Механіка-матэматычны факультэт БДУ і аддзел адукацыі спорту і турызму Мінскага райвыканкама рэалізуюць сумесны адукацыйны праект «Дыстанцыйная падтрымка школьнага курса матэматыкі як рэсурс павышэння якасці матэматычнай адукацыі навучэнцаў».
На працягу года даведацца, як вырашаць задачы ў віртуальнай прасторы, змаглі вучні 7–11 класаў з 22 школ Мінскага раёна.
– Наша дыстанцыйная школа накіравана на тое, каб павялічыць якасць матэматычнай адукацыі ў краіне. Школьныя падручнікі, на жаль, пішуцца не так часта, а іх змест не заўсёды зразумелы вучням. Нашы ж навучальныя матэрыялы, якія мы распрацоўваем у дадатак да школьнага курса, носяць інавацыйны характар. Гэты курс матывуе развівацца, павышае ўзровень ведаў, – адзначае куратар праекта, начальнік аддзела вэб-праектаў і стратэгічных камунікацый медыяцэнтра БДУ Юрый Пазняк. – Акрамя таго, падобнае ўкараненне ў адукацыйны працэс дыстанцыйных тэхналогій дазваляе вучню самастойна прапрацаваць матэрыял і нагнаць прапушчанае, калі ён з нейкіх прычын прапусціў заняткі ў школе. Тэарэтычныя матэрыялы ў курсах нашага праекта цалкам пакрываюць школьную праграму, а замацаваць веды можна, прарашаўшы задачы, да якіх прапануецца падрабязнае тлумачэнне.
Праект уражвае маштабнасцю: у распрацоўцы рэсурсу прынялі ўдзел каля 400 чалавек. У ролі стваральнікаў-метадыстаў выступілі выкладчыкі мехмата Таццяна Рабцэвіч і Таццяна Пятрушына, якія збіралі і кампілявалі навучальны матэрыял; кансультаваў на ўсіх этапах распрацоўкі і рэдагаваў матэрыял прафесар доктар фізіка-матэматычных навук Уладзімір Амелькін. Працуе школа і дзякуючы студэнтам мехмата: яны адмініструюць праект. Свой унёсак у развіццё рэсурсу зрабілі школьныя настаўнікі, якія, перш чым адправіць на яго займацца вучняў, самі вырашалі заданні, знаёміліся з матэрыялам і давалі распрацоўшчыкам каштоўныя рэкамендацыі па выпраўленні памылак і паляпшэнні курсаў.
– Нам вельмі важнае меркаванне настаўнікаў, якія непасрэд-на працуюць са школьнікамі, таму што адна справа пры распрацоўцы навучальных матэрыялаў уяўляць нейкага тэарэтычнага вучня, і зусім іншая – атрымліваць зваротную сувязь ад педагогаў-практыкаў, як вучань успрымае і разумее гэты матэрыял, – падкрэслівае старшы выкладчык кафедры агульнай матэматыкі і інфарматыкі мехмата Таццяна Рабцэвіч.
Дыстанцыйная школа, як дзеляцца настаўнікі, дапамагае развіваць здольнасці адораных навучэнцаў, якім яны не заўсёды могуць надаць належную ўвагу на ўроку ў класе, дзе не ўсе паспяхова засвойваюць праграму, а ў працы з астатнімі – дапамагае, дзякуючы тэхналогіям, зацікавіць матэматыкай.
– Вялікую цікавасць у вучняў выклікае добрая візуалізацыя геаметрычнага матэрыялу, з якім можна пагуляць. Бо інтэрактыўныя малюнкі можна, як той казаў, «пакруціць», напрыклад, раскласці вугал, павялічыць яго ці паменшыць, – дзеліцца ўражаннямі настаўнік матэматыкі ДУА «Міханавіцкая сярэдняя школа» Людміла Рэц.
У планах у распрацоўшчыкаў дыстанцыйнай школы ўводзіць і іншыя элементы гейміфікацыі, здольныя ўцягнуць школьнікаў у навучальны працэс, – тэсты, крыжаванкі, рэйтынгавая шкала. А ў новым навучальным годзе паглыбляць свае веды ў матэматыцы з дапамогай віртуальных тэхналогій зможа яшчэ больш вучняў – на рэсурсе з’явяцца курсы для 5 і 6 класаў.
Валерыя БАНДАРЧЫК