Ужо па традыцыі напярэдадні Міжнароднага дня тэатра ў Беларускім дзяржаўным універсітэце праходзіць фэст-праект “Тэатральны тыдзень у БДУ”. Убачыць найлепшыя пастаноўкі студэнцкіх тэатраў ВНУ можна было з 21 па 27 сакавіка. Арганізатарам “Тэатральнага тыдня” стала ўпраўленне па справах культуры БДУ.
У знак удзячнасці ўсім, хто стварае і любіць гэта шматграннае мастацтва, 27 сакавіка святкуецца Міжнародны дзень тэатра. У сувязі з гэтым для папулярызацыі тэатральнай творчасці сярод універсітэцкай моладзі праводзіцца “Тэатральны тыдзень у БДУ”. Праграма складалася з рэпертуараў двух студэнцкіх тэатраў: “На балконе” і “На філфаку”. Уваход на ўсе пастаноўкі быў вольны.
Адкрываў тэатральную эстафету народны студэнцкі музычна-драматычны тэатр-студыя “На філфаку” прэм’ерай “8 кахаючых жанчын” па матывах п’есы французскага пісьменніка Роберта Тома. Прэм’ерны паказ гэтай камедыі-дэтэктыва прайшоў раней, 2 сакавіка ў сценах актавай залы на вул. К. Маркса. Гледачоў сабрала гісторыя, якая адбылася ў Францыі 1950-х. Восем жанчын рыхтуюцца адзначаць Каляды, аднак свята азмрочвае забойства гаспадара дома. Пад падазрэннем знаходзіцца кожная.
Як распавядае мастацкі кіраўнік студыі “На філфаку” Кацярына Тананайка, паставіць спектакль, дзе ўсе ролі былі б жаночымі, задумвалі даўно. Разглядаючы варыянты для новай пастаноўкі, успомнілі пра аднайменны французскі фільм. Калі зацвердзілі гэту ідэю, правялі кастынг, падабралі актрыс, адрэпеціравалі сцэны. Думаем, гледачам было цікава паглядзець на тое, як жанчыны, крывадушнічаючы і плетучы інтрыгі, могуць давесці каго заўгодна.
– Лічу, любіць тэатр можна абсалютна за ўсё, – дзеліцца Кацярына Тананайка. – Тут разам зліваюцца танец, музыка, вакал, літаратура – усё на адной сцэне. Гледачам варта прыходзіць у тэатр для таго, каб расслабіцца, атрымаць уражанні, з задавальненнем правесці вольны час. Вялікая карысць тэатра для студэнтаў-акцёраў, якія ходзяць займацца ў студыю. Гэта штуршок для развіцця: майстар-класы па пастаноўцы маўлення, харэаграфіі робяць маладых людзей лепшымі. Тут яны могуць пашырыць далягляд, прымерыць на сябе іншую ролю.
Акцёры народнага студэнцкага тэатра “На балконе” прадставілі дзве пастаноўкі. Прэм’еру “Шкляны звярынец” па матывах п’есы амерыканскага драматурга Тэнэсі Уільямса ўпершыню акцёры паказалі гледачам яшчэ 20 студзеня. Тут героі мараць пра сваё шчасце, дзе не будзе адзіноты. Перад імі стаіць складаны выбар: паддацца сваім жаданнямі ці адмовіцца ад іх дзеля блізкіх людзей. Якія наступствы прынясе рашэнне гэтай дылемы?
Рэжысёр пастаноўкі і акцёр – Ягор Наймарк.
– Тэатр можна або любіць, або не. У маім выпадку любоў да тэатра – гэта калі ты не бачыш свайго існавання без яго, – лічыць мастацкі кіраўнік тэатра “На балконе” Дзмітрый Цішко. – Што можа даць тэатр? Што заўгодна. Галоўнае – мэта твайго прыходу. Гледачы ідуць сюды, каб адпачыць, атрымаць эмоцыі, падумаць, хтосьці проста выпадкова забег. Студэнты-акцёры ж могуць рэалізоўваць свае творчыя жаданні і запатрабаванні, навучыцца быць раскаваным, не баяцца публічнасці. Мне здаецца, гэта важна для студэнтаў, будучых прафесіяналаў сваёй справы. Аднак я думаю, што і ў гледачоў, і ў акцёраў ёсць нешта агульнае – гэта любоў да тэатра і імкненне да светлага і добрага.
У планах тэатр – пастаноўка спектакля “Дарагая Алена Сяргееўна”, прэм’ера якога чакаецца ў пачатку лета.
Таксама “На балконе” 26 сакавіка прадставілі спектакль “Цудоўнае перасяленне. Вырадкі” па п’есе Мікалая Рудкоўскага. У цэнтры спектакля – трагедыя жанчыны, мужчыны, народа. З розных куткоў свету героі распавядаюць сваю гісторыю. Глядач для сябе мог адзначыць, што перажыванні і праблемы персанажаў ва ўсе часы актуальныя.
Закрывалі “Тэатральны тыдзень” акцёры “На філфаку” 27 сакавіка спектаклем “Кентэрвільскі прывід” па творы Оскара Уальда. Гэта пастаноўка ўжо каля 5 гадоў знаходзіцца ў рэпертуары “На філфаку”, паказвалі яе ў гэты раз ужо абноўленым складам. Вядомы сюжэт распавядае пра лёс прывіда сэра Сімона дэ Кентэрвіля, які забіў сваю жонку. Праз многія гады ў замак прыехалі новыя жыхары. Ці атрымаецца ў іх разгадаць загадку паскудлівай здані?
“Тэатральны тыдзень БДУ”, прымеркаваны да прафесійнага свята, наводзіць на думкі пра важнае: тэатр – скарбніца пачуццяў і эмоцый, а перадаюць гэта багацце выдатныя ўніверсітэцкія каманды, дзе не баяцца пераўвасабляцца ў любых персанажаў і пражываць чужыя драмы. Аднак адзначым, што праводзіць вольны час у тэатры можна не толькі ў вылучаныя “тыдні”, але і часцей. Сачыце за афішай.
Алена ЛЯЎШЭНЯ