвюма працамі: «Дзе ёсць натарыус, няма месца канфлікту», «Ілжывыя сябры перакладчыка».

– Сама канферэнцыя прайшла вельмі цудоўна. Напэўна, ні адна канферэнцыя ў маім жыцці не праходзіла ў такой утульнай, хатняй атмасферы. Я нават не заўважыла, як праляцеў час. Асноўная ідэя канферэнцыі, без сумненняў, знайшла адлюстраванне ў рэчаіснасці. Я атрымала велізарную колькасць новай інфармацыі. Закраналіся такія тэмы, якія наўрад ці можна абмеркаваць на пары і даведацца ў такіх падрабязнасцях. Гэта тое, што сапраўды актуальна і захапляльна. Дзякуй вялікае арганізатарам і ўсім, хто дапамагаў у стварэнні гэтага праекта! – падзялілася ўражаннямі ўдзельніца.

Дзяўчына выступае ўжо другі год. Таму прадставіць адразу дзве працы не было складана:

– У каледжы вучаць пераклю­чацца як з аднаго прадмета на іншы, так і з адной галіны права на іншую. Гэты навык, несумненна, дапамог сабраць усе думкі і добра выступіць.

Цікавасць вучняў да канферэнцыі з кожным годам толькі ўзрас­тае. Удзельнікі і пераможцы папя­рэдніх гадоў працягваюць супрацоўнічаць, дапамагаць у арганізацыі праекта. Госцем і ўдзельнікам ўзнагароджання гэтага года стала Сабіна Цярэшка, пераможца «Навукі на пальцах–2017»:

– Можна сказаць, што я палюбіла гэты праект з першага погляду. Таму мне вельмі радасна зноў апынуцца ў гэтай атмасферы.

Пераможца вызначаюць па чатырох крытэрыях: аратарскае майстэрства, прастата выкладу, захаванне рэгламенту (10 хвілін), насычанасць і валоданне матэрыялам.

З усімі параметрамі бліскуча справіўся студэнт 2 курса эканамічнага факультэта Арцём Латышаў, які стаў пераможцам конкурсу навукова-даследчых работ «Навука на пальцах–2018».

Малады чалавек прадставіў увазе аўдыторыі незвычайную працу пад назвай «Гульніфікацыя», якая па сумяшчальніцтве з’яўля­ецца тэмай курсавой працы.

– Да канца не думаў, што выйграю, бо ўсе прадставілі сапраўды добрыя даклады і цікавую падачу, дзе я здолеў запазычыць для сябе шмат новага. У аўдыторыі было атмасферна і душэўна, а менавіта на такой публіцы прыемна выступаць, адчуваючы зацікаўленасць. Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў падобнага роду канферэнцыях, і, на самай справе, гэта выдатны фармат, дзе спікеры могуць расказаць пра тыя тэмы, якія іх кранаюць і цікавяць, а студэнты адразу ж могуць задаць пытанні. Будучым удзельнікам хачу параіць браць тэмы, якія іх сапраўды хвалююць і  бударажаць. А таксама самае галоўнае – быць душэўным, адкры­тым і цікавым для публікі.

Арцём плануе далей развіваць тэму гульніфікацыі і ўжо цяпер ра­зам са сваімі калегамі знаходзіцца на стадыі распрацоўкі мабільнага прыкладання для ўніверсітэта, з якім прыме ўдзел у моладзевым праекце БДУ.

Прызёрамі конкурсу сталі Эльжбета Скшыдлеўска, сту­дэн­тка 4 курса юрыдычнага факуль­тэта, якая прадэманстравала працу «Псіхалогія вобыску» і Дар’я Карэтка, магістрантка гістарыч­нага факультэта, з працай «Гіста­рычная рэканструкцыя як форма аховы гісторыка-культурнай спадчыны на прыкладзе рэканструкцыі вайны 1812 года».

Сапраўды, мы павінны зразу­мець, наколькі навука патрэбная ў жыцці, а менавіта такая студэн­цкая канферэнцыя, дзе пануе міждысцыплінарны падыход і кож­ны з прастатой і лёгкасцю распавядае пра сваю тэму, жадаючы данесці  яе да слухачоў з іншых факуль­тэтаў.

 – Праект «Навука на пальцах» быў для мяне першым вопытам  як для старшыні ССЯА БДУ, але скажу: тое, што мы планавалі, атрымалася на добрым узроўні. І хацеў бы падзякаваць усім тым, хто прымаў удзел і дапамагаў нам, – падзяліўся Артур Кандраценка, старшыня ССЯА БДУ, арганізатар   і член журы конкурсу. – Прыходзьце, калі вы сапраўды хочаце нешта даведацца, каму цікава, што адбываецца ў навукова-даследчай сферы не толькі ў межах БДУ, але  і ў Беларусі, у свеце ўвогуле. Дзякуючы канферэнцыі «Навука на  пальцах» вы пашырыце свой далягляд і зробіце важны першы крок да беларускай навукі.

Ірына ЛУКАШЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: