Студэнцкі хакатон GenZ. Як стварыць “стартап для стартапаў”?

9 Apr, 2018.

Другакурсніца ІБМТ БДУ Ганна Мастыкіна стварыла праект для дапамогі стартапам і арганізавала студэнцкі хакатон GenZ. Газета “Універсітэт” сустрэлася з Ганнай і даведалася пра ідэю і мэты праекта.

–Як прыйшла ідэя стварэння Startupteam?

–Улетку 2017 года мне не сядзелася на месцы і я вырашыла падаць заяўку на стажыроўку ў кампанію Google. Але я не прайшла, таму што кампаніі патрэбныя мэтанакіраваныя людзі, якія ўжо чагосьці дамагліся. Гэта стала для мяне штуршком, і я задумалася, што ж карыснага я магу зрабіць. Мяне заўсёды цікавіла тэма стартапаў і прыцягвала атмасфера, якая пануе ў камандах, калі яны працуюць над прадуктам. Але ў новых праектаў часцяком узнікаюць пытанні, як сабраць каманду, як далей дзейнічаць, адкуль узяць ментараў. І мне прыйшла ідэя стварыць “стартап для стартапаў”.

–Хто яшчэ ўдзельнічае ў праекце Startupteam?

–Марыя Макарава (2 курс ІБМТ) і Ганна Алашэева (4 курс, ФМА). Яны займаюцца інтэрнэт-маркетынгам і SMM.

–Якія задачы вы ставіце перад сабой?

–Мы хочам аб’ядноўваць студэнтаў з розных ВНУ, дапамагаючы ім атрымліваць неацэнны досвед у галіне інавацыйнага прадпрымальніцтва і развіваць прадпрымальніцкую экасістэму сярод студэнтаў. У нашых планах правядзенне хакатонаў, кейс-чэмпіянатаў і эканамічных гульняў.

–Як вы пачалі рэалізоўваць Startupteam?

–Ва ўніверсітэце мы даведаліся, што ёсць нацыянальны інтэрактыўны конкурс праектаў “Паскарэнне” ад кампаніі “Талака”, і вырашылі паўдзельнічаць. Конкурс доўжыўся каля 3 месяцаў, на ім былі розныя заданні, выконваючы якія, мы публікавалі вынікі на сайце. Задачы былі розныя, напрыклад, распрацаваць структуру праекта, вызначыць удзельнікаў і распрацаваць метадалогію працы. Мы дайшлі да фіналу і перамаглі ў спецнамінацыі кампаніі “Гуртам” “Праект будучыні”. Мы былі вельмі рады, бо атрымалі партнёра, які зацікаўлены ў супрацоўніцтве з намі.

–Які праект ваша каманда арганізавала першым?

–Мы арганізавалі хакатон для студэнтаў GenZ. Хакатон – гэта конкурс сярод стартапаў, падчас якога ўдзельнікі збіраюць каманды і рэалізоўваюць свае ідэі. З імі працуюць ментары, якія даюць парады і дапамагаюць выбудаваць працэс. І ў канцы хакатону каманды прадстаўлялі праекты суддзям, якія абралі пераможцаў. Мы рабілі гэты хакатон для студэнтаў і разумелі, што гатовых праектаў на стадыі распрацоўкі практычна няма. Мы арыентаваліся на тое, што ўдзельнікі могуць не разумець, як рэалізоўваць сваю ідэю. Таму мы вырашылі падзяліць хакатон на 2 этапы, першы – падрыхтоўчы перыяд, падчас якога мы гутарылі з маладымі людзьмі, дапамагалі ім знаходзіць удзельнікаў каманды, а таксама з лекцыямі выступалі ментары. Гэтыя тры тыдні праекты распрацоўваліся, і ўдзельнікі пераходзілі на наступны этап, ужо маючы ўяўленне, чым яны будуць займацца на хакатоне. Вядома, на гэтым этапе шматлікія праекты адсеяліся.

–Колькі каманд бралі ўдзел у GenZ? Якія ВНУ яны прадстаўлялі?

–У хакатоне маглі браць удзел усе ВНУ. І нягледзячы на тое, што мы рабілі акцэнт на тым, што гэта мерапрыемства для студэнтаў, але былі і выпускнікі, якія вельмі хацелі паўдзельнічаць, і мы не змаглі ім адмовіць. Большасць праектаў былі з БДУІР, але і БДУ актыўна браў удзел. Усяго нам падалі заяўкі 23 каманды, але ў другі этап прайшло толькі 11. Хтосьці не вытрымаў канкурэнцыі, камусьці не хапіла часу і матывацыі працаваць за ідэю. Некаторыя каманды падчас працы разумелі, што яны не паспяваюць скончыць свой праект, хацелі яго дапрацаваць і казалі: “Мы прыйдзем да вас на наступны хакатон, абавязкова нам паведамце”. А перад журы свае праекты прадставілі 5 каманд.

–Распавядзіце пра праекты, над якімі працавалі каманды падчас хакатону.

–Праекты былі вельмі рознымі. Нягледзячы на тое, што мы пазіцыянавалі сябе менавіта як IT-хакатон, у нас было шмат заявак на сацыяльныя праекты. Яны не ставілі перад сабой мэтай заробак. Напрыклад, быў праект, які прапагандуе і заахвочвае паасобны збор смецця. Мы не забаранялі такім праектам удзельнічаць, але ў працэсе станавілася зразумела, што гэты хакатон не зусім тая пляцоўка, на якой можна рэалізаваць гэту ідэю. Была таксама цікавая ідэя HomeWind – гэта вятрак новага тыпу, які можна ўсталёўваць на дахах жылых дамоў і на аб’ектах інфраструктуры, якія стаяць асобна. Дадзеная ветраная ўстаноўка з’яўляецца ўнікальнай распрацоўкай. Таксама цікавым і незвычайным мне здаўся праект CleverCafé. Ідэя праекта заключаецца ў стварэнні платформы, на базе якой будзе магчыма стварэнне кафэ фармату “сам сабе афіцыянт”. Зрабіць замову ў такіх кафэ магчыма будзе загадзя з дапамогай мабільнага прыкладання або з дапамогай электроннага тэрмінала ўжо ў самым кафэ. Столік таксама можна будзе забраніраваць online загадзя. Замову кліент зможа забраць са спецыяльна абсталяванай ячэйкі, папярэдне аплаціўшы яго.

–Хто ўвайшоў у склад журы?

–Удзельнікамі журы выступілі Кірыл Валошын – прадпрымальнік, спонсар, сузаснавальнік tut.by, hoster.by, CaféNetto і іншых кампаній, Аляксандр Шляеў – дарадчык і co-founder сэрвісу www.tap2pay.me і іншых праектаў, Раман Голад – бізнес-анёл, прадстаўнік фонду Excybe, Максім Палевіч – бізнес-аналітык стартап-акселератара Insightby TDI.

–Якія заўвагі атрымлівалі ўдзельнікі часцей за ўсё?

–Яны не заўсёды разумелі і маглі растлумачыць, у чым заключаецца іх унікальная прапанова і чым яны адрозніваюцца ад канкурэнтаў. А таксама негатыўна адбівалася адсутнасць цэласнай каманды. Была каманда, якая была добра сфарміравана, яны працавалі разам дзень і ноч, у іх гарэлі вочы, таму на іх звярнулі ўвагу спонсары і яны занялі першае месца. Часцяком фонды інвестуюць не ў ідэю, а ў каманду, таму ў адзіночкі наўрад ці штосьці атрымаецца.

–Ці было складана прыцягнуць да ўдзелу членаў журы, ментараў і зацікавіць ПВТ?

–Самае цікавае, што ва ўсім хакатоне складаным было прыцягнуць і матываваць удзельнікаў. Што да ментараў і членаў журы, праблем не было наогул, яны самі зацікаўлены ў пошуку цікавых стартапаў.

–Якія праекты сталі пераможцамі ў GenZ?

–1 месца – applithium. B2B сэрвіс для аддаленай падмены рэсурсаў мабільных прыкладанняў. Дазваляе пазбавіцца ад неабходнасці пастаяннай перазаліўкі прыкладанняў з-за дробных даданняў ці карэкціровак. Аўдыторыяй прадукта з’яўляюцца productowners і маркетолагі кампаній малога і сярэдняга бізнесу.

2 месца – ALISA 2.0. Візуальны канструктар навыкаў для галасавога памочніка “Яндэкс.Аліса”. Платформа дазваляе не толькі будаваць дыялог у рэжыме “пытанне – адказ”, але і задаваць карыстальніку пытанні з боку Алісы і запамінаць адказы, каб персаналізаваць зносіны.

3 месца – Notificall. Сэрвіс для арганізацый, які дазваляе ажыццяўляць званкі з апавяшчэннямі. Сэрвіс дазваляе аўтаматызаваць працэс разавых ці сістэматычных званкоў кліентам/контрагентам, зводзячы ўсю працу да 1 супрацоўніка і гранічна мінімізуючы час, які супрацоўнік выдаткуе на гэта.

–Удзельнікі плануюць працягваць працу над сваімі ідэямі?

–Праект HomeWind зацікавіў спонсараў з ЗША, цяпер яны актыўна працуюць над стварэннем мадэлі ветрака. Пераможцы хакатону applithium таксама працуюць над сваім праектам, да завяршэння ім трэба яшчэ 3–4 месяцы.

–Якімі прызамі ўзнагародзілі пераможцаў?

–Пераможцы атрымалі сертыфікаты на праходжанне курсаў пры Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ

–Які ўдзел у хакатоне прыняў БДУ?

–Ва ўніверсітэце нам вельмі дапамаглі. Вылучылі на эканамфаку аўдыторыю для першага этапу, дзе праводзіліся сесіі з ментарамі. А таксама аказалі выдатную інфармацыйную падтрымку. Ва УВРМ нам раздрукавалі афішы, якія мы разляпілі па шматлікіх карпусах, таксама аб’ява пра хакатон былі размешчаны на сайце БДУ і на старонках універсітэта ў сацыяльных сетках.

–Якія высновы вы можаце зрабіць пра хакатон?

–Студэнты – гэта вельмі складаная аўдыторыя. Многія не гатовыя актыўна і доўгачасова працаваць над сваёй ідэяй. Аднак ёсць каманды, якія вельмі хочуць развівацца, днямі і начамі працуюць над гэтым. Менавіта для іх мы і стварылі Startupteam.

–Што чакае праект Startupteam далей?

–Мы рыхтуем яшчэ адзін хакатон, які павінен быць большы і маштабнейшы. Хутчэй за ўсё ён ужо будзе праходзіць без падрыхтоўчага этапу. А таксама мы распрацоўваем блокчэйн-платформу, на якой стартапы, праходзячы праз ключавыя кропкі праекта, зарабляюць грошы, знаходзяць каманду, ментараў і спонсараў. Адносіны стартапаў і спонсараў будуюцца праз смарт-кантракты.

Больш пра праект вы можаце даведацца ў групе “Укантакце”

Дар’я КОЎЗА

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: